Сурыновіч - Дарога да Слова

Біблія Скарыны
Гісторыя перакладаў Бібліі на беларускую мову - Да 500-годдзя  беларускага кнігадрукавання

 

а. Сяргей Сурыновіч - Дарога да Слова

 
 
Біблія на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасялілася за часоў з’яўлення на нашых землях паслядоўнікаў Добрай Навіны Ісуса Хрыста, хрысціянаў і хрысціянства, якое мела дастаткова скамплікаваныя і адрозныя пад гледзішчам паходжання і традыцый шляхі пранікнення. З Захаду праз, праз Варага-Рускія (нямецкія) дружыны, праз тарговыя стасункі з нямецкімі землямі і праз нямецкіх прапаведнікаў, якія прыходзілі з Варажскімі дружынамі. З Усходу – праз паходы ў Бізантыю, праз тыя ж тарговыя зносіны і, таксама, праз прапаведнікаў з ужо палуднёва-славянскіх зямель – Баўгарыі і Сербіі[1].
 
Нягледзячы на тое, што да Х стагоддзя хрысціянства было даволі пашыраным[2], хрышчэнне Кіеўскай Русі ў 988 годзе і прыняцце князем Уладзімірам хрысціянства з Візантыі аказала значны ўплыў на развіццё протабеларускіх плямёнаў. Дзякуючы гэтай падзеі нашы продкі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з багаццем антычнай і біблейскай культуры, што ў будучыні мела значны ўплыў на развіццё протабеларускай народнасці[3]. Перад хрышчэннем Уладзімір адпусціў жонку сваю Рагнеду і сына Ізяслава назад у Крыўскія землі, але да гэтага часу Рагнеда была ўжо хрысціянкай, дык мабыць, яна, вярнуўшыся ў родную зямлю, і апавесціла тут хрысціянства афіцыйнай верай, што прыпадае на 990 год[4], якая таксама пастрыглася ў манахіні пад імем Анастасія, стала першай жанчынай-манахіняй у Старажытнай Русі[5]. Прыблізна з гэтым перыядам звязана і ўзнікненне пісіменнасці на нашых землях.
 
Гэтаму паспрыяла тое, што у ІХ стагоддзі былі створаны: а) літаратурная мова (стараславянская, або царкоўнаславянская); б) першы славянскі алфавіт (існавалі 2 варыянты: глаголіца і кірыліца)[6]. З прыходам хрысціянства з’явіліся рукапісныя кнігі Бібліі і занялі сама пачэснае месца сярод новага культу. Як паказваюць даследаванні (акадэмік Яўхім Карскі і інш.), ужо з XI стагоддзя робяцца спробы прыстасаваць кірыла-мяфодзіеўскі пераклад да мясцовых асаблівасцей мовы, яе царкоўна-літургічнага стылю, удакладнення тэксту і выпраўлення памылак перапісчыкаў на аснове старажытнаяўрэйскага і старажытнагрэчаскага арыгіналаў[7]. Верагодна, перапісваннем біблейскіх кніг займалася Рагнеда ў Ізяслаўі (Заслаўе) у Х ст[8].
 
Біблія распаўсюджвалася шляхам працаёмкага – адзін асобнік быў роўны па кошту гадавому даходу чалавека сярэдняга дастатку – перапісвання ў манастырскіх, царкоўных, княжых майстэрнях-скрыпторыях, якія былі наладжаны, судзячы па дакументах, якія зберагліся да нашага часу, паўсюдна ў беларускай зямлі. Перапісчык пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, якую ўпіраў локцем у калена. Пісалі на пергаменце ўставам – буйным і прамым, без нахілу, почыркам, кожная літара аддзялялася ад суседняй. Перапісчык павінен быў не толькі добра ведаць граматыку, але і мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў трэба было аздабляць жывёльным ці раслінным арнаментам.
 
Акрамя таго кнігі часта ўпрыгожваліся адмыслова выпісанымі загаловачнымі літарамі, буквіцамі ці ініцыяламі і мініяцюрамі. За дзень можна было спісаць не больш за чатыры старонкі[9]. Свае скрыпторыі існавалі ў манастырах, епіскапскіх кафедрах. Пра сталую біблейскую традыцыю сярэднявечнай Беларусі сведчаць высокамастацкія і ілюстраваныя помнікі рукапісных Евангелляў: «А ў цэнтры храма, на спецыяльным прастоле, было месца кнігі – напрастольнага Евангелля – яго ўрачыста выносілі, яго цалавалі, як ікону, яму кадзілі, на Евангеллі прысягалі сведкі на судах»[10].
 
Магчыма, перапісваннем святых кніг займалася Ефрасіння Полацкая ў XII стагоддзі[11]. Менавіта перапісванне кніг было, відаць, адным з яе схімных зарокаў. Ужо тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая дзяўчына, было подзвігам[12]. Рэпертуар рукапісных кніг складалі кнігі богаслужбовыя (кнігі Бібліі, Мінеі, Трыёдзі, Стыхірары, Ірмалоі, Кандакары, Служэбнікі), рэлігійныя чытальныя (Мінэі, Саборнікі, Пролагі, Залатаструі, Пацерыкі, агіяграфія і творы айцоў Царквы), свецкага зместу (Ізборнікі, Палеі, Хранографы, Летапісы, Ізмарагды і др.). Найбольш вядомымі біблейскімі манускрыптамі былі: Стары і Новы Запавет, Апосталы, Евангеллі, Псалтыры. Найбольшую колькасць кніг складалі перакладныя Евангеллі[13].
 

Францыск Скарына і яго спадчына

 
Тэксты, хутчэй за ўсё, перапісваліся на старацаркоўнай мове – спадчыне вялікіх Кірыла і Мяфодзія. Першым друкаваным выданнем Бібліі на мове, блізкай да тагачаснай беларускай, была Біблія беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Пераклад быў зроблены з Вульгаты святога Гераніма, перакладзенай на чэшскую мову, – таму канон Святога Пісьма цалкам супадае з заходняй каталіцкай традыцыяй, а мова перакладу была даступная нашым продкам.
 
Выданнем біблійных кніг пазней займаліся Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, Канстанцін-Васіль Астрожскі, Стэфан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Спірыдон Собаль, Максім Вашчанка і інш.
 
Ад канца ХVІІІ стагоддзя і да 20-х гадоў ХХ стагоддзя біблійныя кнігі ў Беларусі не друкаваліся. За гэты час былі выдадзеныя некаторыя кнігі рэлігійна-царкоўнага зместу, неабходныя для правядзення богаслужбаў. Духоўнай літаратуры катастрафічна не хапала, асабліва гэта тычылася Бібліі на роднай мове.
 
На працягу XVII-XIX стагоддзяў не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову. Заняпад беларускай мовы пад польскім і расейскім уціскам, а таксама знішчэнне ці страта шмат якіх даўнейшых выданняў фактычна пакінулі беларускі народ без Святога Пісьма на ўласнай мове. Праблема перакладу Святога Пiсьма на беларускую мову засталася адной з найгастрэйшых i на працягу ўсяго ХХ ст.
 
Патрэба ў Кнiгах Старога i Новага Запавету, лiтургiчных і багаслоўскіх тэкстах, катэхiзiсе, малiтоўнiках i iншай рэлiгiйнай лiтаратуры на роднай мове з’яўляецца iстотным складнікам духоўнага адраджэння кожнага народу. Патрэба гэтая вынікае з бiблійных тэкстаў i з’яўляецца непасрэдным абавязкам апостальскай дзейнасцi. Выданьне Бiблii цi Новага Запавету па-беларуску сталася ў пэўным сэнсе актам самасцвярджэньня, прызнаньня «хлопскай мовы», нiзкай гаворкі, якой пагарджалi расейцы i палякi, сапраўднай мовай, не толькi прыдатнай да выказвання думак паэтычнага генiя, да прыкладу, Купалы цi Коласа, але i вартаю стацца сродкам данясення Слова Божага народу сялянскай Беларусi i ўсяму свету.
 

