Дайліда - Крэўская рэлігійная рэформа і яе наступствы - 1

С книгами, рекламируемыми на сайте, можно лично ознакомитьсявступив в клуб Эсхатос, или оформив заявку по целевой программе.
Дайліда - Крэўская рэлігійная рэформа і яе наступствы - 1
Урыўкі з артыкула з кнігі Алёхно Дайліда "Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі"
  1. Перадумовы Крэўскае уніі
  2. Агульныя звесткі
  3. Хрост Ягайлы
  4. Віленскі сойм 1387 г.

1. Перадумовы Крэўскае уніі

 
У 1377 г. па смерці вялікага князя літоўскага Альгерда вялікакняскі сталец заняў яго сын Ягайла. Калі ў 1376-1377 гг. Альгерд імкнуўся ўсправіць гаспадарствава-царкоўны звяз з Маскоўскім княствам - адбыліся перамовы з маскоўскім князем і мітрапалітам аб жаніцьбе Ягайлы з дачкою маскоўскага князя, пераходзе ўсёй Літвы ў праваслаўе і задзіночанні мітраполіі ўсяе Русі [1], - то па смерці Альгерда гэтыя праекты былі скасаваны. У ладнай меры гэтаму паспрыяла палітыка маскоўскіх князёў, якія не жадалі задзіночання мітраполіі ўсяе Русі на чале з літоўскім мітрапалітам [2].
 
У снежні 1375 г., паводле дамоўленасці Альгерда з Канстантынопальскім патрыярхатам, пастаўленік Альгерда баўгарскі манах Кіпрыян быў высвячаны ў Канстантынопалю на "мітрапаліта Кіеўскага, Рускага і Літоўскага" з правам пераходу да яго тытулу мітрапаліта "ўсяе Русі" па смерці састарэлага маскоўскага мітрапаліта Алексія. Па смерці Алексія (12 лютага 1378 г.) мітрапаліт Літоўскі Кіпрыян афіцыйна стаўся мітрапалітам "усяе Русі". Але маскоўскія ўлады адмовіліся ад магчымасці задзіночання мітраполіі на чале з літоўскім мітрапалітам і не прызналі Кіпрыяна. Падчас выправы Кіпрыяна ў Маскву ў чэрвеню 1378 г. адбылося надзвычайнае (Кіпрыян у сваім лісце сам пісаў, што "...елико створилося надо мною, еже не створилося ни над единым святителем, как Руская земля стала"): старожа маскоўскага князя забараніла мітрапаліту ўязджаць у горад, паланіла яго, не зважаючы на лісты патрыярха і бізантыйскага цэсара, кінула ў вязніцу ды, абрабаваўшы (забраўшы сорак коні, адзенне і іншыя рэчы), выгнала з гораду [3]. Гэтым учынкам Масква паказала Літве, што адмаўляецца ад колішняга Альгердава праекту задзіночання мітраполіі на чале з літоўскім мітрапалітам.
 
Зацверджанне ў бізантыйскай царкве (па грамадзянскай вайне 1341-1347 гг.) паламіцтва не спрыяла інтэграцыі ў яе Літвы. Выпіраючыся дыялогу з каталіцкаю царквою, антылацінская партыя ў Бізантыі шукала радыкальныя адрозненні свайго богаслоўя ад каталіцкага і знайшла іх у навуцы Грыгора Паламы, сутнасць якое складалася ў замене традыцыйнага хрысціянскага спірытуалізму дыялектычнаю метафізікаю энэргій, блізкаю да крэацыянісцкай (жыдоўскай) метафізікі [4]. Новая партыя, што прыйшла да ўлады ў Бізантыі ў 1347 г., абвясціла (пасля доўгага і напружанага змагання з часткаю інтэлектуальнае і палітычнае эліты Бізантыі) навуку Паламы афіцыйнаю тэалогіяй бізантыйскае царквы. Гэтыя навіны ў бізантыйскай царкве не маглі спрыяць поўнай інтэграцыі ў яе Літвы дзеля радыкальна спірытуалісцкага характару літоўскага хрысціянства. Урэшце адмова паламіцтва ад традыцыйнага хрысціянскага спірытуалізму адгарнула Літву ад грэцкай царквы, у той час як адначаснае падвышэнне ў каталіцкай царкве ролі францысканаў і блізкіх ім плыняў аўгустынісцкага ладу азначала магчымасць лягчэйшае інтэграцыі літоўскае рэлігіі ў каталіцкую царкоўную арганізацыю (гл. ніжэй).
 
Да падзей 1347 г. бізантыйскія ўлады вельмі прыязна ставіліся да Літвы і яе далучэння да бізантыйска-праваслаўнага свету: цэсар Андронік II у 1300 г. падвысіў Літоўскае біскупства на ровень Літоўскае мітраполіі; цэсар Андронік Ш у 1337 г. згадзіўся на аднаўленне Галіцкае мітраполіі, якой часова прыслухалі літоўскія біскупствы. Цэсар Андронік III і патрыярх Калека таксама падтрымвалі антыпаламітых у іхнім змаганні проці паламіцкіх навін. Вядома, што літоўскія паслы ў Канстантынопалю падтрымвалі антыпаламітых, то бо старую бізантыйскую тэалагічную плынь [5]. Трэба адзначыць, што і руская царква адразу не прыняла паламіцкія навіны: мітрапаліт Кіеўскі Феагност (родам грэк і абазнаны богаслоў) даслаў у Канстантынопаль адмысловае адпрэчванне паламіцкіх ідэй і выкляў прыхільнікаў Паламы (як учыніў і патрыярх Баўгарскі Феадосій) [6]; адно маскоўскі мітрапаліт (ад 1354 г.) Алексій, блізкі да новых паламіцкіх улад Бізантыі, пачаў пашыраць у маскоўскай царкве паламіцкія ідэі.
 
Па перамозе паламітых у 1347 г. адбыліся значныя змены ў замежнай царкоўнай палітыцы Бізантыі. Адным з першых крокаў новага цэсара Івана Кантакузэна, які прыйшоў да ўлады ў пачатку 1347 г., было скасаванне Галіцкае мітраполіі. Прыход да ўлады паламітых адмоўна адбіўся і на стаўленні Літвы да бізантыйскай царквы: паводле сведчання Нікіфара Грыгары (прыхільніка антыпаламітых), калі раней вялікі князь Альгерд "абяцаў прыняць адзінаслаўную з намі веру", то пазней гэта ўжо было немагчыма "дзеля ўвязання ў нашай царкве герэзіі многабоства" (гэтак Грыгара менаваў паламіцтва) [7].
Віленскія пакутнікіЁсць падставы меркаваць, што вядомая справа віленскіх пакутнікаў 1347 г. была эпізодам змагання між новай партыяй паламітых і старой царкоўнай партыяй у Вільні: прычынаю жорсткага пакарання віленскіх пакутнікаў вялікім князем Альгердам магло быць не іхняе праваслаўе (на праваслаўе ў той час пераходзілі многія літвіны, а сам Альгерд у 1345-1346 гг. заснаваў дзве праваслаўныя царквы ў Вільні), а іхняя прыхільнасць да новай партыі паламітых, якая ў гэты час зацвердзілася ў Бізантыі. Жывоты і іншыя крыніцы аб пакутніках паведамляюць, што пасля іх у Вільні нікаго не ўціскалі за праваслаўе, а сам Альгерд дазволіў збудаваць царкву на чэсць пакутнікаў [8]. Тое, што віленскія пакутнікі пацярпелі не проста за праваслаўе, а за паламіцкія погляды, можа пацвярджацца тым, што іхні культ быў падтрыманы бізантыйскімі дзеячамі асабліва прыхільнымі да паламіцтва і быў проціпастаўлены афіцыйнай палітыцы Літоўскае мітраполіі. У другой палове 14 стагоддзя паламіцкія ўлады Бізантыі спрыялі Маскве і былі непрыязнымі да Літвы. Калі для грэкаў першае паловы 14 ст. Літва ёсць прыроднаю часткаю Русі, а літвінаў заклікаюць адно адмовіцца ад "прымхаў" і далучыцца да "адзінаслаўнай" з грэкамі рэлігіі, то ў 1370 г., адлюстроўваючы новы курс бізантыйскае палітыкі, патрыярх Філафей ужо назваў (упершыню ў бізантыйскіх крыніцах) літвінаў "чужымі нашай веры", "ворагамі крэста" і "няверуючымі ў куса Хрыста" ды заклікаў маскоўскіх князёў да вайны на Літву [9]. У фразеалогіі бізантыйскае царквы з'явіўся добра вядомы літвінам (з крыжацкае прапаганды) падзел на "хрысціянаў" і "ворагаў хрысціянаў". Афіцыйная кананізацыя віленскіх пакутнікаў у Канстантынопалю ў 1374 г. [10] магла быць адно ўмоваю пастаўлення Кіпрыяна мітрапалітам Літоўскім, але магла быць і праяваю ідэалагічнага ціску на ўлады Літвы. У выніку, ужо ў 1375 г. літоўскія князі пагражалі перайсці да каталіцкай царквы, калі Канстантынопаль не змяніў бы сваёй непрыязнай да Літвы палітыкі [11].
 
