Дайліда - Крэўская рэлігійная рэформа і яе наступствы - 2

С книгами, рекламируемыми на сайте, можно лично ознакомитьсявступив в клуб Эсхатос, или оформив заявку по целевой программе.
Крэўская рэлігійная рэформа і яе наступствы - 2
Урыўкі з артыкула з кнігі Алёхно Дайліда "Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі"
5. Заснаванне першых парафій
6. Мова літоўскага касцёлу
 

5. Заснаванне першых парафій

 
Пасля выдання прывілеяў каталіцкаму касцёлу Ягайла на працягу 1387 году з почтам літоўскіх і польскіх вяльможаў і святароў ездзіў па Літоўскай зямлі і фундаваў парафіяльныя касцёлы. У 1387 г. на землях Вялікага княства Літоўскага паўсталі, апроч катэдры ў Вільні, яшчэ каталіцкія парафіі: у Вількаміру, Майшаголе, Няменчыне, Медніках (на Віленшчыне, сучасная Летува), у Крэве (цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскае вобласці), Гайне (Лагойскі раён Менскае вобласці) і Абольцах (Талачынскі раён Віцебскае вобласці) [97]. Да канца 1390-х гадоў каталіцкія касцёлы паўсталі яшчэ ў Лідзе, Ашмяне, Быстрыцы, Мерачы (да 1391 г.), Менску (1390 г.), Наваградку (1393 г.), Горадні, Бягомлю, Ваўкавыску, Бярэсці, Пінску (да 1396 г.) і іншых местах. Да канца княжання Вітаўта паўсталі яшчэ касцёлы ў Старых Троках (1400 г.), Новых Троках (1409 г.), Полацку (1409 г.), Салечніках (1410 г.), Ліпнішках, Геранёнах (1411 г.), Вавёрцы (1413 г.), Слуцку (1419 г.), Браславе (1423 г.), Вішневе (1424 г.), Ляцку (1424 г.), Коўні, Даўгах, Дубінках, Ганязі (на Падляшшы) і іншых местах [98]. Такім парадкам, літоўскі касцёл ужо ў першыя гады свайго існавання развіваўся на землях, жыхарства якіх было беспярэчна славянскім паводле мовы, культуры і самасвядомасці. Акты заснавання першых каталіцкіх касцёлаў і парафій у Літве (у тым ліку ў паўночнай яе частцы), імёны аўтараў і сведкаў гэтых грамат, ужытыя імі ў лацінскіх граматах выразы народнае (vulgariter) мовы літвінаў - досыць выяўна паказуюць, што станавіў сабой дакрэўскі літоўскі народ ("nacione Lithvanos", "gens Lithuanica", для якога, паводле слоў Ягайлы і Вітаўта, будаваліся касцёлы ў межах Віленскага біскупства), то бо для каго і ў якіх умовах быў устаўлены каталіцкі касцёл у Вялікім княстве Літоўскім.
 
Яшчэ ў першых прывілеях літоўскаму касцёлу 1387 г. вялікі князь Ягайла ўжываў у лацінскім тэксце гэтых прывілеяў народныя назовы падаткаў ды іншыя тэрміны: "устаўнае лукно" (stawne lukno), "падводы" (podvodis), "серабшчызна" (srzebrzczysna), "дзецкія" (dzeczskye) [99]. Такія ж словы народнае мовы, нават гутарковыя выразы, трапляюцца ў лацінскіх тэкстах іншых фундацыйных і дарчых грамат. У грамаце 1390 г., якою Ягайла ўпасажваў віленскую катэдру і капітулу, была згадана мера, менаваная "пуд" (pud dicta), а сярод наданняў былі згаданы "гаі" (gaiis) [100]. У грамаце касцёлу ў Медніках, выдадзенай Ягайлам у 1391 г., трапляецца выраз "паўустаўнае" (dictampulstawne); падобны выраз ("поў уставы") сустракаўся ў дарчай грамаце касцёлу ў Ашмяне віленскага ваяводы Альберта Манівіда з 1407 г. (vulgariter dictam pol ustavy) [101]. У лацінскай дарчай грамаце капліцы св. Міхайлы віленскага францысканскага кляштара з 1392 г. віленскі намеснік Гануль пісаўся як "намеснік" (namestnik Vilnensis) [102].
 