Пераклады Бібліі на родную мову ў ХХ стагоддзі

 
Адным з першых сярод беларускага каталiцкага духавенства, хто звярнуў увагу на праблему перакладу, быў бiскуп-суфраган Магiлёўскай архідыяцэзii Сцяпан Данiсевiч. У 1906 г. ён у Пецярбургу перавыдае «Elementarz dla dobrych dzietak katolikow». «Гэты «Elementarz...», – зазначаў кс. А. Станкевiч, – як не трэба лепш лучыў мiнуўшчыну з будучынёй». Бiскуп Данiсевiч заахвочваў беларускiх святароў пiсаць i выдаваць рэлiгiйныя кнiгi на беларускай мове i сам цэнзураваў некаторыя з iх перад тым, як даць дазвол на друк, – да біблійных перакладаў на пачатку ХХ стагоддзя звярнуліся многія каталіцкія святары.
 
Пасля Першай Сусветнай вайны першым выданнем, якое ўключала біблійныя ўрыўкі, стала “Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki ” кс. Ільдэфонса Бобіча ў трох тамах, якое доўгі час заставалася першым падручнікам Слова Божага на беларускай мове.
 
Нарадзіўся кс. Бобіч 22 студзеня 1890 г. у сям’і небагатага беларускага селяніна ў вёсцы Дзедзіна Дзісенскага павету, што на Віцебшчыне. Вучыўся ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 г.[14]. У 1911 г. скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме ў Collegium Germanicum (навучаўся з 1912 г.), доктар філасофіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 15ліпеня 1915 г.. Cлужыў вікарыем у Друі і пробашчам на Дзісеншчыне (1917—1920 г.г.). У 1921-1923 г.г. выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. У гады Другой Сусветнай вайны быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Памёр неўзабаве пасля вызвалення з турмы. Па іншых звестках — расстраляны фашыстамі. Пахаваны ў м. Іўе[15].
 
“Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki” – бадай што найлепшы беларускі падручнік па евангельскай экзегетыцы і касцёльным красамоўстве. "Дык няхай жа, – піша ксёндз Адам Станкевіч, – гэтая кніжка “Божае Слова” ідзе пад саламяныя стрэхі беларускага народу і, нясучы яму адвечную Хрысціянскую навуку, няхай крапіць яго імкненні да лепшага жыцця, да жыцця свядомага нацыянальна і рэлігійна, да свята і Праўды" .
 
У прадмове да кнігі рэдактар-выдавец кс. Адам Станкевіч робіць экскурс у пачатак ХVI ст., акцэнтуе ўвагу на тым, што, як у часы Францыска Скарыны царкоўнаславянская мова была мала зразумелай народу, так і цяпер Божае Слова малазразумелае і малакарыснае на польскай мове, а там, дзе няма зразумення Святого Евангелія, там няма «а ні Богу ко чті», а ні «людзям посполітым к научэню».
 
«Niadzielasnіja Ewanhielii i Nawuki» Ільдэфонса Бобіча ўяўлялі з сябе збор казанняў (навукаў), складзеных на падставе «Новага Запавету» і тагачаснай багаслоўскай думкі ў прамой праекцыі на рэальныя патрэбы духоўнага аднаўлення, таму былі настольнымі кнігамі святароў, якія прамаўлялі казанні на беларускай мове.
 
Існуе меркаванне, што біблійныя тэксты, якія былі надрукаваныя ў гэтай кнізе, не з’яўляюцца перакладам ксяндза Бобіча, а належаць ксяндзу Адаму Лісоўскаму.
 
Ксёндз Адам Лісоўскі нарадзіўся ў 1882 г., у вёсцы Каранды Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1903 г. скончыў Віленскую духоўную семінарыю, пасля навучаўся ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1907 г.[16] 31 мая 1922 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі, асуджаны на 5 гадоў турмы. Сядзеў у турмах Мінска, Масквы і Яраслаўля. 28 красавіка 1924 г. у выніку абмену палітычнымі вязнямі трапіў у Польшчу. Служыў у Гарадзішчы каля Пінска і ў Віннай на Падляшшы. Выступаў за беларусізацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі[17]. Памёр 9 кастрычніка 1929 г., пахаваны ў Польшчы.
 
Паводле сведчанняў біскупа Чэслава Сіповіча і Янкі Садоўскага, ксяндзом Лісоўскім (прыблізна ў 1907-1922 г.г. ) былі перакладзеныя Апакаліпсіс, Апостальскія Дзеі, Пасланні св. Паўла да Рымлянаў, Галатаў, Карынтаў[18]. Язэп Германовіч выказаў меркаванне, што гэтыя тэксты былі выкарыстаныя Ідэльфонсам Бобічам і Адамам Станкевічам[19]. Тэксты перакладаў ксяндза Лісоўскага пакуль не знойдзеныя. Паводле Я.Германовіча – тэкст перакладу страчаны[20].
 
Аднак варта заўважыць вялікую адрознасць паміж лексікай, стылістыкай, моўнымі асаблівасцямі Бобіча і Станкевіча ў выкарыстаных і надрукаваных імі ўрыўках Святога Пісання. Такім чынам, ксёндз Ільдэфонс Бобіч стаўся першым ля вытокаў адраджэння беларускай біблістыкі ў ХХ стагоддзі.
 
У 1926 г. спадар Вацлаў Ластоўскі здзейсніў пераклад кнігі Старога Запавету “Песьні-песьняў”[21]. Гэта пераклад з царкоўна-славянскага тэксту, параўнаны з расійскім, украінскім, польскім і сэрбскім перакладамі[22].
Перакладчык нарадзіўся перакладчык 27 кастрычніка 1883 г., у засценку Калеснікаў Дзісенскага павету, Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 г.; па другім — 16 верасня 1958г. Памёр 23 студзеня 1938 г.
 
У 1931 г. пабачыў свет поўны пераклад усіх кніг Новага Запавету і адной з кніг Старога Запавету (Кніга Псальмаў у перакладзе сп. Розэнберг).[23] Лукаш Дзекуць-Малей супольна з жонкай займаўся перакладамі паасобных Евангелляў на беларускую мову, выдаўшы іх спачатку маленькімі кніжачкамі, а пасля – пад агульнай вокладкай у 1931 г. у Лодзі (афіцыйна ў Хельсінгфорсе), з грэцкім арыгіналам пераклад звяраў Антон Луцкевіч. “Новы Запавет і Псальмы” перавыдавалі некалькі разоў на эміграцыі[24]: у 1948 г. – Брытанскае і Замежнае Біблійнае Таварыства ў Лондане, у 1985 г. – Глабальнае місіянэрскае радыёслужэнне ў Канадзе, і ў 1991 г. – Біблейскія грамадства.
 
Нарадзіўся спадар Дзекуць-Малей 1 кастрычніка 1888 г. у Гарадзенскай губерніі. Паходзіў з пратэстанцкай сям'і Мікалая Дзекуця-Малея. Вучыўся на Першых беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні (1913 г.), працаваў настаўнікам. Служыў у расейскай арміі ў Беластоку, дзе пазнаёміўся з вернікамі царквы баптыстаў. З 1910 г. звязаны з пратэстанцкім рухам[25]. Памёр 20 студзеня 1955 г. у Гданьску[26].
 
Дзекуць-Малей піша: "Разам з жонкай я ўзяўся за пераклад Эвангелля на беларускую мову. Не верачы ва ўласныя сілы, я звярнуўся па прафесійныя парады і папраўкі да знакамітага беларускага дзеяча і крытыка, Антона Луцкевіча, які ахвотна дапамагаў у гэтай карыснай для народу працы[27]. Таксама адносна перакладу аўтар піша: «Я пераклаў некалькі брашураў, надрукаваных выдавецтвам «Компас» у Лодзі. З 1920 па 1924 г.г. я сам пераклаў 17 кніжак з польскай ды расейскай на беларускую мову[28]. »
У выдавецтве Компас (Лодзь) у 1926 г. было выдадзена Эвангельле паводле Лукі і Эвангельле паводле Іоана, у 1927 г. – Эвангельле паводле Мацьвея, і ў 1928 г. – Эвангельле паводле Марка.
 
Дзякуючы класічнай адукацыі і несумненным літаратурным талентам Антона Луцкевіча, менавіта ён стаў тым чалавекам, які вычытваў, выпраўляў і даводзіў да ладу пераклады Дзекуць-Малея амаль з самага пачатку працы. Веданьне грэцкай мовы дазваляла яму параўноўваць пераклад з крыніцамі. Аднак былі, відаць, і іншыя людзі, заангажаваныя ў працу ад пачатку. Так, спадарыня Розэнберг (імя не ўстаноўленае), віленская габрэйка, незадоўга да смерці ў 1926 г., зрабіла варыянт перакладу Псальмаў на беларускую мову, таксама яна пераклала некалькі кніг Старога Запавету, якія, нажаль, не захаваліся. [29].
 