Наданне ў снежню 1375 г. новаму літоўскаму мітрапаліту Кіпрыяну тытула "мітрапаліта Кіеўскага, Рускага і Літоўскага" з забавязаннем патрыярхату ўчыніць яго мітрапалітам "усяе Русі" было вянцом царкоўнае палітыкі вялікага князя Альгерда. Па смерці Альгерда гэтым планам не наканавана было ўжыццявіцца: у чэрвеню 1378 г. (як было адзначана вышэй) маскоўскія ўлады пайшлі на жорсткі закалот з высвячаным у Канстантынопалю мітрапалітам Кіпрыянам. Палітыка дзейнага выпірання Масквы Ордзе, распачатая ў гэты час не без падтрымкі бізантыйскіх улад, давяла да першай спаважнай акцыі Масквы проці Орды - перамогі над ордскімі войскамі ў бітве на Вожы ў жніўні 1378 г.
Літоўскаму ўраду сталася зразумела, што Альгердаў праект літоўска-маскоўскага звязу ў такіх умовах немагчымы. Урад Ягайлы займеў бачанне на захад: у 1379 г. адбылося падарожжа князя Скіргайлы да караля Вугоршчыны і рымскага папежа, дзе Скіргайла абмяркоўваў магчымасць увязання ў Літве каталіцтва. У той жа час Масква працягвала курс на канфрантацыю з Літвою і Ордаю: узімку 1379-1380 гг. адбыўся паход маскоўскіх войскаў на Трубчаск і Старадуб. Улетку 1380 г. войскі маскоўскага вялікага князя Дзмітрыя !ванавіча, разам з войскамі літоўскіх князёў Андрэя і Дзмітрыя Альгердавічаў разбілі ў Кулікоўскай бітве войскі Орды, якія падтрымваў Ягайла. Традыцыйны ваенна-палітычны звяз Орды і Літвы, на якім у ладнай меры была збудавана вонкавая палітыка Вялікага княства Літоўскага ў 13-14 ст. (гл. артыкул "Літва і Орда..."), быў пастаўлены пад сумнеў перамогаю Масквы ў гэтай бітве - нездарма яна была адразу ўслаўлена ў Бізантыі дый пазней падавалася як сымбаль паўстання Маскоўскага гаспадарства. Але ў той час гэтая перамога не займела ніякіх наступстваў: вялікі паход ордскага цара Тактамыша ў 1382 г. раздушыў ваенныя амбіцыі маскоўскіх князёў і скончыўся спаленнем Масквы. Масква не здолела разбурыць літоўска-ордскі палітычны звяз і не змагла выступіць у ролі палітычна паноўнае моцы ў дачыненні да Літвы.
Улетку 1382 году Ягайла паланіў князёў Кейстута і Вітаўта і зрабіўся самаўладным валадаром Літвы. Увесну 1383 г. Ягайла распачаў перамовы з польскімі князямі аб магчымай уніі з Польшчаю. У 1384 г. польска-мазоўскія войскі спрабавалі заняць Дарагічын і Мельнік на Падляшшы, але Ягайла зладзіў ваенны паход на Польшчу, разрабаваўшы ўсходняпольскія землі да Віслы. У студзені 1385 г. адбылося пасольства польскіх паноў да Ягайлы з прапановаю заняць польскі сталец і ўвесці ў Літве каталіцтва. Гэтыя дамоўленасці атрымалі лістоўную форму ў жніўні 1385 г. у Крэве, дзе быў укладзены папярэдні акт уніі Літвы з Польшчаю (Крэўскае уніі).
 
Гэтак каротка выглядаюць перадумовы Крэўскае уніі і злучанае з ёю рэлігійнае рэформы ў Літве. 14 жніўня 1385 г. у Крэве між літоўскім і польскім урадамі быў укладзены папярэдні акт, паводле якога Ягайла мусіў стацца каралём Польшчы, далучыць Вялікае княства Літоўскае да польскай кароны і ўвесці ў Літве каталіцкую веру. У лютым 1386 г. Ягайла ў почце літоўскіх князёў і баяраў прыбыў у Кракаў, 14 лютага Ягайла быў хрышчаны ў каталіцтве з імем Валадыслава і ажаніўся з каралеўнаю Ядзвігаю, 17 лютага Ягайла быў каранаваны як кароль Польшчы. Праз год, у лютым 1387 г., адбыўся сойм у Вільні, на якім Ягайла выдаў граматы аб устаўленні і ўпасажанні ў Літве каталіцкае царквы.
 
У гэтым артыкуле мы не будзем разглядаць прычыны і палітычныя матывы абрання Літвою свайго курсу ў 1385 г. Мы адно разгледзім уласна падзеі і наступствы злучанае з Крэўскаю уніяй рэлігійнае рэформы ў Літве, мэтаю якое было перавядзенне літвінаў на каталіцтва, - рэформы, якая распачалася з хросту вялікага князя Ягайлы і некаторых літоўскіх князёў і баяраў у каталіцтве ў лютым 1386 г. і з заснавання першых каталіцкіх дыяцэзій у 1387 г. ды працягвалася з рознаю моцнасцю на працягу наступных гадоў. Умоўнаю мяжою канчатку гэтае рэформы мы кладзем час Гарадзельскага прывілея 1413 г. і заснавання аўтакефальнае праваслаўнае Літоўска-Кіеўскае мітраполіі ў 1415 г. Увесь комплекс звестак гістарычных крыніц аб гэтай рэлігійнай рэформе ў Літве (умоўна назавем яе "Крэўскаю рэлігійнаю рэформаю") дазваляе, з аднаго боку, канчаткова пацвердзіць і праясніць вышпісаную тэзу аб канфесійным характару назову "літвіны" да Крэўскай уніі, а з другога боку, даць выяўны нарыс істасці самое гэтае рэлігійнае рэформы, то бо ўмоў і працэсу пераходу часткі літоўскага народу на каталіцтва ды наступстваў гэтага працэсу для нацыянальнай ідэнтычнасці тытульнае нацыі Вялікага княства Літоўскага.
 

2. Агульныя звесткі

 
Некаторыя даследнікі ўжо адзначалі, што ёсць досыць сведчанняў аб хрысціянстве Літвы яшчэ да Крэўскай уніі. Важныя сведчанні аб гэтым выступаюць у моўных фактах: у факце панавання ў літоўскім касцёле беларускае мовы (гл. ніжэй), а таксама ў захаванні ў жамойцкай мове старажытнага пласту царкоўнае лексікі, які быў суцэльна беларускім.
 
Польская даследніца Н. Бароўская адзначала: "Беспярэчным даводам існавання хрысціянства ў Літве да часоў Ягайлы, у любым разе, ёсць склад літоўскае царкоўнае тэрміналогіі. Гэта было хрысціянства ўсходняга абраду з славянска-рускай царкоўнай тэрміналогіяй. Хрост Літвы, учынены Ягайлам, трэба разумець, відаць, гэтак, што ён замяніў усходні, праваслаўны абрад, што існаваў дагэнуль пры княскіх дварох, сярод некаторай часткі паноў, рыцарства і мяшчанства - каталіцкім..." [12].
 
Мовазнаўца А. Сенн пісаў: "Польскія місіянеры, якія прыйшлі да літвінаў, знайшлі ў іх ужо гатовую царкоўную тэрміналогію, якую яны прынялі без адмен. Гэтая тэрміналогія была беларускага паходжання. Літвіны ўзялі яе ад беларускіх місіянераў, значыць, ад праваслаўных. Гэтая праваслаўная місія, відаць, была паспяховаю. Яна была так паспяховаю, што частка гэтае беларускае тэрміналогіі захавалася аж да дваццатага стагоддзя" [13]. Цэлы пласт усходнеславянскае царкоўнае лексікі нават праз стагоддзі каталіцкага ўплыву захаваўся без адмен у жамойцкай мове (гл. артыкул "Германскі суперстрат у старажытнай Літве"). Мовазнаўца К. Буга аб беларускіх царкоўных тэрмінах у жамойцкай мове пісаў: "Усе гэтыя хрысціянскія тэрміны, без сумневу, ужо карысталіся правамі грамадзянства да 1386 г.; інакш на месцы рускіх тэрмінаў мы мелі б польскія" [14].
 