У лацінскай дарчай грамаце вялікага князя Вітаўта віленскай катэдры з 1410 г. было ўжыта "простанароднае" слова "прысёлкі" (przysolky vulgariter dictis) [103]. У дарчай грамаце маршалка дворнага Станіслава Чупурны віленскаму францысканскаму касцёлу ў 1410 г. быў ужыты тэрмін "устаўнае" (dictam stawne). Сведкамі гэтае граматы былі Монтрым Эйгірдавіч (Eyrdowicz), Ягінт з братам Рамейкавічы (Romeikowicz), Давыд Квачошавіч (Kwaczozowicz), месцічы і радцы віленскія Андрэй Мацеевіч (Andrea Matheiowicz), Лаўрын Андрэевіч (Lawrin Andreiowicz), Лугіна Мычновіч (Luhina Mycznowicz) і іншыя [104]. У дарчай грамаце вялікага князя Вітаўта віленскаму біскупу Мікалаю з 1411 г. былі ўжыты словы "ўстаўнае лукно" (stawna lukna mellis) і "палюддзе" (stacionis poludze appelato); ваявода віленскі Альберт Манівід прысведчыў гэтую грамату як "voyevoda" [105]. Князь Жыгімонт Кейстутавіч выдаў у 1411 г. грамату аб упасажанні фундаванага ім касцёлу ў Геранёнах, якая была змацавана яго пячаткаю з надпісам "ПЕЧАТЬ КНЯЗЯ ЖИКГИМОНТА". У лацінскім тэксце граматы былі згаданы "менаваныя ў народнай мове" (vulgariter dicitur) меры "шасціпяднае пудла" (szesczipanthne pudlo) і "пуд воску" (pud vosku) [106].
 
касцел
 
У дарчай грамаце віленскага мяшчаніна Мацея Волаха і яго жонкі Дароты віленскаму кляштару францысканаў з 1422 г. лацінскі выраз "situm circa fluvium Niemesz" ("размешчаны ля ракі Нямежы") быў патлумачаны гутарковым выразам "на Нямежы" (in vulgari comuniter dicendo na Nemeszi) [107]. У 1423 г. вялікі князь Вітаўт зацвердзіў дарчую грамату віленскага ваяводы Альберта Манівіда капліцы пры віленскай катэдры св. Станіслава, якою было загадана тром "сем'ям" (familiae vulgariter siemie) Цярэнцевічаў (Terentiewiczy) даваць "лукно пяціпяднае" (lukno petypedne) мёду, а братом Львовічам (Lwowiczy) і Небутовічам (Nebutowiczy) - "лукно шасціпяднае" (vulgariter lukno szescipedne) мёду на карысць тое капліцы [108]. У грамаце, якою вількамірскі баярын Міхайла Раковіч (Michael Rakowicz) фундаваў капліцу пры парафіяльным касцёле ў Вількаміру ў 1425 г., быў згаданы прэзбітар Мікалай Сасноўскі (Nicolao Sosnowski), служэбныя людзі Андрэй Гайдзюн, Фомка Дайліда, Мікола Цвікла, Пётр Міхна, Багдан і Марка Лянцеі, Стануль Буртнік, Ян Буяк і іншыя. Сведкамі граматы былі: Івашка Бутрымавіч (Iwaszko Butrymowicz), Аляксандр Гельтульдовіч (Alexandra Gieltuldowicz), Войтка Даўмонтавіч (Woitko Dolmontowicz), Каспар Дайкловіч (Gasparo Daiklowicz), Янушка Яцковіч (Januszko Jaczkowicz) і іншыя [109].
 