Антон Луцкевіч не цураўся абмеркаванняў і дапамогі ў працы не толькі ад такіх постацяў, як філолагі Браніслаў Тарашкевіч і Радаслаў Астроўскі, вялікі дзеяч каталіцкай царквы айцец Адам Станкевіч, выбітны патрыёт Сымон Рак-Міхайлоўскі (які шмат часу ахвяраваў на працу над канчатковым варыянтам), — але і ад простых настаўнікаў Віленскай Беларускай гімназіі, у якой выкладаў. У пошуку жывых моўных сродкаў ён раздаваў фрагменты Новага Запавету сваім вучням як практыкаваньні ў перакладзе. Некаторыя з такіх школьных спробаў выклікалі ўсмешку, таму невядома, у якой ступені ў агульнай працы быў скарыстаны плён гэтых вандровак у лінгвістычныя нетры[30].
 
У 1938 г. пераклаў і выдаў “Božaje słova: lekcyi, Evanelii i pramovy na niadzieli i śviaty” [31] кс. Адам Станкевіч. Нарадзіўся ён 6 студзеня 1892 у в. Арляняты Ашмянскага павету[32]. Вучыўся ў Ашмянскім гарадскім вучылішчы, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914 г.), рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918 г.). Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1914 г. Кандыдат кананічнага права (1918 г.). 3 1919 выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. 7 снежня 1944 быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС (неўзабаве адпушчаны). 13 красавіка 1949 г. арыштаваны другі раз па абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці. 31 жніўня 1949 г. асуджаны да 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, пасля ў Азерлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць), дзе памёр[33]. Пахаваны 10 снежня 1949 г. на могілках Азерлага каля в. Шаўчэнкі Тайшэцкага раёна[34].
 
Перавыданні адбыліся ў 2008 г.[35] З уступу да выдання 1938 г. вынікае, што аўтар за асноўны тэкст крыніцы перакладу ўзяў лацінска-польскую Біблію ў перакладзе кс. Вуйка.
 
У 1930 г. часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет кс. Вінцэнт Гадлеўскі. У 1939 г. пабычыла свет выданне “Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei”.[36]
 
Нарадзіўся ён у в. Шурычы Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912 г.) і Пецербурскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916 г). Адным з першых пачаў служыць у касцёле па-беларуску[37]. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 снежня 1942. Акупанты прапанавалі яму працу ў Рызе, але той адмовіўся. Неўзабаве закатаваны ў Трасцянцы (пад Менскам)[38].
 
У часе ІІ Сусветнай Вайны беларускі грамадзкі дзеяч, лекар, скарыназнаўца Вітаўт Тумаш здзейсніў пераклад кнігі прарока Ёны.[39] Магчыма існуюць ці існавалі іншыя пераклады В. Тумаша, зробленыя ў нямецкім лягеры Ватэнштэт, як напрыклад, пераклад кнігі Быцця, ад якога ў лонданскім архіве засталася выключна першая старонка[40].
 
Здзейсніў пераклады некаторых Псальмаў[41] і Чатырох Евангеляяў у замежжы айцец Леў Гарошка. Нарадзіўся ён 11 сакавіка 1911 г., у вёсцы Трашчычы, Наваградзкі павет, памёр 28 ліпеня 1977 г., у Парыжы. Грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, даследчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар, аўтар многіх артыкулаў, кніг, друкаваўся пад псеўданімамі Л. Іскра, Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш[42].
 
У перыяд з 1949 па 1950 г.г. здзейсніў пераклады некаторых кніг Старога Запавету спадар Леанід Галяк.[43] Нарадзіўся 31 кастрычніка 1910 г., у Вільні - памёр 3 красавіка 1980 г., ЗША. Грамадзкі дзеяч, юрыст[44]. Над перакладам працаваў у Ватэнштэце (Нямеччына). Машынапісы перакладаў былі дасланыя ў верасні 1973 г. біскупу Сіповічу ў Лондан у сувязі з паўсталай ідэяй стварэння новага перакладу Бібліі. Шэсць кніг аўтарызаваныя самім перакладчыкам праз надпісы на тытульнай старонцы машынапісу і праз лісты да біскупа Сіповіча. Кніга прарока Сафона не ўзгадваецца ў лістах ад верасня 1973 г., і не мае тытульнай старонкі. Тым не менш, яна далучаная да перакладаў Л. Галяка (прычыны гл. ў канцы перакладу кнігі прарока Сафона).[45]
 
Спадар Леанід Галяк узгадвае: “Перакладамі ў Ватэнштэце займаліся ў асноўным В. Тумаш, Хв. Ільяшэвіч і Л. Галяк. Перакладалі Свіфта ("Гулівера") і іншых пісьменнікаў. У Л. Галяка была думка з Тумашам перакласці Біблію на беларускую мову. І яны нейкія часткі Бібліі пераклалі. Прыехаўшы сюды, у Нью-Ёрк, яны гэтую задумку далей працягвалі. Навязалі кантакт з выдатным нашым баптысцкім дзеячом Данілам Яськом, таму што патрэбны быў для перакладу Бібліі нехта, хто б ведаў добра габрэйскую мову. І сярод баптыстых быў такі выдатны знаток усходніх моваў, гэта валыняк Марцінкоўскі. Ён быў прафесарам ці дацэнтам Пецярбургскага ўніверсітэту. Марцінкоўскі згадзіўся быў узначаліць пераклад Бібліі. Але ў гэтым часе доктар Янка Станкевіч звязаўся таксама з іншай групай баптыстаў, і тыя яму дапамаглі. Адным словам, забралі ад Галяка і Тумаша гэтую справу і даручылі Янку Станкевічу. Такая вось была канкурэнцыя”.[46]
 
У 1954 г. былі выдадзеныя “Sviataja Evanelijai Apostalskija dziei”[47] у перакладзе кс. Татарыновіча, пасля ў  1974 г. – “Listy śviatyсh apostalaŭ”[48], і ў 2008 г. – “Лісты Апостала Паўла да Тыматэя”.[49]
 
Пётр Татарыновіч нарадзіўся 2 чэрвеня 1896 г. у вёсцы Гайнін Слуцкага павету Мінскай губерніі. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Слуцку вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Петраградзе, скончыў Мінскую духоўную семінарыю. 12 чэрвеня 1921 г.  рукапаложаны ў святары. Вучыўся ў Папскім інстытуце ўсходніх навук (1945-1949 г.г.). Абараніў доктарскую дысертацыю «Святы Кірыла, біскуп Тураўскі, і ягонае вучэнне». З 1949 па 1971 г.г. быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач «Радыё Ватыкана». Займаўся выдавецкай справай. Памёр 3 верасня 1978 г. у Рыме.
 
Пераклад здзяйсняў на аснове лацінска-грэцкага тэкста Новага Запавету, навукова апрацаванага і выдадзенага прафесарам Папскага Біблійнага Інстытуту А. Аўгустам Мэркам у Рыме ў 1944 г., таксама выкарыстоўваў пераклад ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, карыстаўся выданнямі на італьянскай і французскай мовах.[50]
 
Пачынаючы з 1959 г., перакладае і выдае паасобныя кнігі Старога Запавету – «Кнігу Руты, Кнігу прарока Еэля, Кнігу прарока Ёны[51]», «Генезіс[52]», «Кнігу Эклезіяста, або прапаведніка[53]» спадар Ян Пятроўскі. У 1991 г. пабачыла свет ягоная «Эванэлія паводля св. Яна[54]»
Ян Пятроўскі нарадзіўся 27 студзеня 1905 г. у Слуцку Менскай губерніі. Напрыканцы 1920-х, яшчэ праваслаўным, трапіў на беларускую богаслужбу ў метадысцкай царкве[55] і неўзабаве стаў сябрам пратэстанцкага брацтва. Скончыў Біблійную школу метадыстаў у Клярысэве пад Варшавай, з 1932 жыў і быў прапаведнікам у Дзярэчыне[56]. Памёр 19 студзеня 2001 г. у ЗША.
 