Канфесійны характар назову "літвіны" да Крэўскай уніі (то бо факт вызнання супольнасцю літвінаў некаталіцкае адмены хрысціянства) пацвярджаюць сведчанні разнастайных крыніц (як літоўскіх, так і замежных) аб уласна актах пераходу на каталіцтва вялікага князя Ягайлы і іншых літвінаў. Разгледжанне ўсіх крыніц па гэтым пытанні дазваляе цвердзіць, што няма жаднае гістарычнае звесткі, якая б сведчыла, што Ягайла і іншыя літвіны прыймалі "хрысціянства", пакінуўшы нейкае "паганства" (то бо быццам нехрысціянства), - усе крыніцы па гэтым пытанні кажуць, што Ягайла ды іншыя літвіны прыймалі "каталіцкую веру" або "артадаксальную веру" (а не "хрысціянства"). Датычна ж былое веры Ягайлы і іншых літвінаў заходнія крыніцы ўжываюць звыклыя выпісальныя фразы няпушч "цемра простанароднае веры", "народныя аблуды" і да т.п., пераходзячы нарэшце да скразнае характырыстыкі яе як "вераадступніцтва" (perfidia), то бо да наўпростага прызнання яе хрысціянскаю герэзіяй.
 
У звестках літоўскіх летапісаў аб дакрэўскім рэлігійным жыцці Літвы засталіся некаторыя ўскосныя драбніцы, якія ў моц сваёй відавочнасці могуць быць выяўнымі сведчаннямі аб сапраўдным характару дакрэўскае рэлігіі Літвы. Літоўскія летапісы, як і іншыя крыніцы па гэтым пытанні, анідзе не кажуць аб прыйманні Ягайлам або Літвою "хрысціянства" - Ягайла і літвіны прыймаюць "рымскую" (або "лацінскую") веру. "Летапісец вялікіх князёў літоўскіх" кажа, што Ягайла прыняў "крещенье старого Рыму", і "оттоль почала креститися литва y лядъскую веру або рымскую", "оттуль почали хрыстити литву в латинскую веру" [15]. Хроніка Быхаўца гэтак апавядае аб каталіцкім хросце Ягайлы ў Кракаве ў лютым 1386 г.: "...и там Ягойло вшедшы во церков и прынял веру рымскую и охрестился, и дали ему имя Владислав". Гэта нічым не розніцца ад нарысу адначаснага (там жа, разам з Ягайлам) перахросту Вітаўта з праваслаўя (якое Вітаўт, як вядома, прыняў у 1384 г.) у каталіцтва: "И тогды ж князь велики Витолт охрыстился и веру рымскую прынял, и дали ему имя Александер..." [16]. Паводле летапісаў, Ягайла прыймае і пашырае ў Літве не "хрысціянства", а "іх веру", "лацінскую" або "рымскую" веру: "Ягойло на то прызволил ведлуг их воли, веру их латинскую прымати", "и почал розмножать веру рымскую в Литовском панстве" [17]. Бадай нельга даўнімаць неахайнасць у паведамленнях аб так важных падзеях: такім парадкам літоўскія летапісы, хай ускосна, але сведчаць аб хрысціянстве Ягайлы і наогул усёй Літвы да Крэўскай уніі. Чыста адрознымі ад гэтых звестак аб Літве выступаюць звесткі літоўскіх летапісаў аб Жамойці, якія паведамляюць, што Жамойць была "до веры христианской приведена", з "балвохвалства"; "Витовт ... всю жомойть казал хрыстити з веры поганское у веру хрыстианскую" [18], - у сапраўды язычніцкай Жамойці было папраўдзе ўвязана "хрысціянства", на адрозненне ад даўно хрысціянскае Літвы.
 
Звесткі аб каталіцкім хросце Ягайлы і ўвязанні каталіцтва ў Літве ў 1386-1387 гг. маюць наўпростыя паралелі з пытаннем каталіцкага хросту вялікага князя Міндоўга ў 1252 г. Як мы адзначалі раней (гл. артыкул "Германскі суперстрат у старажытнай Літве"), жадная крыніца не кажа аб тым, што Міндоўг прыняў "хрысціянства", - усе звесткі аб хросце Міндоўга кажуць, што ён прыняў "каталіцкую веру", а былую веру Міндоўга і іншых літвінаў выпісуюць як "аблуды" (erroris) ды "цемра простанароднае веры" (tenebris gentium), нарэшце азначаючы яе як "вераадступніцтва" (perfidia) (т.б. як хрысціянскую герэзію). Чыста гэтак жа заходнія крыніцы выпісуюць пераход Ягайлы і літвінаў на каталіцтва ў 1386-1387 гг.
 
Віленская катэдраЯшчэ ў 1384 г. крыжакі менавалі Ягайлу і іншых літоўскіх князёў "вераадступнымі": "...Litwanorum rex nomine Jagel adjunctis sibi regibus XI similis perfidie..." - ".. .князь літвінаў на імя Ягайла, далучыўшы да сябе адзінаццаць князёў, такіх жа вераадступных..." [19]. У прэлімінарным акце Крэўскае уніі з 14 жніўня 1385 г. Ягайла сведчыў, што ён сам, а таксама літоўскія князі, баяры і зямяне імкнуцца і жадаюць прыняць "каталіцкую веру" (fidem katholicam) (а не "хрысціянства") [20]. У прывілеі Ягайлы літоўскай каталіцкай шляхце з 20 лютага 1387 г. было абвешчана, што літоўскія баяры і зямяне прыймалі "праўдзівую, то бо каталіцкую веру", "каталіцкую веру або рэлігію", "каталіцкую веру" (ortodoxae ac catholicae fidei ... fidei atque religionis catholicae ... fidem catholicam) [21]. У прывілеі для літоўскага касцёлу з 22 лютага 1387 г. Ягайла пісаў, што літоўскі народ пакінуў "многія абмылы і аблуды" (multis errorum et dubiorum), "язычніцкія аблуды" (errores paganorum) ды прыняў "каталіцкую веру" (fidem catholicam), перайшоў да каталіцкай веры і рымскай царквы (ad fidem catholicam et S. Romanae Ecclesiae); літвіны былі неафітамі не ў "хрысціянстве", а ў "каталіцкай веры" (Lituani in fide catholica neofiti) [22].
 
Досыць выяўным сведчаннем аб стаўленні самаго Ягайлы да прынятае ім веры ёсць словы з граматы Ягайлы князю Скіргайлу з 28 красавіка 1387 г.: "Аж ся нам то прылучыло тая вера прыняти и держати..." (гл. дад. №29). Ягайла зноў не кажа аб прыйманні ім "хрысціянства", а выпісуе каталіцтва проста як "тая вера" (то бо як адну з некалькіх хрысціянскіх канфесій), то бо не бачыць вялікіх адрозненняў між сваёй старой верай і каталіцтвам, такім чынам ускосна сведчучы аб сваім хрысціянстве да Крэўскай уніі.
 
У актах фундацый і ўпасажанняў першых літоўскіх касцёлаў і каталіцкіх дыяцэзій таксама няма нічога аб прыйманні літвінамі "хрысціянства" - усе яны кажуць аб прыйманні Літвою "каталіцкае веры" або "артадаксальнае веры". Гэтак, у лісце караля і вялікага князя Ягайлы з 2 траўня 1387 г. аб упасажанні касцёлу ў Лідзе мова была аб пераходзе літвы "да святой каталіцкай веры" (ad sacram fidem catholicam) [24]. У лісце Ягайлы аб заснаванні парафіяльнага касцёлу ў Абольцах з 1 чэрвеня 1387 г. мова была аб пераходзе літвы з "аблуд" (erroreque) да "артадаксальнай веры" (orthodoxae fidei) [25]. Папеж Урбан VI у 1388 г. у лісце з зацверджаннем Віленскае архідыяцэзіі таксама не пісаў, што Ягайла і літвіны прынялі "хрысціянства", - Ягайла і літвіны пакінулі былое "нявер'е" (infideles) ды прынялі "каталіцкую веру" (fidei catholice), "ісціну каталіцкае рэлігіі ды артадаксальнае веры" (verae catholicae et orthodoxae fidei) [26].
 
Такую ж фразеалогію папская курыя і крыжакі ўжывалі да літвінаў здаўна. Гэтак, яшчэ ў 1249 г. ліфлянцкі ляндмайстар Стырлянд патрабаваў ад вялікага князя Міндоўга прыняць "агульную хрысціянскую веру" [27]. Рызская капітула ў 1298 г. пісала аб патрэбнасці пераходу літвінаў ад "прымхлівых абрадаў" (ritus superstitiosos), "аблуднай сэкты" (erronee secte) да "артадаксальнай веры" (ortodoxe fidei) [28]. Папеж Ян ХХІІ у 1317 г. заклікаў вялікага князя Гедыміна адмовіцца ад "цемры аблуд" (cecitatis errore) ды прыняць "ісціну каталіцкае веры" (catholice fidei veritatem) [29]. У 1324 г. папеж пісаў аб патрэбнасці пераходу літвы "з цемры нявер'я да артадаксальнай веры" (...gentes, infidelitatis tenebris involutas, ad fidem pertrahere orthodoxam), да "адзінства хрысціянскай веры" (unitatem fidei christiane), да "вяртання да святла праўдзівае веры" (redeuntibus ad fidei vere lumen) [30]. У 1349 г. папеж Клімент VI заклікаў літоўскіх князёў перайсці ад "улады д'ябла" і "цемры аблуд" да "нашай веры" (nostre fidei), "ісціны каталіцкае веры" (catholice fidei) [31]. У 1357 г. польскі кароль Казімір пісаў папежу аб сваіх высілках дзеля пераводу "няверных" (infideles) літвінаў "да артадаксальнай веры" (ad fidei ortodoxe cultum) [32]. У 1373 г. папеж Грыгор ХІ заклікаў літоўскіх князёў пакінуць "хлусню д'ябла" і "аблуды нявер'я" (infidelitatis errorem) ды далучыцца да "каталіцкай веры" (fidem catholicam) [33].
 