У дарчай грамаце, якою маршалак дворны Ян Гастоўт запісаў віленскай капітуле сваё сяло Рэшнікі ў 1433 г., конюх віленскі Візгайла быў згаданы як "coniucho Vilnensi" [110]. У 1434 г. у дарчай грамаце, якою Андрэй Саковіч, дзедзіч Няменчына, надаваў віленскай катэдры дзесяціну з свайго двара ў Свянцянах, былі згаданы мясцовыя жыхары Войтка, два Мікіты, Кузьма Сямашыч (Cusma Semaszicz), Кастусь Пуршка (Costhus alius Purschka) і іншыя. Некаторыя з іх былі ўчаснікамі суполак бортнікаў, якія па-народнаму называліся "сябрылы" (alias sabrili); учаснік такое сябрылы называўся "сябрыч" (alias sabricz) [111]. У дарчай грамаце 1434 г., якою вялікі князь Жыгімонт запісаў віленскай катэдры наданні ў медніцкай, дубінскай, лынгменскай і няменчынскай валасцях, былі згаданы гаспадары зямлі Івашка і Федзька Карэвічы (Iwaszko et Fedko germani Koreviczy), кмет Андрусь (Ondrusch). Таксама былі згаданы загароджы на рацэ, якія па-народнаму называліся "язы" (vulgariter jazi). Сведкамі граматы выступілі паны: кашталян віленскі Остык, ваявода віленскі Даўгерд, ваявода троцкі Лелюш, Пятрашка Мантыгердавіч, Ходзька Юр'евіч, Івашка Гастоўтавіч, Алёхна Давойнавіч і іншыя [112]. У грамаце 1436 г., якою Конрад Кучук (Cunradus alias Kuczuc), дзедзіч Жырмуноў, чыніў наданне віленскаму касцёлу францысканаў, была згадана мера мёду, якая па-народнаму называлася "шацец" (vulgariter dictam szathec) [113].
У грамаце 1437 г. Станіслаў Даўгайла, харужы віленскі, надаваў віленскай катэдры сваю зямлю Навіны (Nowiny) на дзесяць "бочак" (ad decem tunnas alias beczki) [114].
 
Касцел Тройцы
 
У грамаце 1439 г., якою Юрый і Станіслаў Радзівілы чынілі наданне віленскаму кляштару францысканаў з свайго двара Памушы ля Вільні, была абумоўлена дзесяціна "грычкаю" (et precipue grycki) [115]. Дачкі грычкаю былі абумоўлены і ў дарчай грамаце віленскаму францысканскаму кляштару князя Яна Свірскага і яго жонкі Дароты ў 1443 г. (et precipue gryczky). Сведкамі гэтае граматы выступілі паны Юрый Гастоўтавіч (Georgio Gottoltowicz), Аляксандр Ядаговіч (Alexandra Yadogowycz), Юшко Радзівілавіч (Yusko Radywylowycz) ды іншыя [116]. У 1440 г. пан Аляксандр-Монтаўт, разам з жонкаю Геленаю і сынамі Міхайлам, Янам-Таўтвілам, Барталамеем і Кандратам, адпісаў віленскаму францысканскаму касцёлу 20 бочак жыта з свайго сяла Арлоўцішкі, змацаваўшы грамату пячаткаю з надпісам "ПЕЧАТЬ МОНТОВТОВА". Сведкамі граматы выступілі баяры Нарко Савігайлавіч (Narkone Sowigalowicz), Нарыбут Ятаўтавіч (Naributh Yatoltowicz), Станіслаў Радзівілавіч (Stanislao Radwilowicz) і іншыя [117]. У дарчай грамаце, якою вялікі князь Жыгімонт у 1440 г. упасажваў рэктара касцёлу ў Малым Мядзеле Мартына Дабрылоўскага з сёлаў князёў Свірскіх, была абумоўлена дачка з "мыта або тарговага" (mitha alias targowego) і была згадана рака "з язам" (alias z jazem) [118]. У 1441 г. віленскі мяшчанін Мартын Мацеевіч (Martinus Maczeyowicz), які меў пячатку з надпісам "ПЕЧАТЬ МАРТЫНОВА", разам з сваёю жонкаю Маргарытаю або Машкаю (Margaretha alias Maszka) адпісаў віленскім францысканам дзесяціну з свайго двара Рачкішкі. Сведкамі граматы выступілі баяры Пётр і Яцко Гасковічы (Petro Gosschowicz cum fratre suo domino Jaczcone), Ян Тыльковіч (Johanne Tilcowicz) ды іншыя [119].
 
