Краўцэвіч - Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага

Краўцэвіч - Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага
Дзяржавы пад назвай Вялікае Княства Літоўскае (далей ВКЛ) не існуе ўжо больш двухсот гадоў. Але яна прысутнічае ў нашым штодзённым жыцці як з'ява: гістарычная, культурная і, нарэшце, псіхалагічная.
 
У межах ВКЛ нарадзіліся беларускі і летувіскі народы, Вялікае Княства адыграла важную ролю ў фармаванні народа ўкраінскага.
 
У кожным гістарычным горадзе на тэрыторыі Беларусі, Летувы, Украіны засталося шмат матэрыяльных напамінкаў аб той дзяржаве: ці то помнікі архітэктуры, ці атрыбуты матэрыяльнай культуры ў музеях або проста пад нагамі ў раскапанай камунікацыйнай траншэі.
 
Многія стэрэатыпы грамадскіх паводзін - так званы нацыянальны менталітэт - у цяперашніх нашчадкаў ВКЛ сягаюць карэннямі таксама туды, у больш чым пяцісотгадовую традыцыю арганізацыі жыцця федэратыўнай поліэтнічнай дзяржавы. Нечаканую актуальнасць спадчына ВКЛ набыла ў апошняе дзесяцігоддзе 20 ст., калі на пераломе 80-х і 90-х гадоў пачаўся распад імперыі, некалі паглынуўшай гэтую дзяржаву.
 
Атрымаўшыя незалежнасць спадкаемцы Вялікага Княства зноў пачалі аглядацца на свае вытокі.
 
 
Гэтая праца прысвечана пачаткам ВКЛ, самаму першаму перыяду існавання дзяржавы, калі яна нараджалася і змагалася за выжыванне. Адбывалася гэта ў сярэдзіне 13 - пачатку 14 ст. Але каб лепш зразумець і належным чынам ацаніць разгортванне працэсу дзяржаваўтварэння, неабходна было заглянуць далёка наперад яго пачатку.
 
Гэтаксама, каб ацаніць ход падзеі, патрэбна добра ведаць яе вынік. Таму шмат увагі прысвечана аналізу сітуацыі на месцы дзеі як напярэдадні, так і пасля заканчэння генезісу ВКЛ. Храналагічнай вехай завяршэння стварэння (не будовы) дзяржавы прапануецца прыняць 1316 г. - пачатак гаспадарання вялікага князя Гедыміна.
 
Менавіта ў часы Гедыміна (1316 - 1341 гг.) працэс стаў незваротным, канчаткова адпалі сумненні ў жыццястойкасці новага дзяржаўнага арганізма і распачаўся ягоны бурны рост у геаграфічнай і палітычнай прасторы сярэднявечнай Еўропы.
 

Краўцэвіч Аляксандр - Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага

 
Менск, Беларуская навука, 1998 г., 208 с.
ISBN: 985-08-0249-9
 

Краўцэвіч Аляксандр - Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага - Змест

 
УВОДЗІНЫ
1. ПРАВА НА СПАДЧЫНУ. Крыніцазнаўчы і гістарыяграфічны агляд
1.1. Крыніцы
  • 1.1.1. Пісьмовыя крыніцы
  • 1.1.2. Археалагічныя і іншыя крыніцы
1.2. Падзел спадчыны. Гістарыяграфічны агляд
  • 1.2.1. Канец 70-х гадоў 19-га - 10-я гады 20 ст.
  • 1.2.2. 20-я-30-я 20 ст.
  • 1.2.3. 40-я гады-канец 20 ст.
  • 1.2.4. Гістарыяграфія працэсу балта-славянскага ўзаемадзеяння і лакалізацыі Літвы
2. КАЛЫСКА ДЗЯРЖАВЫ. Эвалюцыя этнічнага вобліку Панямоння ў 2 тыс. н.э.
2.1. Што за народ? Балта-славянскія кантакты на Панямонні
  • 2.1.1. Эвалюцыя этнічнай мяжы
  • 2.1.2. Характар міжэтнічных узаемаадносінаў
2.2. Лакалізацыя сярэднявечнай Літвы
3. КРАІНА ЛЕСУ. Аб працэсе ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага
3.1. Пачаткі
  • 3.2. Выпрабаванне на трываласць
  • 3.2.1. Міндоўг і першы ўнутраны крызіс (1248-1270 гг.)
  • 3.2.2. Трайдэн і нараджэнне новай дынастыі (1269/70-1315)
ЗАКЛЮЧЭННЕ
ХРАНАЛОГІЯ ГАСПАДАРАННЯ ПЕРШЫХ ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
СПІС СКАРАЧЭННЯЎ
ДАДАТКІ
 