Чыста ў такіх жа азначэннях выпісвалі сучаснікі далучэнне Літвы да каталіцкага касцёлу падчас Крэўскае рэформы. У лісце, выдадзеным каралём Ягайлам і вялікім князем Вітаўтам у Лідзе 20 траўня 1397 г. з падзякаю першаму віленскаму біскупу Андрэю Васіле, зноў не было анічога аб прыйманні Літвою "хрысціянства" - Ягайла і Вітаўт пісалі, што літоўскі народ быў "прыведзены ад цемры народных аблуд да пазнання каталіцкага адзінства" (...gentem Lithuanicam, noviter de tenebris gentilitatis ad agnicionem catholice unitatis eductam...) [34]. У прывілеі караліцы Ядзвігі Кракаўскаму ўніверсітэту 1397 г., які разгалашаў, што ўніверсітэт павінен служыць мэце пашырэння каталіцкае навукі ў Літве, адзначалася, што Літва надовечы перайшла ад "вераадступніцтва" (perfidiae), "цемры аблуд" (tenebrescat erroribus) да адзінства з рымскаю, то бо агульнаю царквою (sacrosanctae Romanae ac universalis Ecclesiae unitatem). У такіх жа выразах выказваўся прывілей караля Ягайлы аб той жа рэчы: Літва перайшла ад "народных аблуд" (de gentilitatis erroribus) да прыймання "каталіцкае веры" (per assumptionem sacrae fidei catholicae). Кракаўскі біскуп Пётр Выш у сваёй грамаце Кракаўскаму ўніверсітэту ў 1401 г. перамаўляў словы вышменаванага прывілея Ягайлы, а таксама паставіў Літву ў адзін рад з Валахіяй і Руссю, якія дзеля руплівасці Ягайлы "пакінулі слепату старажытнага нявер'я" і "далучыліся да праўдзівай веры" (... terras ipsas videlicet Lytwaniae, Walachiae et Russiae incolentium, quad vetusta infidelitatis coecitate deordinatas, iam senescentibus saeculis, ad sui nominis agnitionem et orthodoxae fidei integritatem...) [35].
 
У Гарадзельскім прывілеі 1413 г. зноў было адзначана, што Ягайла некалі прыняў "каталіцкую веру" (fidei catholicae). У гэтым жа прывілеі было адзначана, што сярод "вернікаў хрысціянскае рэлігіі" (cultores Christianae religionis) у Літве былі не адно "падданыя рымскай царквы", але і "схізматыкі і іншыя няверныя" (scismatici vel alii infideles) [36]. У пасланні сіноду гнезненскае правінцыі да вялікага князя Вітаўта 1420 г. з падзякаю Вітаўту за клопат пра літоўскі касцёл зноў не было нічога аб прыйманні Літвою "хрысціянства": у Літве была ўвязана і шырылася "каталіцкая вера" (fidem katholicam) [37]. Энэй Сільвій у 1440-х гадох пісаў, што Ягайла, хрысціўшыся ў каталіцтве, "распусціў сваю сэкту" (secta sua dimissa) [38]. Ян Длугаш пісаў, што Ягайла і яго браты, пакінуўшы "простанародную цемру" (tenebra gentium) і "народныя аблуды", прынялі "святую артадаксальную веру" (fidem Sanctam orthodoxam gentili errore obiecto profitentar et suscipiunt) [39]. Ёсць і іншыя сведчанні, якія выпісуюць пераход на каталіцтва Ягайлы ды іншых літвінаў як пераход "з цемры аблуд да святла ісціны" і да таго падобнае [40]. У жадным з гэтых сведчанняў не сказана, што Ягайла пакінуў "язычніцтва" (т.б. нехрысціянскую веру): былая вера Ягайлы і іншых літвінаў называецца "аблудамі", "простанароднаю цемраю" або "вераадступніцтвам" (то бо яўна называецца хрысціянскай герэзіяй). I ў жадным з усіх гэтых сведчанняў няма цверджання, што Ягайла і іншыя літвіны прынялі "хрысціянства", - усе яны кажуць, што літвіны прыймалі "каталіцкую (або: лацінскую, рымскую) веру".
 
Ускосна пацвярджаюць хрысціянства літвінаў да Крэўскай уніі і рускія звесткі: гэтак, паводле дамоўных грамат вялікага князя Альгерда з маскоўскім князем і мітрапалітам 1376­1377 гг. Ягайла мусіў не прыняць "хрысціянства", а "креститися в православную веру" [41]. Рускія летапісы нідзе не кажуць аб прыйманні Ягайлам ды іншымі літвінамі "хрысціянства": літвіны прыймаюць "латыньскую веру" або "немечскую веру". Наадварот, "крестьянскую веру" вызнавалі "два Литвина большие", якія адмовіліся пераходзіць на каталіцтва і былі дзеля гэтага пакараны смерцю ў Вільні [42].
 
Некалі да высноў аб хрысціянстве літоўскага народу да Крэўскай уніі прыйшоў славуты гісторык Літвы Тэадор Нарбут. У артыкуле аб прыйманні літоўскімі князямі каталіцтва ў 1386 г. ён пісаў: "Длугаш, які меў пад рукой усе крыніцы з часу хросту Ягайлы, выпісуючы мінуўшчыну гэтага гаспадара бесстароннім пяром, ёсць далёкі ад выяўлення яго чыстым балвахвальцам, бо выразна прыпісуе яму адно некаторыя забабоны, дзеля таго што ён з маленства быў выхаваны маткаю ў грэцкім абрадзе (...amatre Graecorum ritus, ea agore edoctus). Але ён мае на ўвазе не паганскія забабоны, а грэцкія. <...> Сам Длугаш кажа, што вялікі князь літоўскі, стаўшыся каралём польскім, пакінуў простанародную цемру (de tenebra gentium). Гэты выраз, не ўзмацнёны ясным тлумачэннем, даў прыклёп не аднаму гістарычнаму пісьменніку прамаўчаць аб гэтым хросце, альбо стварыць меркаванне паводле ўласнага бачання, без разбору крыніц, якія выкрылі б факт верагодна. <... > Аднак, каб унікнуць усякіх непаразуменняў, пагледзімо яшчэ раз у гісторыю Длугаша. Там напісана: "Вялікі князь літоўскі спярша сам, потым браты яго, князі літоўскія, баяры і дваране, <... > веру праўдзівую, адкінуўшы аблуды язычніцтва, вызналі і прынялі (fidem Sanctam orthodoxam gentili errore obiecto profitentar et suscipiunt)". <... > Зрэшты, error gentilis не ёсць уласна язычніцтвам. У той час хрысціяне заходняе царквы, пэўна, паводле апавяданняў крыжакоў як найбліжшых суседзяў, грэцкую веру Літвы ды Літоўскае Русі ўважалі за аднолькавую з язычніцтвам, асабліва дзеля нейкае сэкты, якую менавалі маніхейскаю" [43].
 
Такі ж погляд мае сучасны гісторык З. Зінкевіч, які прызнае хрысціянства літоўскага народу да Крэўскай уніі. На грунце сваіх даследванняў З. Зінкевіч прыйшоў да высновы, што да Крэўскай уніі вялікія князі Ягайла і Вітаўт вызнавалі хрысціянства ўсходняга абраду і што каталіцкі хрост літвы ў канцу 14 стагоддзя быў "у прынцыпе, ужо наваратным" [44].
 

3. Хрост Ягайлы

 
Вышпісаныя сведчанні крыніц аб "вераадступніцтве" Ягайлы да Крэўскай уніі і пакіданні ім сваёй "сэкты" падчас каталіцкага хросту досыць выяўна кажуць аб тым, што да пераходу на каталіцтва Ягайла, як і іншыя літвіны, вызнаваў некаталіцкую адмену хрысціянства. Вядома, што выхаванне Ягайлы, як і ўсіх сыноў вялікага князя Альгерда, было хрысціянскім, аб чым сведчылі розныя крыніцы. Я. Длугаш пісаў: "Альгерд ... меў дванаццаць сыноў. <...> Усіх юнакоў маці ўзгадавала паводле грэцкага звычаю, на грунце грэцкага веравызнання" [45]. Аб тым жа сведчаць і рускія крыніцы [46]. Наконадні слюбу Ягайлы з Ядзвігаю прадстаўнікі крыжакоў пры польскім двару намагаліся зганіць літоўскага гаспадара, выяўляючы яго ледзьве не напаўзвярынаю істотаю, што нават вымусіла Ядзвігу выправіць да Ягайлы пасольства, каб даведацца, ці сапраўды ейны жаніх ёсць дзікім і жорсткім "язычнікам". Аднак пасольства, вярнуўшыся ў Кракаў, запэўніла каралеўну: "Што датычыць веры хрысціянскае, то Ягайла, разам з іншымі братамі народжаны ад маткі хрысціянкі, ужо ад сама малых гадоў усмактаў хрысціянскую веру" [47].
 