У 1444 г. віленскі мяшчанін Базыль або Васько Саковіч (Basilius alias Waschko Sackowycz) з жонкаю Мілохнаю (Mylochna) запісаў наданне віленскім францысканам з свайго сяла Мінькова. Сведкамі граматы былі баяры Багдан Бутрымавіч (Bohdan Butrymowycz), Юрый Радзівілавіч (Georgio Radwylowycz), Яцко Гойцавіч (Jaczko Goyschewicz), Сухі Ян (Suchy Jan) і іншыя [120]. У 1446 г. віленскі мяшчанін Ян Конюх (Johannes alias Conyuch) запісаў віленскім францысканам наданні з сваіх сёлаў Шастава (Schastowo) і Маркава Сяло (Markowo Scholo) ля Мерачы. Сведкамі граматы выступілі Пётр Гаскевіч (Petro Goschewycz), Яцко Гаскевіч (Jaczko Goschewycz), Мартын канюшы (Martino Conyuchsso) і іншыя [121]. У дарчай грамаце касцёлу ў Дубінках з 1449 г. вялікі князь Казімір адпісаў гэтаму касцёлу "дварэц" (allodium alias dworecz) ля возера Вільнага.
 
Сведкамі граматы былі паны Івашка Гастоўт (Ivaschkone Gastold), Пётр Мантыгердавіч (Petro Mongyrdowicz), Ян Неміровіч (Joanne Nyemirowicz) і іншыя [122]. Княгіня Дарота або Сонька (Dorothea alias Sonyka) Свірская змацавала сваю грамату аб наданні дзесяціны з мястэчка Мядзел віленскім францысканам у 1449 г. пячаткаю з кірылічным надпісам ("КНЯЗЯ ... ПЕЧАТЬ"). Умоваю надання былі службы за душы Яна князя Свірскага і яго сыноў Васька (Vaszko), Некраша (Nyechrasz), Юрыя (Georgius) і Даўгерда (Daugyr). Сведкамі граматы былі Андрэй князь Свірскі, баярын Гасцейка Рымтаўтавіч (Hostheyko Rymtholthovycz) ды іншыя [123].
 
У 1451 г. кашталян віленскі Сямён Гедыгоўдавіч упасажыў касцёл у сваёй вотчыне Вішневе (ля Ашмяны) і надаў яму зямлю "з пашняй" (cum agro alias z pasznia) і лугі, па-народнаму менаваныя "сенажаці" (prata alias sianozaczy) [124]. У 1452 г. Магдалена, удава старасты лідскага Ягінта, надала віленскаму кляштару францысканаў "пашню" (agrum alias pasznia) з людзьмі ў Тракелях [125]. У 1459 г. пан Андрэй Даўгердавіч надаў касцёлу ў Лынтупах (ля Ашмяны) людзей, якія павінны былі даваць "бязмен" мёду (bezmien mellis) або "пуд" мёду (pud mellis), а таксама пэўную меру "грэчыхі" (hreczychy) і тры "бочкі" ячменя (tres beczkas hordei) [126]. У 1469 г. у дарчым лісце віленскім францысканам вялікі князь Казімір пісаў аб даравізнах францысканам віленскага "гараднічага" (horodniczy) і цівуноў (tivuni) [127].
 