Краўцэвіч Аляксандр - Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага - Уводзіны

 
На сённяшні дзень навуковая праблема ўтварэння ВКЛ лічыцца прынцыпова вырашанай ва ўсіх краінах свету, за выключэннем Беларусі. Аб неабходнасці вяртання да яе вывучэння заявіў тут сваімі працамі ў канцы 80 - пачатку 90-х гадоў Мікола Ермаловіч. На аснове ўласнага аналізу даўно вядомых даследчыкам крыніц ён давёў магчымасць новых падыходаў да вырашэння гэтай праблемы. Мне такі падыход бачыцца найперш у даследаванні генезісу ВКЛ праз яго ўзаемасувязь з буйнейшай гістарычнай з'явай на тэрыторыі ядра дзяржавы (Верхняе і Сярэдняе Панямонне) - працэсам балта-славянскага міжэтнічнага ўзаемадзеяння.
 
Праблема балта-славянскіх кантактаў на землях Беларусі на першы погляд можа падацца далёкай ад тэмы генезісу ВКЛ. Аднак два працэсы, звязаныя з арганізацыяй жыццядзейнасці буйных чалавечых супольнасцей, у пэўны гістарычны момант супалі ў часе і прасторы, і адно гэта пераканаўча сведчыць аб іх узаемасувязі. Названы кантакт аказаўся самай значнай гістарычнай з'явай на Панямонні за апошнія паўтара тысячагоддзя. Адсюль вынікае непазбежнасць яго ўплыву на працэс стварэння і фармавання ВКЛ.
 
Не лішнім будзе з самага пачатку ўдакладніць значэнне некаторых важных для нашага даследавання тэрмінаў. Сёння для масавай свядомасці і нават навуковай літаратуры ўласціва атаясамленне сярэднявечнага і сучаснага значэнняў назваў літоўцы і Літва. Пры гэтым ігнаруецца тая акалічнасць, што сённяшняе этнічнае напаўненне названых тэрмінаў адбылося толькі ў пачатку 20 ст. Да гэтага часу літоўцамі, ці ліцвінамі называлі жыхароў гістарычнай Літвы, якая складалася як з усходнеславянскіх, так і балцкіх земляў, менавіта Гарадзеншчыны, Наваградчыны, Віленшчыны і заходняй часткі Міншчыны.
 
Каб пазбегнуць непатрэбнай блытаніны, у гэтай працы тэрмінамі літва, літоўцы абазначаецца сярэднявечны балцкі этнас, які пад такой назвай выступаў у тагачасных пісьмовых крыніцах. Ліцвіны - гістарычная назва жыхароў цэнтральнай вобласці ВКЛ, а таксама ўсіх насельнікаў дзяржавы незалежна ад іх этнічнага паходжання. Для абазначэння прадстаўнікоў сучаснага балцкага этнасу - паўночнага суседа беларусаў, ужываецца адпаведнік іх аўтаэтноніма (саманазвы) - летувісы. Назва беларусы таксама ўжытая ў яе цяперашнім разуменні. Сёння паўсюдна практыкуецца выкарыстанне гэтых паняццяў і ў гістарыяграфіі сярэднявечча.
 
Таму ў маім тэксце два вышэйназваныя тэрміны ўжываюцца ўсюды, дзе аўтар (ці іншыя аўтары) мае на ўвазе іх сучаснае напаўненне, у тым ліку калі гаворка ідзе пра сярэднявечча. Аб іншых важных адрозненнях, напрыклад, між тэрмінамі Літва і ўласна Літва (Літоўская зямля), Літва і Аўкштота , Русь і інш. гаворка пойдзе ў спецыяльным раздзеле.
 
 

Категории: 

Благодарю сайт за публикацию: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (3 votes)
Аватар пользователя esxatos