Ад 1960 г. пераклады Евангелляў здзяйсняе спадар Міхась Міцкевіч, захаваліся пераклады ў выглядзе рукапісаў.[57]
Міхась Міцкевіч нарадзіўся 13 ліпеня 1897 г. у в. Мікалаеўшчыне Стаўпецкага павету.  Малодшы брат Якуба Коласа. З 1950 году жыве ў ЗША, актыўны дзяяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, сябра парафіяльнай Рады Катэдральнага Сабору імя Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Некалькі гадоў быў рэдактарам газеты «Беларус», каля 15 гадоў — часопіса «Голас Царквы», займаўся перакладам літургічных тэкстаў з царкоўнаславянскай на беларускую мову[58]. Памёр 25 кастрычніка 1991 г. у ЗША.
 
У 1988 годзе пабачыла свет Напрастольнае святое Евангелле[59] ў перакладзе мітрапаліта Мацукевіча і Багаслужбовы Апостал[60], у 1992-1995 г.г. – Парэміі: збор 285 парэмій, якія чытаюцца на багаслужбах[61].
 
Спадар Вацлаў Пануцэвіч прычыніўся да перакладаў паасобных тэкстаў Святога Пісання,[62] здзейсніў пераклад літургіі св. Іаана Залатавуста, якім карысталіся ў беларускай грэка-каталіцкай Спаскай царкве ў Чыкага.
 
Ксёндз Язэп Германовіч ажыццявіў пераклады некаторох псальмаў, Евангельскіх прыпавесцяў, біблійных гісторый[63].
 
Пасля Другой сусветнай вайны сярод беларускіх пратэстантаў на эміграцыі аднавіліся намаганні здзейсніць выданне беларускага перакладу Бібліі. Першы ў гэтай справе звярнуўся да Брытанскага і Замежнага Біблійнага Таварыства доктар В. Тумаш у 1946 г.: “Калі не цэлай Бібліі, дык хоць бы Новага Запавету на беларускай мове. Да яго просьбы далучыліся просьбы некаторых пратэстанцкіх святароў, якія апрача гэтага звярталіся і да амерыканскіх капеланаў, і да Сусветнай Рады Цэркваў, і да Шведзкага Біблійнага Таварыства. Брытанскае і Замежнае Біблійнае Таварыства адгукнулася адмысловым лістом да перадавых святароў праваслаўнага, каталіцкага і евангельскага веравызнанняў, у якім пыталіся, ці пераклад выдання Новага Запавету з 1931 г. добры, ці беларусы патрабуюць Св. Пісання ў роднай мове і колькі больш-менш беларусаў знаходзіцца на эміграцыі”[64].
 
У 1970 г. быў выдадзены «Новы Закон[65]» у перакладзе Янкі Станкевіча, а ў 1973 г. – поўная Біблія[66] ў перакладзе з габрэйскай і грэцкай моваў у супрацоўніцтве з Майсеем Гітліным.
 
Пераклад Бібліі быў ініцыяваны «Беларускім Біблійным камітэтам», створаным у 1965 г. у ЗША з мэтаю выдаць і распаўсюдзіць беларускую Біблію. У склад камітэту ўвайшлі М. Гітлін (дырэктар), Я. Станкевіч і Т. Сайка (сябры)[67].
Пераклад быў складзены паводле пратэстанцкага канону і зроблены з арыгіналу (Стары Запавет — з габрэйскай, Новы Запавет — з грэцкае мовы), тэкстуальна ён не саступае ў дакладнасці перастварэння класічным перакладам. Адметнай асаблівасцю перакладу з’яўляецца яго насычанасць архаічнымі старабеларускімі формамі ды неалагізмамі.
 
Доктар філасофіі Янка Станкевіч нарадзіўся 26 лістапада 1891 г. у сялянскай сям'і ў сяле Вурняняты (Арляняты) Крэўскай воласці Ашмянскага павета. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію і Пражскі ўнівэрсытэт, працаваў выкладчыкам у Варшаўскім і Віленскім унівэрсытэтах, у творчай дзейнасці выступаў пад псеўданімамі Брачыслаў Скарынін, Ян Янушонак. Памёр 16 жніўня 1976 г., ЗША.[68]
 
Моўны пурызм Янкі Станкевіча зрабіў гэты пераклад цяжкачытэльным – сучасная літаратурная мова значна адрозніваецца ад прапанаванага варыянту. Падаецца, што спадар Станкевіч, хаця і перакладаў Біблію, але перш за ўсё быў заняты пошукамі “мэта-мовы”, цікаўнасць да якой уласцівая толькі вузкім спецыялістам. На жаль, гэты пераклад непрыдатны для разумення сучаснікамі.
 
З 1970 г. распачынае працу над сваім перакладам кс. Уладзіслаў Чарняўскі. Плён ягонай працы пасля выдання паасобных кніг Старогу Запавету і двух выданняў Новага Запавету аформіўся ў выглядзе поўнай Бібліі ў выданні Біблейскага Таварыства[69] ў 2012 годзе.
Нарадзіўся 14 студзеня 1916 г. у засценку Амружын, Гарадзенская губерня. Паходзіць з сялянскай сям’і, скончыў 4 класы ў Вішнеўскай школе, вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931—1933 г.г. навучаўся ў настаўніцкай гімназіі ў Барунах Ашмянскага павету.[70] Пад уплывам свайго дзядзькі кс. Францішка Чарняўскага паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары марыянаў. «Я ўжо з Друі быў сьведамым. Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі, усё гэта я перажываў. Таму ня трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасць»[71]. Пасля сканчэння гімназіі ў Друі паступіў у навіцыят марыянаў. Падчас рэпрэсіяў з боку польскіх уладаў супраць беларускіх ксяндзоў-марыянаў з’ехаў з мястэчка. Жыў у Вільні[72].
 
на здымку: Папа Павел VI і а. Уладзіслаў Чарняўскі, Рым, 27.01.1968 г.Кс. Уладзіслаў Чарняўскі атрымаў святарскае пасвячэнне ў кастрычніку 1944 г. з рук літоўскага біскупа Мечыслава Райніса, першую Імшу цэлебраваў у Крэве на беларускай мове. Пасля вярнуўся ў Вільню і пэўны час працаваў у касьцёле св. Ігната. Пасля арышту кс. Адама Станкевіча разглядаўся як кандыдат на ягонае месца, але прызначэнне не адбылося, пэўны час працаваў у літоўскіх касцёлах ва Ўкмэрге, Гегужыне, Ернішках, Варэне, Эйшышках, затым перавёўся ў Беларусь. На пачатку працаваў у Войстане на Смаргоншчыне, а з 1954 г. – у Вішнеўскім касьцёле Валожынскага раёну.
 
Разам з біскупам Чэславам Сіповічам кс. Чарняўскі прысутнічаў на аўдыенцыі ў Папы Паўла VI. У часе размовы па-лацінску Папа сказаў, што хоча бачыць а. Уладзіслава беларускім біскупам, распытваў пра рэлігійную сітуацыю ў Беларусі, гаварылі і на іншыя балючыя тэмы[73]. У 1966 г. кс. Чарняўскі атрымаў ліст ад папы Паўла VI, у якім рабілася прапанова пасады адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі, на што не пагадзілася савецкае кіраўніцтва. У 1967 г. кс. Чарняўскі наведаў Ватыкан па запрашэнні Кангрэгацыі Абрадаў – там і атрымаў ад Паўла VI даручэнне заняцца перакладам Бібліі на беларускую мову.
 
Пераклаўшы сем кніг літургічных тэкстаў, кс. Уладзіслаў даслаў пераклады на апрабату ў Рым і праз некаторы час атрымаў запрашэнне на аўдыенцыю ў у Ватыкан, але савецкія ўлады не далі дазволу на выезд[74]. Памёр 22 снежня 2001 г. ў Менску. Пахаваны ў мястэчку Вішнева Валожынскга раёна[75].
 
Айцец Чарняўскі ў сваім перакладзе выкарыстоўваў тэксты лацінскай Вульгаты, рускага Сінадальнага Перакладу, польскіх – Бібліі Якуба Вуйка і Бібліі Тысячагоддзя. У арыгінальным тэксце перакладу — у аркушах, набраных на друкавальнай машынцы, – можна прасачыць назвы паасобных тэматычных раздзелаў, якія перакладчык падае згодна з польскай Бібліяй Тысячагоддзя. Паасобныя кавалкі практычна цалкам захоўваюць паслядоўнасць словаў, стылістыку і канструкцыю польскага тэкста. Згодна з лацінскай традыцыяй гучання перакладчык здзяйсняе транскрыпцыю біблійных імёнаў уласных, а таксама геаграфічных назваў.
 