Імаверна, што ў 1376-1377 гадох, калі вялікі князь Альгерд гатаваў праект гаспадарствава-царкоўнага звязу з Масквою, Ягайла быў абвешчаны ў праваслаўі і атрымаў малітоўнае імя Якаў. Т. Нарбут знайшоў у рукапісе з віленскага бернардынскага кляштара звесткі аб звоне, створаным у 1377 годзе, з надпісам "Се аз раб божы Яков Ондреевич с матерою своею Ульяною Александровою В.К.Л. дали есмо сей колокол улить в церков Св. Параскевы в Вильни во веки" [48]. Малітоўнае імя Ягайлы - Якаў - паведамляе і "Родословье великих князей Литовских" [49].
 
Аб выхаванні Ягайлы ў хрысціянскім асяроддзі і яго звыкласці да царкоўнага жыцця і хрысціянскай культуры сведчаць многія крыніцы, між іншым, ягоная грамата князю Скіргайлу з 28 красавіка 1387 г., у якой Ягайла пацвярджаў наданні лагойскай царкве св. Івана Прадцечы: "Також Логозкая дань и люди и весь доход, што Войшвилт держал, то есва по слову учынила и доспела есва монастырь, церков святаго Ивана, и прылучыла есва к церкви на веки, святому Иоанну Предтечы. <...> А хто прыобидитъ или отъиметъ от святого Ивана церкви, тот будет проклят у сий век и у будущый, а то есва учынила собе на память а святому Ивану в честь и у славу" [50].
 

ягайла

У прывілеях літоўскім касцёлам 1389 г. Ягайла менаваў касцёлы "церков" ды старажытным беларускім словам "божница", а каталіцкіх святароў менаваў "попы" [51] (гл. дад. №31). Сведчаннем аб хрысціянстве Ягайлы да Крэўскай уніі ёсць таксама ўжыванне ім (як раней Гедымінам і Альгердам) тытулатуры "Божаю міласцю вялікі князь літоўскі". Гэтак Ягайла пісаўся ў Дубіскай дамове 1382 г. і ў акце Крэўскае уніі 1385 г. (Nos Jagalo, virtute Dei dux magnus Litwanorum) [52]. Гэтую тыталатуру прызнавалі і палякі: гэтак, "Божаю міласцю вялікім князем літвінаў" (principem Jagalonem Dei gratia summum ducem Litvanorum) менавалі Ягайлу польскія паслы ў Ваўкавыску ў студзені 1386 г., калі запрашалі яго на польскі сталец [53].
 
Па ўездзе ў Польшчу Ягайла спярша быў сустрэты польскімі панамі ў Любліне, разам з імі рушыў да Кракаву, у вёсцы пад Кракавам быў абвешчаны і 12 лютага 1386 г. урачыста ўехаў у Кракаў. 14 лютага Ягайла і яго браты Вігунт, Карыгайла і Свідрыгайла ў катэдры св. Станіслава "адкінулі народныя аблуды і прынялі артадаксальную веру" [54]. Польскія гісторыкі прызнаюць, што Ягайла і яго браты былі абвешчаны і наўчаны ў веры па-беларуску [55].
 
На былое богумільства Ягайлы яўна паказуе лістоўна пасведчанае здарэнне, што адбылося ў 1386 г. у касцёле Познані падчас аб'езду надовечы каранаваным Ягайлам польскіх гарадоў. У касцёле стаяла скульптура Хрыста, а побач скульптура рагатага д'ябла. Ягайла паставіў Хрысту свечку, а д'яблу два агаркі. Калі яго запыталі аб прычынах гэтага,
Ягайла адказаў прымаўкай: "Служы Богу, а д'ябла не гняві!" [56] (прыр. такую ж прымаўку ў запісах М. Федароўскага [57]).
 
Аб былым богумільстве Ягайлы ўскосна сведчыць яго цвярозасць - ён зусім не піў хмяльнога. Таксама Ягайла быў вядомы разнастайнымі прымхамі і забабонамі, якія Длугаш прыпісваў "грэцкаму" выхаванню яго маці, але якія насамрэч, відаць, таксама трэба прыпісаць уплыву богумільства. Ягайла быў вядомы тым, што меў звычку тройчы перакручвацца вакол сябе кожны раз перад выхадам надвор, кідаць за сабой запаленыя саломінкі (каб прагнаць нячысцікаў), вырываць валасы з барады, каб, уплёўшы іх між пальцамі, мыць рукі, і іншымі прымхамі, якімі ён уразіў палякаў. Таксама Ягайла станаўко забараняў іншым дакранацца да яго асабістых рэчаў: адзежы, посуду, келіху, сурвэткі, ложка, сядла, каня. Апрача гэтага Ягайла адмаўляўся патлумачыць каму-кольвечы мэты або сэнс гэтых прымхаў [58]. Гэтыя звычкі Ягайла захаваў да сама сваёй смерці. Яшчэ на корчынскім сойме ў 1434 г. (апошні год жыцця Ягайлы) кракаўскі біскуп упікаў караля за тое, што той яшчэ не адмовіўся ад усіх сваіх "нехрысціянскіх" звычак. Ягайла ў сваёй прамове на корчынскім сойме 4 лютага 1434 г. казаў: "Аб некаторых прымхах, ад даўняга яшчэ чартоўскага звычаю ў сябе зацятых і мне самому вядомых, мушу прамаўчаць" [59].
 
Насуперак крыжацкім плёткам пра "дзікуна-язычніка" (якія крыжакі пашыралі, каб заказіць літоўска-польскаму звязу), Ягайла выявіўся рахманым і ветлівым гаспадаром, добра абазнаным у хрысціянскай культуры: ён праславіўся надзвычайнаю гасціннасцю і ветласцю да незнаёмых людзей, ніколі не кранаў хмяльнога, піў адно чыстую ваду (яго нават падавалі як прыклад цвярозасці). Ягайла сціпла апранаўся і здзіўляў усіх сваёй любасцю да чысціні: ён галіўся і мыўся штодня [60].
 
Польскі гісторык М. Кучынскі піша: "Што да яго асабістай культуры, то, па-за ўсялякімі сумневамі, сваімі звычкамі і асабістаю ахайнасцю кароль быў на галаву вышэй усяго свайго польскага асяроддзя. Па-першае, ён не ўжываў нічога хмяльнога і таму меў цвярозую галаву і заўжды панаваў над сабой. Ён еў простую ежу і сціпла апранаўся. <... > Куды б ён ні ехаў, ён заўжды браў з сабой галяк, нажніцы, шорскі і грэбень з слановае косці. Ён галіўся штодня, ужываў ільняныя хусткі да носу і ўразіў палякаў сваёй звычкай штодня браць ванну. У часы, калі багатыя купцы ды магнаты спалі ў вопратцы і на палку, кароль спаў на аксамітных сяннікох, мякка напханых ды накрытых прасцінёй. Адно пыхлівасць польскае шляхты 15 стагоддзя ды нацыянальны шавінізм і заходняя ментальнасць гісторыкаў 19 стагоддзя закажалі прызнаць, што ў сапраўднасці так менаваны "дзікі барбар" з усходу шмат у чым меў гору над "заходняй" польскай шляхтай" [61].
 
Сеўшы на польскі сталец, Ягайла прывез у Кракаў мала не ўвесь свой віленскі двор. З Вільні ў Кракаў разам з Ягайлам прыехалі лоўчыя, мастакі, музыкі. Сярод прыдворных музыкаў Ягайлы ў Кракаве былі арфісты Гапанас, лютністыя Андрэйка, Ходзька, Кацька, Падалян, Сцечка, Шудліч, флейтысты Ківала і каралеўскі бубеніта русін Білява [62]. Пры двару Ягайлы ў 1390 г. служылі лоўчыя літвін (Lythuano) Кузьма і літвін Цімуш [63].
 
