Раман Скірмунт

Раман Скірмунт
Рамана Скірмунта цяжка змясьціць у сёньняшнія нацыянальныя каноны. Ён быў і палякам, і беларусам, і гістарычным літвінам. Пасля паразы беларускага дзяржаўніцкага праекту і краёвасці, падтрымліваў польскую дзяржаўнасць, бо менавіта ў ёй бачыў галоўную сілу, здольную спыніць бальшавізм. Пры гэтым заставаўся краёўцам, «грамадзянінам Краю», межы якога звузіліся да межаў Палесся. Ён жыў ягонымі інтарэсамі і адстойваў адметнасьць Палесся перад уладамі з Варшавы.
 
Скірмунты — літоўскі род. Імя Skirmuntas/Skirmantas дагэтуль існуе ў Літве, хоць ня вельмі папулярнае. На беларускім Палессі Скірмунты зьявіліся на пачатку XVI стагодзьдзя. А вось у легендарнай гісторыі пачаткі роду ідуць ад рымскіх патрыцыяў.
 
Раман Скірмунт выхоўваўся ў польскай сям’і, але прызнаваўся, што да XVІІ стагодзьдзя ягоныя продкі размаўлялі па-беларуску. Ужо потым Скірмунты былі палянізаваныя.
Ён сваёй радзімай заўсёды лічыў гістарычную Літву і Палессе як яе частку.
 

Раман Скірмунт

 
Рамана Скірмунта забівалі двойчы. 7 кастрычніка 1939 г. колішні дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі (1906), кіраўнік Беларускага Нацыянальнага Камітэта (1917) і палітык Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), сябра Канстытуцыйнай камісіі Сената міжваеннай Польшчы (1930–1935) быў забіты мясцовымі «актывістамі савецкай улады» ва ўрочышчы «Корань» паблізу вёскі Парэчча на Піншчыне. Забойства было адным з наступстваў г. зв. «вызвалення Заходняй Беларусі ад польскіх паноў».

Пазней тыя гісторыкі, якія абслугоўвалі камуністычную ўладу, паспрабавалі забіць і памяць пра гэтага чалавека. Менавіта іх намаганнямі Раман Скірмунт у беларускай савецкай гістарыяграфіі ператварыўся ў сімвал «панскага прыгнёту» над беларускім народам.

Вяртанне з нябыту пачалося толькі ў 1990-я гг. У старым парку в. Парэчча з’явіўся памятны крыж, а беларускія гісторыкі, абапіраючыся на гістарычныя дакументы, паспрабавалі распавесці пра жыццё і дзейнасць палітыка і грамадскага дзеяча Рамана Скірмунта. Характэрнае для першых гадоў існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь імкненне пазбыцца згаданага савецкага «сімвалізму» і адрадзіць гісторыяпісанне як навуковую дысцыпліну стварыла шанс вяртання ў прастору памяці не толькі постаці Рамана Скірмунта, але і тысячы іншых асоб, выкрасленых з айчыннай гісторыі савецкімі цэнзарамі.
 
Лепш за ўсіх напісаў пра Рамана Скірмунта беларускі гісторык Аляксандр Смалянчук, прапануем чытачам урывак з яго кнігу (а саму кнігу можна свабодна спампаваць па спасылцы пад гэтым артыкулам).
 
 

Аляксандр Смалянчук - Раман Скірмунт (1868–1939) - жыццяпіс грамадзяніна Краю - Забойства ў Парэччы


Мая цікавасць да асобы Рамана Скірмунта першапачаткова была звязана з ягонай палітычнай дзейнасцю. Ва ўмовах дамінавання этнакультурнага нацыяналізму на землях былой Рэчы Паспалітай у пачатку ХХ ст. ён выступіў як адзін з ідэолагаў г. зв. краёвасці.
 
Краёвасць (краёвую ідэю) можна трактаваць як спробу пашырэння канцэпцыі палітычнага або грамадзянскага разумення нацыі.

Мэтаю краёўцаў было захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці гістарычнай Літвы, а таксама ўлагоджванне нацыянальных канфліктаў і сацыяльных супярэчнасцяў.

Дарэчы, імкненне ісці супраць «плыні» было адной з дамінуючых рысаў характару Рамана Скірмунта.