Літоўскія князі і баяры выдавалі граматы касцёлам не толькі ў лаціне, але і ў народнай мове. Гэтак, у 1399 г. вялікі князь Вітаўт адпісаў віленскім канонікам зямлю ля Стрэшына ў Рагачоўскай воласці [128]:
 
Мы великий князь Витовт, даем веданье всим, кто на сей лист узозрыть, или слышыть, дали есмо землю, кановником Виленским на имя Березинская, к Стрешыну, што были есмо дали князю Юръю Толочку от Рогачева, от Тоимя, а в ту землю первописаную не уступатися никому, ани Рогачевцем, ани иному кому, ниж держать кановником Виленским, к Стрешыну, вечно, непорушно никим же.
А на то все дали есмо на крепость сей лист и печать свою велели прывесити. А писан у Троцех у четверг по Велице дни, под леты по Рожстве Господни 1 и 3 ста, и девять десять и девять.
Монивид.
 
У 1444 г. кіеўскі князь Аляксандр Валадзімеравіч надаў касцёлу ў Слуцку "...село, што Одынец держал с пасеками и з бортными землями и з водами <...>. А еще прыдали есмо з нашого двора из Старыцы десетины од каждого жыта, а з нашого торгу Слуцкого з мясников грошовники брати" [129]. У 1460 г. Барталамей, дзедзіч Раготнае (у Слонімскай воласці), выдаў грамату на ўпасажанне касцёлу ў гэтым сяле з дазволу і пры аблічнасці біскупа віленскага Мікалая Дзяжковіча [130]:

Bъ имя Тройцы святой стань се. Для того иж память чоловечая не можеть быть прыровнана вечности а прото слушно, абы оные речы, которые залежать потребам людским были бы доведены къ умоцненью вечности през сведомье люди добрых и през твердость печати их. Для того я Бартоломей дедич в Роготной, жадаючы збавенья слушного душе моей и теж моих продков и намесников, и теж од Пана Бога Всемогущого осягаючы заплату вечную, церковь в селе моем або дворе моим зовомом Рогатная, надал есми и поднесл есми през велебного отца в пане Хрыстусе князя Миколая з Божей ласки бискупа Виленского на честь и на хвалу Бога Всемогущого и Бартломея святого апостола, святой Ельжбеты, всих святых. Потым теж олтарь, уходячы до костела по правой руце на честь и на хвалу святых Войцеха, Юрыя возвать олтарь и посвятить умыслил есми посполу з речоным костелом.
Хотячы теж я Бартоломей костел преречоны был надан а с таковых надатков справцы альбо теж плебаны того костела на час будучности могли меть вечное пожывенье, которых пожываючы могли бы тым набольш а налепей прыставать Боским службам, хвалячы Бога Всемогущого, тым набожней и слушней будучы в покою тому костелу и справцы на час будучому <...>. Еще теж записую землю бортную зо всими податки в Рогачухах, а на потребу свеч костельных записую камень воску с пивницы на кажды год дать и заплатить. А еще тому ж костелови и плебанови будучому записую десятеро челяди невольной. <.>
Дано в Рогатной, четвертого дня по с. Мартыне наближшым лета Божему Нароженью тысячного и четырехсот шесть. Пры той речы будучым велебному отцу Миколаю бискупу Виленскому, и князю доктору Андрею прав духовных каноникови виленскому, Матьясови алтарысте Годевича виленского, Миколаеви негды будучому плебанови в Солечниках, Якубу дворному капланови князя бискупему, Ячыне наместникови в Дятеле, и инным многим людям которым маеть быть верено на тую реч возваную.
 
ФрэскаЗахаваліся граматы фундацый і наданняў касцёлам у народнай мове, якія ўспраўлялі князі Гальшанскія, паны Неміровічы і іншыя літвіны (гл. ніжэй).