"Гаспадарствавая мова і мова літаратуры, дойлідства і малярства ў Літоўскім гаспадарстве - усё гэта для самой Польшчы на момант Крэўскае уніі, дый пасля яе, беспярэчна ўспрымалася як рускае. Выхаванне вялікіх князёў літоўскіх (у тым ліку і Ягайлы), знітаваных дынастычна з рускімі княствамі, мела той самы характар. Дыкжэ не выпадкова пры двару першага польскага караля з літоўскае дынастыі Ягайлавічаў -Валадыслава-Ягайлы - панавала беларуская культура, якая ў такім раннім часе свайго ўспраўлення, як мы ўжо казалі, у аснове сваёй была старажытнаруская. Як паказуюць каралеўскія лічбавыя кнігі, не адно лоўчыя, але і лютністыя, цымбалістыя, мастакі пры польскім каралеўскім двару былі "русіны". <... > Адзін за адным паўстаюць на землях Польшчы "рускія" роспісы. Важна падчыркнуць, што яны аздаблялі не адно нутраныя каралеўскія пакоі, як гэта было ў Вавелю, а пашыраліся па цэлай Польшчы. "Рускія майстры" размалявалі сцены катэдры ў старажытнай сталіцы Польшчы Гнезне, у шырока вядомым праз сваю рэліквію Крыжа кляштару на Лысай Гары, у калегіятах найстаражытнейшых гарадоў і асяродкаў Польшчы - Вісліцы (1413-1416 гг.), Судаміру (1430-я гады) і ў касцёле св. Тройцы ў Любліне (1418 г.)" [64].
 
Фрэска
 
"Замілаванне ўсходнім малярствам Ягайла выявіў амаль ад сама пачатку свайго каралявання ў Польшчы, даручыўшы ў 1392-1394 гг. усходнім майстром работы ў бажніцы на Лысай гары і ў сваёй лажніцы. Потым ён заказаў роспісы ў Марыінскай капліцы і ў капліцы Святой Тройцы ў катэдры на Вавелю, у калегіятах у Судаміру і Вісліцы і ў катэдры ў Гнезне. Крыніцы таго часу не падаюць больш падрабязных звестак аб паходжанні майстроў, якіх мянуюць агулам як pictores Ruthenicos ("рускія мастакі"). <... > За пазнейшых часоў Длугаш азначае малярства ўсходніх майстроў як sculptura або pictura graeca, graeco opere, што сведчыць адно аб яго бізантыйскай, а не каталіцкай прыналежнасці" [65]. Я. Длугаш таксама адзначаў: "...Ягайла ад маленства меў грэцкае рэлігійнае выхаванне і густы ды заўжды захоўваў любасць да ўсяго, што патыхала грэчызнаю" [66].
Капліца
 
Ягайла да скону не авалодаў польскай мовай і размаўляў (як сведчылі самі польскія гісторыкі) вылучна "па-руску" ды іншых моў не ведаў [67]. Аб пабытовай мове Ягайлы сведчыць і занатаваная ў польскіх крыніцах звестка аб тым, што ўпершыню зайшоўшы ў кракаўскую катэдру і ўбачыўшы вялікі абраз Богародзіцы, Ягайла сказаў "Га што?" (Ha ssto) (перакладзена як "Quid est" - "Што гэта?") [68].
 
Аб уплыве ў той час старабеларускае мовы ў Польшчы сведчыць выданне Ягайлам Варцка-Вісліцкіх статутаў (зборнікаў крымінальных і цывільных законаў Польшчы) у 1420­1423 гг. па-беларуску кірыліцаю (гл. дад. №45). Перакладам гэтых статутаў з лаціны і чэскае мовы займаўся кашталян холмскі Ванько Кірдзеевіч: "Ванько Кирдеевич, пан земли Холмской, дворенин а рыцер удатный, из рады пана короля Володыслава <... > о то был стал, абы ты то книги прав Польских из латины были в часку ричь и в тых то сторонах на дальней земли рускии выложены; он о тыи то книги праведные статочне стоял, абы ему могли из чески из латины выложены быть, не бо латины чести невмевше, але литеру руску добре чтяше" [69].
 
За часу панавання Ягайлы польскія паны ўспраўлялі судовыя выракі па-руску кірыліцаю, прыкладам, па спрэчцы караля з пані Ядзвігаю Пілецкаю аб зямельных межах у Саноцкай зямлі ў 1404 г.: "Мы бискупы Мацей Премыски и Офанасей владыка Премыски, пан Ян дедич Тарновский, староста Руский, пан Кмита, воевода Сендомирский, пан Петр, воевода Мазовецкий, пан Миколай Войницкий, пан Творыян, подчяшый <...>. Како коль та реч межы нашым господарем кролем Владыславом Польским с одной стороны, межы панею Ядвигою Отиною Пилецкою и еи девкою Алжбетою с другое стороны, о волость о Залесье и о Тычын место, и о тыи села, што к тому месту прыслушаеть в земли Саноцкой, на многих роцех пред нами водилась, тогды на роце на предреченым <... > осудили есмы и осужаем: аже господар наш кроль Влодыслав напред реченый ближшы есть к тому месту к Тычыну и к тым селов и вше волости Залесской, нижли тыи пани Ядвига и еи девка волости Залеское держанье вечное правым судом напред реченому господарю королю Влодыславу Польскому и его последком прысудили есмы и прысужаем тым нашым листом..." [70]. Па-руску прысведчваў каля 1390 г. паручную грамату Ягайлу і кусташ кракаўскі Ян Бутаўтавіч (сын уцеклага некалі з Літвы князя Бутаўта Кейстутавіча, стрыечны пляменнік Ягайлы): "Се поручились у великого короля по Жедивуду князя Ходорове сыну: князь Олгимонт, князь Иван Городецкий, князь Глеб Дмитреевич, князь Ян Бутовтович кустош" [71].
 
ГусітыУ 1390 г. Ягайла заснаваў у Кракаве першы ў Польшчы славянскі кляштар для бенедыктынаў славянскага абраду, запрошаных з Прагі. У гэтым кляштару ўсе службы адбываліся вылучна ў славянскай мове і ў ім восемдзесят гадоў дзейнічала школа па вывучэнні глагалічнага пісьма. Гэтыя ж чэскія бенедыктыны былі запрошаны Ягайлам і ў каралеўскі замак на Вавелю, дзе Ягайла збудаваў для іх капліцу. Жадаючы слухаць набажэнства ў звыклай славянскай мове, Ягайла наведваў для набажэнства гэтую славянскую капліцу бенедыктынаў, а не касцёл з лацінскаю імшою [72]. Вядома, што ў 1420 г. гусіцкія паслы, прапануючы Ягайлу чэскую карону, звярталіся да яго як да гаспадара, "ад нараджэння прыхільнага" да славянскай мовы [73].
 
Існуюць сведчанні аб тым, што сам каталіцкі хрост Ягайлы ў 1386 г. быў наваратным хростам. Гэтак, Т. Нарбут пісаў: "Старшыня суполкі аматараў навук у Варшаве Сташыц на паседзінах у 1823 г. паведаміў, што граф Язэп Курапатніцкі знайшоў надовечы ў касцёле Старыжа, у Сандэцкай акрузе, старавечны барэльеф, з выяваю хросту Ягайлы. <... > Над купеллю ў мур упушчаны кавалак мармуру; на ім у невялікіх памерах выяўлены пяць або шэсць асоб: з аднаго боку архібіскуп і біскуп, з другога вялікі князь Ягайла з непакрытаю галавою, побач трохі пазаду дзве асобы, праваруч - мужчына, леваруч - дзявіца. Князь, крыху нахіліўшы галаву, трымае ў правай руцэ грэцкі крэст, схілены долу, нібыта манячыся кінуць яго на прыступкі алтара, дзе стаяць пралаты, а левую руку прыкладае да грудзей. Архібіскуп лье ваду на галаву князя з кубку, а біскуп уздымае над ім крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста. <... > Барэльеф вельмі старажытны, мала не сведка падзей" [74].
 
Звесткі аб богумільстве Літвы ў 11-14 ст. і аб рэлігійнай рэформе ў Літве, злучанай з Крэўскаю уніяй, пакінуў сучаснік вялікага князя Ягайлы - французскі кардынал Пётр д'Альі (1351-1420), які ў сваёй працы менаваў дакрэўскую рэлігію Літвы "літоўскім маніхействам" (Manicheismus Lithuanicus) (гл. дадаткі). Пётр д'Альі быў вучнем Ўільяма Окама, прыхільнікам францысканскае тэалогіі, радыкальнага аўгустынізму і аказіяналізму. Гэткія тэалагічныя погляды, відавочна, і спрычынілі цікаўнасць і прыязнь д'Альі да літоўскай веры, аб якой ён меў магчымасць даведацца на Канстанцкім збору каталіцкае царквы ад аблічнай там літоўскай дэлегацыі. Рэлігійная рэформа ў Літве, злучаная з Крэўскаю уніяй, выступае ў нарысе д'Альі як канчатак "літоўскага маніхейства": "У 1387 годзе ўвесь народ прыйшоў да праўдзівай веры. <.> Бог абдарыў Літву мудрым і цнатлівым гаспадаром - каралём Валадыславам, каб цудоўным чынам навараціць гэты ўгрузлы ў паганстве і маніхейскіх аблудах край і ўвязаць у ім уставічна святло праўдзівае веры". Апавядаючы аб прыйманні каталіцтва літоўскімі баярамі, д'Альі мовіў пра "ачышчэнне хрысціянства ад аблуд" [75]. Д'Альі пісаў таксама, што чын поўнага абраду каталіцкага хросту літвінаў азначаў наваратны хрост раней хрышчаных хрысціянаў, ганіў такую практыку і пісаў, што літвіны былі хоць аблуднымі, але хрысціянамі (гл. ніжэй).