Застаецца адкрытым пытанне адносна крыніцы перакладу айца Чарняўскага, хаця й верагодна, што асноўны корпус Святога Пісання перакладзены з польскай Бібліі Тысячагоддзя. Калі б не крыніцы, з якіх здзяйсняўся пераклад, дык лексічна (гаворка ідзе пра аркушы машынапісу, а не пазнейшыя варыянты, адрэдагаваныя да непазнавальнасці) і стылістычна – гэта адзін з найлепшых перакладаў Бібліі. Перакладчыку ўдалося ўздзвігнуць помнік пры дапамозе Божага Слова жывой беларускай мове пачатку мінулага стагоддзя. Адценні лакальных гаворак і дыялектызмаў, багацце словазлучэнняў, выкарыстанне клічнага склону надаюць гэтаму перакладу асаблівую каштоўнасць, задаюць тон пачаткаў фармавання “біблійнага стылю” беларускай мовы, што не ўдалося зрабіць Станкевічу з яго “мэта-мовай”. Праца Чарняўскага характарызуецца таксама адметным, натуральным і жывым сінтаксісам, якога не хапае сучаснай мове, аб якім з вялікай складанасцю можна гаварыць і ў перакладзе Васіля Сёмухі.
 
У другой палове 1990 гг. група маладых вернікаў пад кіраўніцтвам Антонія Бокуна пачала працу над выданнем перакладу Бібліі, зробленага кс. Уладзіславам Чарняўскім. На працягу пяці гадоў была зробленая вялікая праца па рэдагаванню тэкста, параўнанню яго з тэкстамі на арыгінальных мовах і тэкстамі Бібліі на 7 розных мовах[76]. Гэтая праца мела вынікам выданне Кнігі Роду[77] ў 1997 г., Новага Запавету[78] ў 1999 г. і Пяцікніжжа[79] ў 2002 г..
 
Антоній Бокун таксама дапамог наладзіць кантакты прадстаўнікоў Беларускага Біблейскага таварыства з кс. Чарняўскім. Пазней да гэтае справы далучыліся а. Андрэй Абламейка і а. Сяргей Гаек[80].
 
Незадоўга да сваёй смерці напрыканцы 2001 г. кс. Уладзіслаў Чарняўскі перадаў Біблейскаму таварыству правы на выданне рукапісаў. Даследчыкі таварыства распачалі іх дапрацоўку і набор, у 2003 г. выйшла новае выданне Новага Запавету[81]. Цягам наступных гадоў вялася праца па рэдагаванні тэксту поўнай Бібліі, да якой былі прыцягнутыя навукоўцы-лаціністы Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Таццяна Федасеева. Падчас іх працы тэкст Чарняўскага звяраўся з Новай Вульгатай, быў набліжаны да сінадальнага перакладу і пазбавіўся дыялектызмаў з гаворак Гарадзеншчыны і Валожыншчыны, дзе кс. Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся і пражыў значную частку жыцця.
Выданне поўнай Бібліі[82] паводле тэксту кс. Уладзіслава Чарняўскага адбылося напачатку 2012 г.
 
Епіскап Мікалай Мацекевіч у 1988 г. выдаў “Напрастольнае святое Евангелле[83]”, у 1992-1995 гг. “Парэміі: збор 285 парэмій, якія чытаюцца на багаслужбах[84]” з выбранымі тэкстамі Старога Запавету, “Багаслужбовы Апостал[85]” – у 1998 г.
 
У перыяд з 1970 па 2011 г.г. а. Аляксадар Надсан здзейсніў пераклады выбраных тэкстаў Старога і Новага Запаветаў[86]. У 2006 г. Эвангельлі нядзельныя і святочныя: Апракос[87], 9 песняў Святога Пісання і Псалтыр Давідавы з’явіліся ў электронным выглядзе.
Пераклаў з грэцкай і славянскай моваў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў. Аўтар больш за 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ ст, малітоўніка «Госпаду памолімся» (2002), які з'яўляецца афіцыйным тэкстам богаслужбаў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.
 
Кніга Эклезіяста і Песня Песняў[88] Старога Запавету ў перакладзе Васіля Сёмухі пабачыла свет ў 1990 г., у 1994 г. пабачыла свет Найвышэйшая песня Саламонава,[89] перавыданне адбылося ў 2008[90] г.. Нарадзіўся перакладчык 18 студзеня 1936 г. на хутары Ясенец, сучасны Пружанскі раён[91]. Скончыў Пружанскую сярэднюю школу №2. Вучыўся на рамана-германскім аддзяленьні філялягічнага факультэту Маскоўскага ўніверсітэту імя Ламаносава. Скончыў вучобу ў 1959 годзе.
 
Васіль Сёмуха, які раней пачынаў працу над перакладам Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у 1995 г. здзейсніў уласны пераклад Новага Запавету і Псалтыру[92] з рускай мовы. Верагодна, што пераклад паўстаў на глебе рускай Сінадальнай Бібліі, бо паўтарае тыя ж самыя (ужо апісаныя і даследаваныя ў навуковых працах) памылкі – як тэкстуальнага, так і багаслоўскага кшталту. Мова перакладу Сёмухі вельмі багатая, але аўтар дазваляе «непрыкрытую вольнасць у перакладзе цяжкіх месцаў, дыялектнае напісанне біблейскіх імёнаў, часам – да страты іх запаветнай этымалогіі». Варта адзначыць, што гэтая спроба перадаць Святое Пісанне здзейсненая толькі і выключна праз прызму мастацкасці.
 
Пераклад усёй Бібліі[93] выдадзены ў 2002 г. ў Мінску пад рэдакцыяй місыянэра Юркі Рапецкага (Канада) з дапамогай мітрапаліта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай Царквы Мікалая.
 
Тэксты перакладаў Сёмухі, пачынаючы з 2006 г., выкарыстаныя ў шматлікіх выданнях прат. С. Горбіка (Львоў). Некаторыя тэксты Старога Запавету ў гэтых выданьнях, адсутныя ў перакладах Сёмухі, даперакладзеныя асабіста а. Горбікам[94].
 
23 снежня 1989 г. адбылося першае пасяджэнне Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову[95].
 
Першы спіс Камісіі налічваў 20 чалавек. Адным з першых да яе далучыўся  протапрэсвітэр Віталь Баравы, навуковым кансультам Камісіі быў прафесар Канстанцін Лагачоў з Пецярбурга, вядомы спецыяліст па перакладах Свяшчэннага Пісання. Цяперашні архіепіскап Пінскі Стэфан, а тады — рэктар Мінскай Духоўнай семінарыі, прыязджаў на пасяджэнні Камісіі з Жыровічаў, пратаіерэй Сергій Гардун — са Слоніма. У склад Камісіі ўваходзілі беларускія навукоўцы, літаратары і перакладчыкі Васіль Сёмуха, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан, Алесь Яскевіч, Сяргей Шупа, Міхаіл Дубянецкі, бібліёграф Валянціна Дышыневіч, агіёграф Аляксей Мельнікаў.
 
Пасля выдання ў 1991 го. першага з чатырох Евангелляў — Евангелля паводле Матфея – праца над перакладам на пэўны час прыпынілася і аднавілася толькі ў 1995 г. Старшынёй Камісіі па-ранейшаму застаўся Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, намеснікам быў прызначаны пратаіерэй Георгій Латушка, сакратаром – прафесар Іван Чарота, адказным рэдактарам перакладу — протаіерэй Сергій Гардун. У склад Камісіі ўвайшлі дацэнт педагагічнага універсітэта Уладзімір Васілевіч, клірык Барысаўскага Свята-Уваскрасенскага сабора іерэй Аляксандр Пачопка, выкладчык Мінскай Духоўнай Семінарыі Алесь Кароль, Таццяна Матрунчык. У такім складзе Камісія працягвае сваю дзейнасць з 1995 г., праводзячы пасяджэнні ў прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўскага сабора[96].
 
На працягу гэтых гадоў былі перакладзеныя і выдадзеныя Святое Евангелле паводле Мацвея[97], Марка[98], Лукі[99], Іаана[100], Евангеллі[101], Дзеі Апосталаў[102]. Праца над перакладам працягваецца.
 