Імаверна, у некаторых выпадках каталіцкія касцёлы засноўвалі на месцы ранейшых перабудаваных або зруйнаваных богумільскіх бажніц. Гэтак, вядома, што віленская катэдра св. Станіслава была збудавана на месцы былое бажніцы: паводле сведчання крыжацкага дыпламата Конрада Кібурга, які наведваў Вільню ў 1397 г., сцены старое "язычніцкае бажніцы" былі ўлучаны ў будынак новае катэдры [131]. Аб тым жа пісаў Я. Длугаш. Святы агонь, які, паводле Я. Длугаша, гарэў у гэтай галоўнай бажніцы літвінаў у Вільні, называўся славянскім словам "зніч" (znicz) [132]. Археалагічныя даследванні паказалі, што на месцы катэдры да 1387 году існавала ранейшая царква [133]: падчас раскопак падзямелляў катэдры знойдзены кавалкі сцен і сходаў старое царквы, а таксама фрэска 14 стагоддзя бізантыйскага стылю з выяваю распяцця. Паводле падання, фарны касцёл у Наваградку (збудаваны ў 1393 г.) таксама паўстаў на месцы ранейшае "паганскае бажніцы" [134]. Аб тым, што касцёл Панны Марыі ў Троках (збудаваны ў 1409 г.) можа быць перабудоваю ранейшае царквы, сведчаць адчыненыя падчас рэстаўрацыі фрэскі на сценах касцёлу з надпісамі кірыліцаю. Вядома, што да 1400 г. у Старых Троках заснавалі сваю місію бенедыктыны славянскага абраду; у 1405 г. вялікі князь Вітаўт заснаваў для гэтых бенедыктынаў кляштар у Старых Троках [135]. У 1469 г. кароль Казімір Ягайлавіч зноў запрасіў бенедыктынаў славянскага абраду з паўднёва-славянскіх зямель у Трокі [136].
 
Геаграфія паўстання першых каталіцкіх касцёлаў у Вялікім княстве Літоўскім, натуральна, не мае нічога супольнага з гіпатэтычнай тэрыторыяй пражывання нейкага "этнічна балцкага паганскага народу" (як у канструкцыях мадэрнавае гістарыяграфіі) - а адлюстроўвае тэрыторыю пражывання гістарычнага народу літвінаў, то бо дакрэўскае богумільскае дэнамінацыі ВКЛ. Нязбітным даводам гэтага ёсць грамата караля Ягайлы 1389 году, у якой Ягайла пісаў: "Дали есмо Князю Бискупу по всей земле Литовской, где ся ему полюбит, поставить церков" [137] (гл. дад. №31). "Зямлёю Літоўскаю" называлася тэрыторыя ўласна Вялікага княства Літоўскага, без Жамойці і ўкраінскіх зямель, якая адпавядала тэрыторыі Літоўскае мітраполіі (гл. артыкул "Літоўскі народ 14 стагоддзя").
 
На ўсіх яе прасторах (праўда, у розных лічбах) жылі літвіны, то бо вернікі літоўскае богумільскае царквы (да 1387 г.). Гэта тлумачыць, чаму ў склад Віленскага каталіцкага біскупства ўвайшла амаль уся тэрыторыя ўласна Вялікага княства Літоўскага, то бо амаль уся тэрыторыя былое Літоўскае мітраполіі. Геаграфія паўстання самых першых касцёлаў, заснаваных Ягайлам у 1387 г. - у Вільні, Вількаміру, Майшаголе, Няменчыне, Медніках, Крэве, Гайне, Абольцах, - адлюстроўвае проста тэрыторыю айчызных валоданняў Ягайлы (Віленскае, Крэўскае і Віцебскае княствы), над якімі ён меў рэальную ўладу на той час. Ад 1392 г. (ад часу займання вялікакняскага стальца Вітаўтам) пачынаецца заснаванне каталіцкіх касцёлаў у Наваградку, Горадні, Бягомлю, Ваўкавыску, Бярэсці, Пінску і іншых гарадох па ўсёй тэрыторыі ўласна Вялікага княства Літоўскага, якая склала тэрыторыю Віленскага каталіцкага біскупства. Натуральна, гэтыя працэсы не мелі ніякае сувязі з быццам пражываннем у гэтых месцах нейкага гіпатэтычнага "этнічна балцкага народу" (канструкцыі аб чым дагэтуль спрабуюць высоўваць прыхільнікі "балцкае" тэорыі), а адлюстроўвалі геаграфію пражывання літвінаў - былое богумільскае дэнамінацыі ВКЛ. Прыкладам, як мы бачылі з сведчанняў Ераніма Празскага, яшчэ ў 1413 г. існавала богумільская грамада ў Віцебску. Аб літвінах, якія перайшлі на праваслаўе ў Віцебску, згадуюць пазнейшыя звесткі (гл. ніжэй).
 