4. Віленскі сойм 1387 г.

 
У лютым 1386 году ў Кракаве каталіцкую веру прынялі адно Ягайла, яго браты і колькі баяраў. Да пачатку 1387 году літоўскі люд яшчэ заставаўся ў сваёй старой веры. Для вальнага пераводу народу на каталіцтва Ягайла скупіў у другой палове лютага 1387 году сойм у Вільні, на які прыехалі літоўскія ўдзельныя князі, а таксама польскія паны і пралаты. На сойм прыбылі князі: Аляксандр-Вітаўт гарадзенскі, Іван-Скіргайла троцкі, Валадзімер кіеўскі, Дзмітрый-Карыбут наваградскі, Казімір-Карыгайла мсціслаўскі і Аляксандр-Вігунт кернаўскі. Разам з Ягайлам у Вільню прыехалі ягоная малжонка Ядзвіга, архібіскуп гнезненскі Бадзанта, біскуп кракаўскі Ян Радліца, дамініканы на чале з каралеўскім казнадзеем майстрам Мікалаем Вэнжыкам і многа польскіх князёў ды вяльможаў [76].
Біскуп Васіла
 
У першы дзень сойму (20 лютага 1387 г.) Ягайла выдаў прывілей літоўскай каталіцкай шляхце. На трэці дзень сойму (22 лютага) быў выдадзены прывілей аб устаўленні каталіцкае царквы ў Літве і наданні ёй адпаведных правоў. У ім было загадана "усім з нараджэння літвінам абодвае плоці <...>, што жывуць у нашых дзяржавах Літве і Русі (omnes nacione Lithvanos utriusque sexus ... in nostris dominiis Lithvanie et Russie existentes), <... > перайсці на каталіцкую веру (ad fidem katholicam), <... > да якой бы сэкты яны не належалі (in quacunque secta fuerint)". Было забаронена літвінам-католікам жаніцца з русінкамі (праваслаўнымі) і русінам з літвінкамі, а калі такі слюб адбываўся, то некаталіцкі бок падлягаў прымусоваму каталіцкаму хросту [78].
 
З зместу гэтага прывілея вынікае, што пад "нацыяй літвінаў" (nacione Lithvanos) разумелася канфесійная супольнасць, а не этнічная ("nacione" па лаціне азначае: 1) паходжанне; 2) племя, народ; 3) стан, каста, сэкта [79]). Калі ўважаць чыста канфесійны сэнс назову "літвіны" да Крэўскай уніі (гл. артыкул "Літоўскі народ 14 стагоддзя"), то робіцца зразумела, што гэтая грамата была звернута наймя да канфесіі "літвінаў" і што наймя паводле веры, а не паводле іншых чыннікаў можна было адрозніць літвіна ад русіна не адно ў Літве, але і на Русі (in nostris dominiis Lithvanie et Russie). Вядома азначэнне на Русі праваслаўных хрысціянаў - людзі "закона греческого, нации русской". І "nacione Lithvanos" у прывілеі 22 лютага 1387 г. таксама мусіла азначаць літоўскую "нацыю", "закон" у сэнсе канфесіёніму, то бо старую літоўскую, богумільскую дэнамінацыю Вялікага княства Літоўскага. Таму Энэй Сільвій пісаў, што Ягайла "распусціў сваю сэкту" (secta sua dimissa), а на Канстанцкім збору ў 1416 г. дакрэўская літоўская дэнамінацыя была названа "сэктаю нявернага люду" (secta infidelium populorum) (гл. ніжэй).
 
Пасля вышменаванага віленскага сойму на працягу наступных месяцаў адбывалася наварачэнне літоўскага люду на каталіцтва, спярша ў Вільні, потым у іншых літоўскіх местах, найперш там, дзе засноўвалі парафіяльныя касцёлы (у Вількаміру, Майшаголе, Няменчыне, Медніках, Крэве, Гайне, Абольцах, Лідзе). Каталіцкія пісьменнікі звычайна кажуць, што меў месца "хрост" літоўскага люду, хаця жадная крыніца не толькі не выпісуе, але і ўвогуле не згадуе ўласна абраду хросту ў дачыненні да літоўскага люду (за выняткам князёў і баяраў). Ацалелыя звесткі крыніц аб перавядзенні літоўскага люду на каталіцтва ў 1387 г. скразна сведчаць аб тым, што адбываўся не хрост і нават не перахрост, а ўмоўнае далучэнне хрысціянаў іншае дэнамінацыі да каталіцкага касцёлу без абраду хросту.
 
Хрост літвінаў
 
Выяўным сведчаннем аб істасці падзей, што адбываліся ў 1387 г., ёсць той факт, што далучэнне літоўскага люду да каталіцкага касцёлу адбывалася праз пакрапенне грамад людзей, аб чым кажуць усе крыніцы (гэтыя звесткі былі настолькі непрыймальнымі для польскага царкоўнага гісторыка Я. Фіялка, што ён адхіліў іх на падставе адно свайго меркавання аб "немагчымасці апушчэння цэлага абраду хросту" [80], - з якой жа прычыны "цэлы абрад хросту" быў апушчаны (як кажуць усе крыніцы), ён нават не пажадаў разгледзець).
 
Паводле звестак Я. Длугаша, для хросту літвінаў у Вільні скупілі ля рэчкі Вяллі, па загадзе Ягайлы падзялілі на груды, архібіскуп Гнезненскі і польскія святары абвясцілі іх, згаварылі апостальскі сымбаль веры і малітвы, а пасля людзей крапілі ды надавалі людзям з кожнае грамады нейкае каталіцкае імя (Пётр, Ян, Якуб, Станіслаў і г.д.) [81]. М. Стрыйкоўскі грунтаваўся на тым жа Длугашу, а таксама на мясцовай літоўскай традыцыі, якая часткова пацвярджаецца лістамі польска-крыжацкага судовага працэсу 1416 г. [82]. Паводле Стрыйкоўскага, груды літвінаў пакраплялі вадою, а пасля давалі груду нейкае імя; асобны хрост чынілі адно баярам [83]. Лісты польска-крыжацкага працэсу 1416 г. згадуюць аб хросце людзей вялікімі грамадамі, але нічога не кажуць аб пакрапенні [84]. На падставе сваіх звестак М. Кромер у пачатку 16 стагоддзя пісаў, што ўласна абраду хросту над літвінамі ўчынена не было, адно ўмоўны рытуал пакрапення [85].
 
То бо, увесь абрад так менаванага "хросту" ўлучаў адно чытанне малітв перад грамадамі людзей, з пакрапеннем натоўпу або без, то бо ўмоўную працэдуру (няпушч пакрапення святаром народу ў касцёле ў святочны дзень), а не абрад каталіцкага хросту. Уласна таемства хросту над літвінамі не чынілі (поўны абрад хросту чынілі адно над князямі і некаторымі баярамі). Такім парадкам, літвінаў у 1387 г. прыймалі ў каталіцтва як герэтыкоў нават не першага, а другога чыну - для пераходу якіх на каталіцтва хрост не патрэбны, але дастатковым ёсць адно прамаўленне сымбалю веры ды малітв. Такім жа парадкам - праз простае маўленне сымбалю веры (або малітв) - наварачалі на каталіцтва праваслаўных на падуладных у тых часох Польшчы і Вугоршчыне землях. Як вядома, папства афіцыйна не ўхвальвала практыку наваратнага хросту і "папежы 14 і 15 стагоддзяў заўжды прыймалі праваслаўных у каталіцтва праз простае вызнанне веры, уважаючы "дзейснасць" праваслаўнага хросту" [86]. Зацемім, што такім жа парадкам - праз чытанне адмысловых малітв (чыну) - пераводзілі ў праваслаўную царкву богумілаў у Маскоўскай Русі [87].
 
З гэтага зразумела, чаму гэты так менаваны "хрост" літвы (то бо перавядзенне літоўскае дэнамінацыі пад уладу каталіцкага касцёлу праз умоўную працэдуру без абраду ўласна хросту) станаўко не прызналі крыжакі: тэўтонская прапаганда абвясціла яго выстаўным і несапраўдным. Вялікі майстар Ордэну Конрад Цольнер разаслаў нямецкім князём ліст, у якім цвердзіў, што ўчыненае далучэнне літвы да каталіцкага касцёлу было не прыбыткам, але шкодаю для каталіцтва, было нядзейсным, аблудным і ўчыненым з парушэннем царкоўных правілаў [88]. Крыжакі таксама закідалі палякам, што тыя не чынілі аніякае катэхізацыі (то бо настаўлення ў веры) перад пераводам літвінаў на каталіцтва [89].
 