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла была створаная ў 1992 г. У яе склад увайшлі 4 святары (У. Завальнюк, А. Дзям'янка, В. Жыльветра, М. Сапель) і 5 свецкіх асобаў (І. Жарнасек, А. Жлутка, Х. Лялько, А. Новікава, М. Чапля). Старшынёй быў прызначаны кс. У. Завальнюк. Дэкрэт аб скліканні быў падпісаны арцыбіскупам Казімірам Свёнткам 5 траўня 1992 г. У выніку працы Камісіі былі здзейсненыя пераклады літургічных і біблійных тэкстаў, неабходныя ў той час для выкарыстання ў Літургіі і ў рэлігійнай літаратуры.
 
5 траўня 1995 г., беручы пад увагу пастанову Святарскай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кардынал Казімір Свёнтак наноў склікаў Камісію, якая атрымала назву «Мітрапалітальнай камісіі па тлумачэнні літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры». У склад гэтай Камісіі ўвайшлі кс. А. Дзям'янка, кс. В. Жыльветра, кс. Ф. Кісель, кс. Т. Крыштопік, кс. М. Сапель, І. Жарнасек, А. Жлутка, Х. Лялько, А. Новікава, а таксама, у якасці кансультанта кс. С. Гаек. З 1999 г. у працы Камісіі дапамагала М. Пашук, а пазней –М. Гракаў і А. Кузьміч. Рашэннем ККББ ад 1 лютага 2000 г. старшынёй Камісіі быў прызначаны кс. М. Сапель.
 
У 2002 г. адбыліся персанальныя змены ў Камісіі. Дэкрэтам ад 13 красавіка 2002 да працы ў Камісіі былі прызначаныя кс. М. Сапель, кс. Ф. Кісель, кс. І. Лашук, кс. Я. Крэміс, а. А. Куляха, А. Жлутка, М. Пашук, М. Гракаў, Х. Лялько, А. Новікава. Мэты і заданні Камісіі засталіся ранейшыя. Аднак пільнай патрэбай Касцёла стала стварэнне Лекцыянарыя на беларускай мове, паколькі былі неабходныя тэксты для святой Імшы, якая трансліравалася па радыё з архікатэдральнага касцёла ў Мінску.
 
Спробы перакладу Лекцыянарыя былі ўжо ў 1997 г. Тады над гэтым працавалі А. Бяляцкі і А. Жлутка. Цяпер гэта было даручана А. Кузьмічу і М. Пашук. Куратарам працы спачатку быў кс. І. Лашук, а затым кс. Я.Крэміс.
 
Дэкрэтам Старшыні Канферэнцыі Біскупаў у верасні 2004 г. Камісія была рэарганізаваная ў «Мітрапалітальную камісію па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла», а ў снежні таго ж года рашэннем ККББ атрымала статус «Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла» Літургічнай камісіі пры ККББ. Быў скліканы наступны склад Секцыі: кс. Ян Крэміс (старшыня), кс. І. Лашук, кс. Ф. Кісель, кс. Ян Кучынскі, а. А. Куляха, М. Пашук, М. Барткова, А. Жлутка, А. Кузьміч. У кастрычніку 2007 г. у склад Секцыі замест А. Жлуткі была ўключана А. Сухоцкая.
 
Склад Секцыі падабраны з улікам адпаведнай адукацыі, вопыту працы і ўдзелу прадстаўнікоў паасобных каталіцкіх епархій. У дзейнасці Секцыі ў залежнасці ад роду працы і патрэбы прымаюць удзел кансультанты.
З 1992 па 2004 г.г. Камісіяй было здзейснена шмат перакладаў літургічных і біблійных тэкстаў, распрацавана пэўная тэрміналогія.
 
Праца над падрыхтоўкай «Імшальнага лекцыянарыя» распачалася ў 2002 г. Пераклад быў здзейснены паводле прадпісанняў Касцёла з арыгінальных моваў з улікам лацінскага тэксту Новай Вульгаты. Пераклад быў параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Пачаткова «Лекцыянарый» быў выдадзены ў форме 16 сшыткаў (якія выходзілі падчас працы), а пазней – у форме 6 кніг у цвёрдай вокладцы.
У 2012 г. было выдадзенае Святое Евангелле[103]. Вядзецца праца над перакладам Новага Запавету.
 
Перакладамі кнігі Псалмоў і песняў Бібліі ў перыяд з 1993 па 2002 г.г. займаўся пратаіерэй Сергій Гардун. У электроннай версіі даступны пераклад поўнай кнігі Псалмоў Міхаіла Астапчыка[104].
 
Працоўная группа пад кіраўніцтвам кс. Уладыслава Завальнюка[105] ў 1997 г., а затым у 2007 г. выдала пераклад Евангелляў[106].
 
У 2010 г. быў выдадзены пераклад Евангелля апостала Яна[107], здзейснены Эрнэстам Сабілам у супрацоўніцтве з Сяргеем Малахавым.
 
Такім чынам, сёння беларусы маюць тры поўныя пераклады Святога Пісання –  Уладзіслава Чарняўскага, Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі. Маем таксама некалькі перакладаў Новага Запавету і некалькі дзясяткаў паасобных кніг Бібліі. На вялікі жаль, беларусы не маюць сёння Святога Пісання, якое б адпавядала сучасным навуковым крытэрыям біблійнага перакладу.
 
Крытэрыі гэтыя відавочныя: выкарыстоўванне арыгінальнага аўтарытэтнага тэксту, здзяйсненне перакладу згодна з навуковай метадалогіяй з улікам ўсіх сучасных дасягненняў і напрацовак у галіне біблістыкі, да таго ж пераклад творыцца з улікам літарататурнай мовы і “высокага стылю” біблійнага маўлення. Такая праца вымагае супрацоўніцтва і навукоўцаў, і лінгвістаў, і людзей, якія адчуваюць мову, да таго ж павінен выразна бачыцца адрасат перакладу.
 
а. Сяргей Сурыновіч
Дактарант біблістыкі,
Варшава, універсітэт Кардынала Стэфана Вышынскага.
 
 
 
 