Вобраз палітыка і «краёўца» набыў зусім іншыя фарбы, калі ў 1999 г. я ўпершыню наведаў вёску Парэчча Пінскага раёна, дзе яшчэ ў міжваенны час знаходзіўся маёнтак Скірмунтаў. Мяне цікавілі абставіны ягонай трагічнай смерці. Ужо першыя размовы ў вёсцы паказалі, што Раман Скірмунт з’яўляецца надзвычай важным «месцам памяці» парэчан. Аповед пра «нашага Скірмунта» і «добрага пана» быў (і застаецца!) абавязковым сюжэтам вусных успамінаў старэйшых жыхароў Парэчча. Вось, напрыклад, як прыгадвала яго Соф’я Хвясюк, 1933 г. нар.: Такіх паныв як наш пан, то нігде такей душы, наверное, не було. Очэнь-очэнь буў добры. Сочувствовал каждому бідному, помогал бідным… Тады ж я пачуў, што «пана» забілі не нейкія там «актывісты», а «хуліганы і гулякы».
 
Ужо праз год у Парэччы, а таксама ў навакольных вёсках, у т. л. у Моладаве Іванаўскага раёна, дзе таксама быў маёнтак Скірмунтаў, пад маім кіраўніцтвам працавала першая экспедыцыя па вуснай гісторыі. Яе ўдзельнікамі былі на ву коўцы, мясцовыя краязнаўцы і студэнты з Гародні. Мэтаю быў збор вусных сведчанняў пра Рамана Скірмунта, пра штодзённае жыццё ў маёнтку і блізкіх вёсках у міжваенны час. Асаблівая ўвага надавалася абставінам гібелі Скірмунтаў у Парэччы і Моладаве.

Пра спецыфіку oral history гаворка наперадзе. Зараз адзначу толькі, што ў беларускай гістарыяграфіі і memory study вусная гісторыя з’яўляецца адносна новым накірункам. Яна грунтуецца на выкліканых даследчыкам падчас інтэрв’ю вусных успамінах, якія становяцца гістарычным дакументам і аб’ектам навуковай інтэрпрэтацыі. У беларускай сітуацыі, калі значныя масівы пісьмовых дакументаў не захаваліся, а да іншых доступ часткова абмежаваны або наогул забаронены, вусная гісторыя мае асаблівую каштоўнасць. Пры гэтым трэба разумець, што «факты» памяці рэспандэнтаў належаць не толькі мінуўшчыне, але і сучаснасці.

Зрэшты, суб’ектыўнасць уласцівая кожнай гістарычнай крыніцы, бо ўсе яны так ці інакш створаны чалавекам. Прычым іх аўтары звычайна не мелі магчымасці або не імкнуліся да аб’ектыўнага апісання падзеі ці асобы.
 
Даследаванні вуснай гісторыі 2000–2016 гг. у вёсках Парэчча, Моладава, Табулкі, Чамярын, Рудка, Ахова, Палтаранавічы, Кашавічы, Бакінічы, Юзэфіны, Церабень, Моталь, былое Альбрэхтова ды інш. Пінскага і Іванаўскага раёнаў Берасцейскай вобл. дазволілі аднавіць той вобраз трагічных падзей восені 1939 г. у палескіх маёнтках Скірмунтаў, які захавала памяць нашых рэспандэнтаў (суразмоўцаў). Імі былі пераважна вяскоўцы 1910–1930-х гг. нараджэння. Аповеды «паріцкіх людзей» былі дапоўнены вуснымі ўспамінамі пляменніцы Рамана Скірмунта Вацлавы Нээф, дачкі Тэафілы са Скірмунтаў і Эдварда Корсак-Залескага, запісанымі польскай даследчыцай Зоф’яй Дэрналовіч у Кёнігсфельдзе (Германія) у 1985 г., а таксама ўспамінамі Гераніма Тукальскага-Нелюбовіча з фондаў Асалінэум у Вроцлаве (Польшча).

Што адбылося ў Парэччы з прыходам Чырвонай арміі? Паводле ўспамінаў Вацлавы Нээф і Гераніма Тукальскага-Нелюбовіча, атрымаўшы звесткі пра агрэсію СССР супраць Польшчы, Раман Скірмунт з сястрой Аленай і яе мужам Балясла вам Скірмунтам выехалі з Парэчча ў Пінск. Вечарам 20 верасня 1939 г. у горад увайшлі часткі Чырвонай арміі. У наступныя дні адбыліся масавыя арышты «класава чужога элементу». Былі арыштаваныя таксама Скірмунты. Але ў турме яны прабылі толькі суткі. Пасля допыту і запісу асабістых дадзеных іх, як і боль шасць іншых арыштантаў, выпусцілі на свабоду.