Крыжакі працягвалі зацята адмаўляць факт каталіцкага хросту літвы і пазней, закідаючы літвінам і самому каралю Ягайлу, што тыя засталіся ў былым "нявер'і". Гэтак, у 1388 г. крыжакі пісалі папежу Урбану VI, што Ягайла ахрысціўся адно пазорна, а сам апанаваў Польшчу, каб знішчыць паўсюль дзе магчыма хрысціянскую веру [90]. У 1403 г. вялікі майстар Тэўтонскага ордэну Конрад Юнгінген пісаў, што Ягайла памагае зброяй і іншымі рэчамі літоўскім "няверным" і "ўвесь час памагаў і памагае і мацуе дагэтуль", і дадаваў: "У яго [Ягайлы] істым хрысціянстве мы маем з гэтае прычыны дужыя сумневы, бо ён спамагае рускіх схізматыкаў і катараў (die Russen Schismatiker und Ketzer) і патурае іхняй непаслухмянасці рымскай царкве" [91]. Асабліва такія закіды разбуялі пасля разгрому крыжакоў у Грунвальцкай бітве, у сувязі з чым крыжацкая прапаганда абвясціла, што польскі кароль цалкам задзіночыўся з "нявернымі", якія пагражаюць хрысціянскаму свету. Адзін з найбольш вядомых цемрашалаў Ордэну дамінікан Фалькенберг даводзіў, што унія палякаў з Літвою была "апастазіяй" (т.б. адступніцтвам палякаў ад веры), а палякаў за задзіночанне з літвінамі менаваў герэтыкамі; Ягайлу і Вітаўта, дзеля ўжывання імі войскаў "няверных" (літвінаў, татараў і гусітаў) проці Тэўтонскага ордэну, Фалькенберг менаваў герэтыкамі і служкамі д'ябла [92]. Зразумела, што такія закіды маглі з'яўляцца, адно калі акалічнасці літоўскае рэлігійнае уніі, то бо пераводу літвы на каталіцтва, сапраўды не даўнімалі нейкую поўную капітуляцыю старое літоўскае веры перад каталіцтвам, а былі досыць умоўнымі (як для хрысціянаў іншае дэнамінацыі), дазваляючы ў ладнай меры ўлучэнне элементаў старое літоўскае веры ў літоўскі касцёл, - у тым ліку, як мы бачылі, дазваляючы пераход літвінаў да каталіцкага касцёлу без уласна абраду хросту.
 
Тое, што так менаваны "хрост" літвінаў у 1387 г. быў умоўным актам задзіночання з каталіцкім касцёлам раней хрышчаных хрысціянаў, пацвярджаў і сучаснік падзей 1387 г. кардынал Пётр д'Альі. Ён, як афіцыйная асоба, не ўхвальваў практыкі наваратнага хросту, таму ў сваёй працы ён выступаў проці наваратнага хросту літвінаў:
"Няслушна чыняць тыя святары, якія хрысцяць наваратам, нават людзей маніхейскае сэкты, пашыранае ў Літве: бо гэтыя людзі ўжо аднойчы прынялі хрост у імя Айца, Сына і Святога Духу. Таму наваратны чын гэтае тайны забаронены. Але дастаткова прывесці іх да вырачэння ад аблуд і да падлегласці рымскаму касцёлу. Хоць змяшаная з язычніцтвам, аблудная і мыльная, але ўсё ж гэта вера ў Госпада нашага Ісуса Хрыста, у Яго смерць і ўскрэсенне" [93].
 
Пытанне наваратнага хросту літвінаў у 1387 г. таксама закранаў доктар Еранім Празскі (сябр Яна Гуса), як гэта вынікае з матэрыялаў Канстанцкага збору каталіцкае царквы, на якім у 1416 г. Еранім быў засуджаны. Еранім Празскі ў пачатку 1413 г. прыязджаў у Вялікае княства Літоўскае, дзе ў почце вялікага князя Вітаўта наведваў Полацк, Віцебск, Вільню ды Горадню. Сам Еранім казаў, што Ягайла і Вітаўт запрасілі яго ў Літву, каб параіцца аб некаторых царкоўных пытаннях [94].
 
Як вядома з пратаколаў допытаў Ераніма, у красавіку 1413 г. у Віцебску Еранім дачыняўся з дзвюма групамі мясцовага жыхарства: "рускімі схізматыкамі" (Rutheni schismatici, Rutheni), пад якімі, відаць, трэба разумець праваслаўных, і "нявернымі схізматыкамі" або "няверным людам" (infideli schismatici, infidelium gentium, infidelium populorum), пад якімі, відаць, трэба разумець богумілаў. Ераніму закідалі ўхваленне веры гэтых "няверных":
"Еранім <...> заложна і станаўко цвердзіў, што гэтая сэкта русінаў і нявернага люду (infidelium populorum) ды іхняя вера ёсць і будуць дасканалымі (esse perfectam). Еранім заложна ўчыняўся да гаспадара вялікага князя [Вітаўта], намагаючыся адхіліць гаспадара вялікага князя і ўвесь яго хрысціянскі [т.б. каталіцкі] народ ад хрысціянскай веры, і пераконваў застацца ў гэтай сэкце русінаў і няверных. <...> Калі спадар віленскі біскуп пачаў дакараць яго за ягоныя спакусы, то Еранім <...> станаўко прамовіў, што памянёныя схізматыкі і русіны (schismatici et Rutheni) ёсць добрымі хрысціянамі (boni Christiani)".
 
"Еранім <...> намагаўся вернуць да аблуд нявер'я (ad infidelitatem errorum) тых вернікаў, што былі навярнуліся на хрысціянскае [т.б. каталіцкае] вызнанне. Асабліва ў Літве і на Русі, наведваючы іхнія бажніцы, ён выказваў схільнасць да іхняй веры або вераадступніцтва (perfidiam), з пагардаю да агульнай хрысціянскай [т.б. каталіцкай] веры, за што і атрымваў багатыя дары. Аб гэтым пайшоў вялікі розгалас па Польшчы і Чэхіі" [95].
 
Еранім Праскі
 
Еранім Празскі таксама адмаўляў патрэбнасць хросту літвінаў, якіх пераводзілі на каталіцтва. Падчас допыту 27 красавіка 1416 г. Ераніма запыталі: "Навошта пашыраў навуку Вікліфа ў Літве? Навошта схіляў да аблуд надовечы наварочаных ды хрышчаных католікаў?". На гэта Еранім адказаў, што "падчас сваёй выправы па Літве ён знайшоў між мясцовых жыхароў шмат людзей, прынятых да рымскага касцёлу, якія раней былі хрышчаны ў нейкай рускай веры, пераходзячых з якой мелі звычай хрысціць наваратна. Аляксандр-Вітаўт і мясцовыя біскупы пыталі ягонай рады што да сваіх сумневаў, ці былі гэтыя людзі раней сапраўднымі хрысціянамі ці не; ён ім адказваў, што хрысціць наваратам не трэба, што дастаткова наўчыць іх чыстай веры рымскага касцёлу" [96].
 
У вышпісаных сведчаннях аб дачыненнях Ераніма з літоўскімі "нявернымі" не магло ісці адно аб праваслаўных ("русінах") - бо на каталіцтва ў Літве вальна перайшлі літвіны, а не русіны. Да таго ж, Вітаўт і каталіцкія біскупы не пыталі б аб "сапраўдным хрысціянстве" праваслаўных - бо пры ўсёй непрыязні каталіцкае царквы да праваслаўных яна ўсё ж не адмаўляла ім у імені хрысціянаў. Еранім і яго дазнаўцы злучалі разам літоўскіх "няверных схізматыкаў" і "русінаў-схізматыкаў" адно дзеля іх існавання ў адным гаспадарстве ды адрознасці ад каталіцтва - але пры гэтым выразна адрозніваючы дзве апрычоныя групы вернікаў у ВКЛ: літоўскіх "няверных" (богумілаў) і "русінаў" (праваслаўных). Такім парадкам, у гэтых звестках Еранім Празскі сведчыў аб літвінах - богумілах Вялікага княства Літоўскага - якія жылі ля Полацку, Віцебску, Вільні, Горадні ды пасля 1387 г. былі пераведзены на каталіцтва. Выяўным ёсць і сведчанне аб тым, што Еранім пераконваў вялікага князя Вітаўта "застацца" ў згаданай "сэкце няверных", - што скразна паказуе на тое, што спачатнаю вераю самаго Вітаўта была тая самая вера літвінаў, якую аўтар пратаколу выпісваў як "вераадступніцтва" (perfidiam) ды "аблуды" (errorum) "няверных схізматыкаў" (infideli schismatici) - а Еранім як "дасканалую" веру "добрых хрысціянаў". Такім чынам, сведчанні Ераніма Празскага пацвярджаюць іншыя звесткі аб тым, што ў Літве да Крэўскай уніі існавала афіцыйная богумільская царква, вернікі якой былі пераведзены ў каталіцтва на загад вялікага князя Ягайлы ў 1387 г.
 
 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Average: 10 (1 vote)
Аватар пользователя esxatos