[1] Пар. В. Ластоўскі, Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, факсімільнае выданне, Мінск, Мастацкая літаратура, 2012, с. 7.
[2] Пар. М. Сперанскій, Истор. Древн. Русск. литер., Москва, 1921, с. 186-187.
[3] В. Сідорка, Вытокі хрысціянства ў Беларусі, або хто хрысціў Рагнеду?, Каталіцкі веснік, № 8 (29) жнівень 2013, с. 3.
[4] Пар. В. Ластоўскі, Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі, факсімільнае выданне, Мінск, Мастацкая літаратура, 2012, с. 8.
[5] Матэрыялы рэспубліканскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі, Фальклор, гісторыя і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян, Брэст, Альтернатива, 2012, с. 13.
[6] В. Емўмялькоў, Літаратурнае рэдагаванне і кнігавыданне на тэрыторыі Беларусі (ХІ – першая палова ХVІІ стст., Магілёў, УА “МДУ імя А.А. Куляшова”, 2012, с. 6.
[7] Пар. Г. Родаў, З гісторыі перакладу Бібліі на ўсходнеславянскіх тэрыторыях, даклад на Сімпозіуме, прысвечаным Божаму Слову ў год Св. апостала Паўла: «Слова Божае жывое і дзейснае» (Гбр. 4:12), 14-16 лістапада 2008.
[8] Пар. І. Трацяк, Біблія ў кантэксце беларускай культуры, Гродна, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскi дзяржаўны унiверсiтэт iмя Янкi Купалы, 2003, с. 15.
[9] Д. Нікалаюк, Прападобная Еўфрасіння, Кафедра беларускай філалогіі універсітэта ў Беластоку, Wydawnictwo «Bratczyk», 2010, с. 48.
[10] М. Нікалаеў, Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў Х-ХVІІІ стагоддзях, Мінск, Мастацкая літаратура, 1993, с. 15.
[11] П. Севярынец, Біблія, Люблю Беларусь: 200 феноменаў нацыянальнай ідэі, Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2008, с. 520.
[12] У. Арлоў, Таямніцы полацкай гісторыі, Мінск, Папуры, 2008, с. 98-99.
[13] І. Трацяк, Біблія ў кантэксце беларускай культуры, Гродна, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскi дзяржаўны унiверсiтэт iмя Янкi Купалы, 2003, с. 15.
[14] А. Адамковіч, Наша вера, Святар і пісменнік, 2 (8) 1999.
[15] Беларускія пісменнікі: бібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Мн.: БелЭн, 1992- 1995, 2т.
[16] А. Смалянчук, Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй, Гародня, 2001, с. 259-260.
[17] Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. - Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999.
[18] Календарыюм, Czasopis № 10 2004.
[19] А. Аўдзяюк, "Наша слова", №№ 46-47, 2011.
[20] БШ, 5-6 (133-134) / 1972, с. 4.
[21] Цар Саламон. Песьні-песьняў, пер. В. Ластоўскага, Крывіч: месячнік літэратуры, культуры і грамадзкага жыцьця, 1926, № 1 (11).– сс. 1-6.
[22] Idem. (уступ).
[23] Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста. Псальмы. – Гельсінкфорс: Брытанскае і Замежнае Біблейскае Таварыства. 1931. – с. 353 + с. 93.
[24] Л. Глагоўская, “Хоць памёр, жыць будзе”, Ніва, 12. 10. 2008, №41
[25] ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1-2; ЭГБ, III; Архівы БНР.
[26] Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003.
[27] Д. Ясько. "Новы Запавет" у беларускай мове"//Бацькаўшчына, №4, 30. 01. 1949 г. , с. 3.
[28] Luka Nikolayevich Dziekuć Malej. Information regarding the persons to whom the British and Foreign Bible Society entrusts Biblical translation work, 1929 (Ms).
[29] Г. Пікарда, Нябеснае Полымя, Спадчына, 1995, №4.
[30] Idem.
[31] Božajesłova: lekcyi, Evaneliii pramovy naniadzieliisviaty, Ad. Stankievič. - Lvoŭ; Vilnia: Biełaruskaje Katolickaje Vydaviectva, 1938. – 372 с.
[32] Л. Луцкевіч, Г. Войцік, Адам Станкевіч, Вільня, 2002.
[33] Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001.
[34] Л. Маракоў Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794—1991. Том II.
[35] Божае Слова: Лекцыі, Эванэліі і прамовы на нядзелі і сьвяты//Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі: Збортвораў. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. – сс. 575-719.;
Божае Слова: Лекцыі, Эванэліі і прамовы на нядзелі і сьвяты//Станкевіч А. Выбранае/Адам Станкевіч; Уклад., прадм. і камент. Ул. Конана. - Мн.: Кнігазбор, 2008. - 360 [8] с.: іл. - ("Беларускі кнігазбор": Серыя ІІ. Гісторыка-літаратурныя помнікі). - сс. 297-318.
[36] Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei, Рerałažyŭ i padaŭ wyjasnienni ks. Mhr Vincent Hadleŭski. – Wilnia, 1939. – 417 s.
[37] Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. : Жыццярысы, мартыралогія, успаміны/Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999.
[38] Vytautas Žeimantas. Vincentas Hadliauskis - kunigas, publicistas, leidėjas, kankinys // Voruta, 2010, Nr. 12,13.
[39] Кніга прарока Ёны / пер. В. Тумаш., Машынапіс, архіў бібліятэкі Ф. Скарыны, Лёндан, б.д. [прыбл. 1945-1954], - 3 ст.;
[40] А. Аўдзяюк, "Наша слова", №№ 46-47/2011.
[41] Псалом 50 // Божым шляхам : малітаўнік для беларусаў. – Рым: [б.в.], 1946. – 176 с. – сс. 13-19.;
Пракімены 8-і гласаў, Апосталы і Эвангэльлі  ў беларускім перакладзе для літургічнага ўжытку ў нядзелі і сьвяты. – Лёндан, 1967. – 150 с. (рататарнае выданьне).
[42] ЛявонЮрэвіч. Літаратурнырух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.
[43] Кніга прарока Данілы / пер. Л. Галяк. – Машынапіс, Лёндан, 1949, - 31 ст.;
Кніга Рут / пер. Л. Галяк. – Машынапіс, Лёндан, б.д. [1950], - 7 ст.;
Кніга Экклезіяста або Казаньніка / пер. Л. Галяк. – Машынапіс, Лёндан, б.д. [1950], - 14 ст.;
Кніга прарока Сафона / пер. Л. Галяк. – Машынапіс, Лёндан, б.д. [1950], - 5 ст.;
Кніга Эстэры / пер. Л. Галяк. – Машынапіс, Лёндан, 1950, - 16 ст.;
Кніга прарока Міхея / пер. Л. Галяк. – Машынапіс, Лёндан, 1950, - 8 ст.;
Кніга Прыказкі Салямона / пер. Л. Галяк. – Машынапіс, Лёндан, 1950, - 47 ст.
[44] ЛявонЮрэвіч. Літаратурнырух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.
[45] Часасловец, А. Аўдзяюк.
[46] Леанід Галяк. Успаміны. Кніга 1: ЗША, Летапіс, 1982. Кніга 2: ЗША, Летапіс, 1983.
[47] Sviataja Evanelijai Apostalskija dziei/pieraklaŭ ipadaŭ vyjasnienni Piotr Tatarynovič. – Rym: Vydaviectva Bielaruskaj Relihijna-Adradzenskaj Časopisi "Znič", 1954. - 636 c.
[48] Listy śviatyh apostalaŭ|pieraklaŭ i padaŭ vyjasnienni Piotr Tatarynovič. - Rym:Vydaviectva Bielaruskaj Relihijna-Adradzenskaj Časopisi "Znič", 1954. – iv, 403 c.
[49] Лісты Апостала Паўла да Тыматэя/пераклаў монс. Пётр Татарыновіч.- Полацак [Полацк] : Грэка-каталіцкая парафія Сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку, 2008. - 55 с.
[50] Пар. С. Станкевіч, Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19 чэрвеня 1955, с. 3.
[51] Сьвятое Пісьмо. Кнігі Старога Запавету. Кніжыца І. Кніга Руты, Кніга прарока Еэля, Кніга прарока Ёны. – Нь­ю-Ёрк, 1959.
[52] Я. Пятроўскі Генезіс. – Гэйнсвіле, 1984.
[53] Я. Пятроўскі Кніга Эклізіяста, або прапаведніка. – Гэйнсвіле, 1987.
[54] Паводля сьв. Яна Эвангеле Госпада нашага Ісуса Хрыста / На беларускую мову з грэцкага тэксту пераклаў Ян Пятроўскі. – Менск – Лёндан – Нь­ю Ёрк, 1991.
[55] А. Пашкевіч. Пратэстантызм і беларускі нацыяналізм у міжваеннай Польшчы // Arche Пачатак. — 2007. — № 5 (56).
[56] LCVA, ф. 51, воп. 7, спр. 746; Кіпель В.; Пятроўскі Я.; Веснік БДУ (Менск). 1997. № 1
[57] Евангелле ад Мацьвея. Евангелле ад Лукі. Евангелле ад Марка. Евангелле ад Яна. | Пераклад М. Міцкевіча. – рукапіс, архіў Біблейскай Камісіі пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата.
[58] Пранчак Л. Беларуская Амерыка. Мінск: «Полымя», 1994. С.398-399.