Напрыканцы верасня Раман і Баляслаў Скірмунты вырашылі вярнуцца ў Парэчча. У вёсцы Скірмунта вельмі шанавалі, і, магчыма, ён якраз і разлічваў на дапамогу вяскоўцаў. Тым больш, што ў Пінску ўжо распавядалі як пра факты «стыхійных» забойстваў і расправаў з землеўласнікамі (зямянамі), так і пра эпізоды, калі жыхары палескіх вёсак ратавалі іх ад рэпрэсій з боку новай улады. Праз даверанага чалавека (лакея Олеся) ён перадаў ліст Вацлаве Нээф. Яна жыла ў апусцелай плябаніі ў Парэччы і, дзякуючы мужу, які быў грамадзянінам Германіі, адчувала сябе больш-менш упэўнена. Савецкая ўлада нямецкіх саюзнікаў не крыўдзіла.
 
Каб вярнуцца ў Парэчча, патрэбны быў дазвол новай мясцовай улады. В. Нээф прыгадала, што «камісар» Марозаў, які знаходзіўся ў Парэччы, дазволіў вяртанне з умовай, што Скірмунт не будзе ўмешвацца ў справы вясковага «рэвалюцыйнага камітэта».
 
Вацлава Нээф таксама распавяла, што не раіла Скірмунту вяртацца, бо згаданы Камітэт ужо пачаў расправы. Адной з першых ахвяр стаў ляснік Яворскі. Да таго ж у складзе Камітэта аказаўся чалавек, асуджаны за кражу мёду з вулляў маёнтка, які меў асабісты канфлікт з Скірмунтам.

Аднак Раман і Баляслаў Скірмунты ўсё ж прыехалі ў Парэчча і пасяліліся таксама ў плябаніі. Р. Скірмунт, як і Нээфы, амаль не пакідаў будынку. Магчыма, ужо ў Парэччы ён даведаўся пра трагічны лёс сваякоў з Моладава. Генрык і Марыя Скірмунты былі забітыя 20 верасня. У гэтыя трывожныя дні ён, верагодна, прыгадваў успаміны свайго сябра Эдварда Вайніловіча пра рабунак і знішчэнне ягонага палаца ў Савічах (Слуцкі пав.) дэзертырамі, сялянамі і слугамі ў лютым 1918 г. Жыццё Вайніловічу і ягонай жонцы выратавала толькі тое, што, папярэджаныя служкам, яны паспелі схавацца ў лесе...

Праз некалькі дзён пасля вяртання жыхароў плябаніі ўначы абудзіў адзін з парэцкіх сялян, які паведаміў, што «рэвалюцыйны камітэт» прыняў рашэнне расстраляць Скірмунтаў, і параіў ім уцякаць. Паводле ўспамінаў В. Нээф, Раман Скірмунт не паверыў і не хацеў пакідаць вёску, але ўрэшце паддаўся ўгаворам і заявіў, што раніцай яны паедуць вузкакалейкай да Янава, а адтуль чыгункай да Пінска.
 
Аднак іх апярэдзілі. Раніцай 6 кастрычніка Скірмунтаў арыштавалі ўзброеныя «камітэтчыкі» і памясцілі ў карцар былой управы гміны, якая стала сядзібай Камітэта. Раніцай наступнага дня арыштаваных пасадзілі на воз і заявілі, што павязуць у Пінск на допыт. Муж Вацлавы Нээф адразу ж пайшоў да «камісара» Марозава, і той пацвердзіў, што арыштаваных павязуць у Пінск. Насамрэч, яны былі расстраляныя ў лесе «Корань» паміж вёскамі Велясніца і Кажанёва (8–10 км ад Парэчча).
 
Вацлава Нээф прыгадала, што на наступны дзень адзін з забойцаў хадзіў у адзенні Рамана Скірмунта і меў на руцэ ягоны гадзіннік. Ён нават зайшоў у плябанію і папрасіў вады. Магчыма, чакаў нейкіх роспытаў, але не дачакаўся. Вясковыя суразмоўцы пацвердзілі спадзяванні Скірмунта на дапамогу сялян.

Марыя Кучынская (1919 г. нар.): Быў пэўны на свой народ, бо він яго не обіжаў. Ён мог уцячы, але думаў, што прыйдуць Саветы і разбяруцца. Яна ж прыгадала ягоныя словы пасля вяртання ў Парэчча: Він хаціў так: Знаю, шчо ўжэ не памешчык, такі ж робочы, як і ўсі. Я буду робыты, але трэба, коб прыйшло начальство […] Ну, ідітэ, забырайтэ ўсё мае багатство. Но рабітэ. А я посмотру, як вы будытэ робіты. Маладнякы шчэ ж вы, ныц ны знаетэ.