[59] Напрастольнае святое Евангелле / Уклад. архіепіскап Мікалай, першы герарх БАПЦ. - Таронта (Антарыё), 1988. - ХХIV, 316, 148 с.: ілл., факсім.
[60] Багаслужбовы Апостал. Кніга першая. - Таронта (Антарыё, Канада): БАПЦ, 1998. - 645 с.
[61] Парэміі: збор 285 парэмій, якія чытаюцца на багаслужбах/упарадкаваў мітрапалітМікалай. – Таронта: Беларус. Праваслаўн. Царква, 1993. – 246 с.
[62] Псалмы 52, 54, 90. // Шостая гадзіна, брашура-машынапіс для царкоўнага ўжытку, Чыкага, б.д. [1960-1980]. – 8 с. – сс. 2-5.;
Psalm 1; Psalm 103 (104) (Выбраныя вершы).//Viacernia, б.д. [1960-1980]. – 7 с. – сс. 2-4.;
Псалом 50 // Служба Божая або сьв. Літургія сьвятога Яна Хрызастома, а таксама некаторыя дадатковыя малітвы на розныя нагоды й урачыстасьці ды штодзённыя пацеры./апрацаваў В. П. - Чыкаго, 1958 – 150 с. – сс. 132-134.
[63] А. Аўдзяюк, "Наша слова", №№ 46-47/2011.
[64] Д. Ясько, „Новы Запавет” у беларускай мове, у: „Бацькаўшчына”, № 48, Мюн­хэн, 30 студзеня 1949, с. 3.
[65] Новы Закон Спадара а Спаса нашага ІсусаХрыста | З мовы грэцкае на вялікалітоўскую (беларускую) нанава перакладзены/Пераклад Я. Станкевіча. — Нью-Ёрк: Вялікалітоўскае (Беларускае) Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны, 1970. — 260 с.
[66] Сьвятая Біблія: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону|З мовыгабрэйскае а грэцкае. – Нью Ёрк, 1973. – 840 + 260 с.
[67] І. Трацяк, Біблія ў кантэксце беларускай культуры, Гродна 2002, с. 45.
[68] Ю.Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939-1944). Менск, 2002.
[69] Біблія. Кнігі Святога пісання Старога й Новага Запаветаў. [На падставе рукапісаў Ул. Чарняўскага; Навук. рад.пер. Ж. Некрашэвіч-Кароткая; праф. Оксфардскага універсітэта Джон Элволд]. – Мн. :Біблейскае Таварыства ў РБ, 2012. – 1120 с
[70] А. Гардзіенка“Ксяндзу Ўладзіславу Чарняўскаму – 85” // Наша Ніва, № 4 (213), 2001 г.
[71] «Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове» (Інтэрвію з пробашчам Вішнеўскага касьцёла айцом Уладзіславам Чарняўскім) // Хрысьціянская думка. 1993, № 3
[72] М. Казлоўскі, Правадыр і слуга, "Наша слова", №1(15)/2001.
[73] Idem.
[74] Уладзіслаў Чарняўскі / Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991 гг. — Мн., 1999. с.93—94.
[75] Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. - Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999.
[76] Які будзе лёс перакладу Бібліі айца Ўладыслава Чарняўскага? \\ РадыёСвабода, 18 сьнежня 2002 \\ www.svaboda.org.
[77] Біблія. Кніга Роду / пер. Айца Ул. Чарняўскага МІС. – Менск, Унія, 1997. - 78 с.
[78] Новы Запавет / пер. Ул. Чарняўскага; гал. рэд. В. Нікіцін, адк. рэд. А. Бокун. - Менск, [б.в.], 1999. - 464 с.
[79] Біблія. Пяцікніжжа / пер. з лац. У. Чарняўскага; пад рэд. Станіслава Акіньчыца. – Менск, Юніпак, 2002. - 249 с.
[80] Сяргей Абламейка. Які будзе лёс перакладу Бібліі айца Уладзіслава Чарняўскага? — Сімвал веры. — Радыё «Свабода», 29 снежня 2001.
[81] Новы Запавет / [Літ. апрац. тэкста А. Бокуна; Пер. на беларус. Ул.Чарняўскага; Навук. рэд. пер. Ж. Некрашэвіч-Кароткая]. - Мн. :Біблейскае таварыства, 2003. - 301, [1] с.
[82] Біблія. Кнігі Святога пісання Старога й Новага Запаветаў. / [На падставе рукапісаў Ул. Чарняўскага; Навук. рад. пер. Ж. Некрашэвіч-Кароткая; праф. Оксфардскага універсітэта Джон Элволд]. – Мн.: Біблейскае Таварыства ў РБ, 2012. – 1120 с.
[83] Напрастольнае святое Евангелле / Уклад.архіепіскап Мікалай, першы герарх БАПЦ. - Таронта (Антарыё), 1988. - ХХIV, 316, 148 с.: ілл., факсім.
[84] Парэміі: збор 285 парэмій, якія чытаюцца на багаслужбах/упарадкаваў мітрапаліт Мікалай. – Таронта: Беларус. Праваслаўн. Царква, 1993. – 246 с.
[85] Багаслужбовы Апостал. Кніга першая. - Таронта (Антарыё, Канада): БАПЦ, 1998. - 645 с.
[86] Выбраныя тэксты Старога і Новага Запаветаў (Парэміі, Псалмы, Апосталы, Евангельлі, Пракімены, 9 песьняў Сьвятога Пісаньня) // Літургічныя тэксты, Лёндан, Божым шляхам, 1970-2004.
[87] Эвангельлі нядзельныя і сьвяточныя : Апракос // Уклаў д-н Сяргей Стасевіч, Пераклады згарманізавала й выправіла Ірына Дубянецкая. - Вільня: Наша будучыня, 2006. – 252 с., іл.
[88] Біблія: Стары Запавет: Час маўчаць і час прамаўляць (Экл. 3.7): Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка. – Найвышэйшая песня Саламонава (Перакл.В. Сёмухі) || Далягляды, 1990. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. – с. 187 – 214.
[89] Найвышэйшая песня Саламонава : [Біблейскаякніга] / [пераклад на беларускуюмову В. Сёмухі; мастак А. Кашкурэвіч]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. – 78 с., іл.
[90] Найвышэйшая песня Саламонава : [Біблейскаякніга] / [пераклад на беларускую мову В. Сёмухі; мастак А. Кашкурэвіч]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. - 84, [1] с.
[91] М. Пейган, М. Сінкевіч. Гаркавы подых вайны // Раённыя будні. — 11 ліпеня 2012. — № 52 (9498). — с. 5.
[92] Новы Запавет. Псалтыр. / Пер. з царкоўнаславян. В. С. Сёмухі. - Мн.: ВЦ "Бацькаўшчына", 1995. - 488 с.
[93] Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. – Duncanville, USA: WorldWidePrinting, 2002. – 1534 c.
[94] А. Аўдзяюк, "Наша слова", №№ 46-47/2011.
[95] Царкоўнае Слова, Т. Матрунчык, Да 20-годдзя ўтварэння Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы №52, 2009, С. 4-6.
[96] Царкоўнае Слова, Т. Матрунчык, Да 20-годдзя ўтварэння Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы №52, 2009, С. 4-6.
[97] Евангелие Господа нашего Иисуса Христа (от Матфея) на четырех языках эллинском, славянском, российском и белорусском: с параллельными местами. – Минск: Белорусский Экзархат, 1991. – 235, [11] с., [16] л. ил.
[98] Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Марка. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай: з паралельнымі месцамі. – Мн.: Выд-ва. Бел. Экзархата БПЦ, 1999. – [4], 156 с., [1] л. каляр. iл.
[99] Святое Евангелле паводле Лукі | на чатырох мовах: грэч., славян., рус. і беларус.: з парал. месцамі. - Мн. : Свята-Петра-Паўл. сабор, 2003. - 262, [4] с., [1] л. iл. - (Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста ; Кн. 3).
[100] Святое Евангелле паводле Іаана | на чатырох мовах: грэч., славян., рус. і беларус.: з парал. месцамі. - Мн. : Праваслаўн. прыход Свята-Петра-Паўл. сабора, 2005. - 198, [4] с., [1] л. іл. - (Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста ; Кн. 4).
[101] Свяшчэннае Евангелле / [пераклад на беларускую мову]. – Мінск: Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, 2007. – 303, [1] с., [4] л. каляр. іл.
[102] Дзеянні Сьвятых Апосталаў: на чатырох мовах: грэч., славян., рус. і беларус.: з парал. месцамі. - Мн.: Мінская фабрыка каляровага друку, 2010. - 271 с. - (Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста; Кн. 5).
[103] Святое Евангелле, секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, - Мінск: Про Хрысто, 2012. – 208 с.
[105] Евангельле/Адказны рэд. кс. Уладыслаў Завальнюк. Студыйная праца перакладу паводле "BibliaTysiąclecia". Студыйны тэкст для ўнутраных патрэб парафіі касьцёла сьв. Сымона і Алены. Выданне другое. – Мінск, 2007. – 285 с.
[106] Евангельле / Адказны рэд. кс. Уладыслаў Завальнюк. Студыйная праца перакладу паводле "Biblia Tysiąclecia". Студыйны тэкст для ўнутраных патрэб парафіі касьцёла сьв. Сымона і Алены. – Мінск, 1997.
[107] Сьвятое Эвангельле паводле Яана, - Менск: Беларуская Эвангельская Царква, 2010. – 67 с.

 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (4 votes)
Аватар пользователя surynovic