Спадзяванне Рамана Скірмунта на сустрэчу і размову з «начальствам» пацвердзілі і іншыя суразмоўцы. Але гэтага спаткання не адбылося. «Начальства» (рэспандэнты прыгадвалі прозвішчы «камісараў» Холадава, Кавалёва і Маскалёва) не збіралася сустракацца з уладальнікам маёнтка. Магчыма, якраз гэтыя «камісары» (часцей вясковыя суразмоўцы згадвалі Холадава) і стаялі за спіной забойцаў (Фёдар Хвясюк, 1912 г. нар.; Анастасія Вакульчык, 1911 г. нар. ды інш.).
 
Забойству папярэднічаў агульны сход, які павінен быў стаць «народным судом» над памешчыкам. Пра яго распавёў былы шафёр Рамана Скірмунта Мікалай Куцко (1911 г. нар.): У 39 годзе Саветы сабралі суд: Што будзем рабіць са Скірмунтам? Некаторэ казалі, хай ён ідэ да сваіх лёкаеў на калёнію, і хай яны яго кормяць. Другія казалі, што трэба выдзяліць яму пакой у палацы. Хай там жыве. Ніхто не хацеў забіваты. Тады выступіў камісар Холадаў: «Вы ня знаеце, што такое памешчык, а мы знаем. Он і конюхам работаць можа, але возьме хлеў зачыніць, падпаліць, цялё на плечы, бяжыць і крычыць «Спасайте!» По-мойму такім як Скірмунт не далжно быць места на земле».
 
Сярод парэчан знайшліся людзі, якія прыслухаліся да гэтага меркавання. Суразмоўцы асуджалі іх: А між людьмы ўсякы ест. Е подхалімы такы (Рыгор Цярэшка, 1932 г. нар.); Люды, шчо забылы Скірмунта, булы гулякамы, любылы выпыты, пагуляты (Фёдар  вясюк).
 
Калі Рамана і Баляслава Скірмунтаў везлі на смерць, нехта з парэчан паспрабаваў заступіцца: «Шчо вы робытэ? Куды вы ёго выдэтэ?» І почуў у адказ: «Моўчы, бо і тобі гэтэ будэ шчэ!» (Анастасія Вакульчык). Марыя Нікалайчык (1920 г. нар.) распавяла, што людзі плакалі, а Скірмунт сказаў: «Я з вамы прошчаюса назаўсёды. Спадзяюся, што нікому не зрабіў кепскага».
 
У адказ на пытанне, чаму ж вы не абаранілі чалавека, суразмоўцы разводзілі рукі і адказвалі: «А як жа абароніш? Нічога не зробіш!» (Марыя Кучынская). Прыгадвалі, што перад смерцю Раману Скірмунту загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся». І дадаў: «Я б вам не саветаваў гэта рабіць, бо вы маладыя. Я ўжо аджыў свае гады» (Анастасія Вакульчык). У аднаго з забойцаў нават ружжо з рук выпала. Але сваю злачынную справу яны давялі да канца. Галоўным выканаўцам быў Сільвестр Лукашык (вясковае прозвішча «Соловэй»).

Найбольш поўны аповед пра забойства «пана» належаў Мікалаю Калбаску (1925 г. нар.) з в. Рудка. Прывяду фрагменты інтэрв’ю, запісанага ў 2004 г.: Бачыў, як вызлы ёго страляты […] Мы, хлопчыкі тагді короў паслы. Гадоў 14 було. Ёго вызлы, кучар сыдіў, пара коней з Парычча, і тры ішлі з ружжамі ззаду. А він і шурын ёго з Варшавы (прыехаў да яго ў госты)... I тут ужо большовыкы захватылы ёго, да ўсё. А він нікуды ны ўтыкаў. […] Ёго вызлы Козак, Соловэй і Просіф. […] Соловэй – гэтэ маей мамы сыстры буў шурын. Я Солоўя добрэ помню. […] Трое ззаду з ружжамі ішлы, а кучар упэраді, а оны ў капэлюшах сыділы ззаду. Повозка наслана була – салома, адэяла засланэ було, усё хорошэ. Сумок ны було. […] І тому пану і шурыну той Соловэй казаў: «Одвырныса задом. Коб у зад стрыляты. А він говорыты: «Я од людэй ны одворочваўса. Хто до мынэ прыходыў, я каждому помоч даваў». У ліцо выстрыліў. Так тому Солоўю він мо годоў з дэсять, мо і бульш, як застрэліў, так у вочах усё врэмя стояў. Шчо ў ліцо стрыляў.
 
 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Average: 7.3 (3 votes)
Аватар пользователя esxatos