Аб тым, што працэс пераводу літвы на каталіцтва не меў ніякага дачынення да быццам "хрысціянізацыі" нейкага "этнічна балцкага народу", сведчыць і той факт, што ўвязанне каталіцтва ў Літве ішло апрычона ад хрысціянізацыі Жамойці, дзе каталіцкая царкоўная арганізацыя была створана адно за 30 гадоў пазней - у 1417 годзе. Прытым, заснаванне Ягайлам і Вітаўтам шэрагу касцёлаў у Жамойці і стварэнне Жамойцкага каталіцкага біскупства ў 1417 г. выклікала жорсткі супраціў жамойцкага жыхарства: у наступным 1418 г. жамойты ўзбунтаваліся, выгналі біскупа і ксяндзоў, разбурылі касцёлы і дамы баяраў-католікаў, дзеля чаго вялікі князь Вітаўт быў вымушаны выправіць у Жамойць літоўскае войска, каб задушыць гэтае паўстанне [138]. Жамойць не мела адзінае царкоўнае арганізацыі з Літвою, а мела апрычонае Жамойцкае біскупства, межы якога амаль у дакладнасці супадалі з межамі Жамойці. Віленскае ж біскупства абыймала амаль усю тэрыторыю ўласна Вялікага княства Літоўскага з Полацкам, Оршаю і Мазыром (парафіі Бярэсця і Пінску ўвайшлі ў склад Валадзімерскага, пазней Луцкага каталіцкага біскупства).
 
Яшчэ ў 1395 г. вялікі князь Вітаўт надаў віленскай капітуле сёлы Корань, Ганевічы і Воўчу ля Барысава; у 1399 г. Вітаўт адпісаў віленскай капітуле зямлю ля Стрэшына ў Рагачоўскай воласці (гл. вышэй) [139]. Віленскія канонікі і ўраднікі віленскага біскупа судзілі суды аб маёмасці капітулы на ўсіх землях Віленскага біскупства, у тым ліку ў мазырскім павеце (гл. ніжэй). Моваю наўчання народу ў межах Жамойцкага біскупства была "жамойцкая гаворка" (ydioma Samagitica), у той час як у Віленскім біскупстве моваю набажэнства, казаней і касцёльнае навукі была "літоўская", то бо беларуская мова (lingua Lithuanica) (гл. ніжэй). Усё гэта яшчэ раз падчырківае гістарычную апрычонасць Літвы і Жамойці ды паказуе сапраўдны шлях рэлігійнае гісторыі Літвы.
 
Богумільская вера Літвы, відаць, не знікла чыста адразу па рэлігійнай рэформе 1387 году. Па-першае, у святле вышпісаных звестак, трэба казаць аб улучэнні ў ладнай меры элементаў старое літоўскае веры ў літоўскі касцёл, што адбывалася найперш праз учасць у літоўскім царкоўным жыцці францысканаў. Францысканскі ордэн, асабліва тая яго галіна, якая была вядома пад імем спірытуалаў, а пазней абсэрвантаў (бернардынаў), займаў адметнае месца ў каталіцкай царкоўнай арганізацыі, шырачы скрайнія аўгустынісцкія і спірытуалісцкія погляды, што дазваляла яму знаходзіцца ў шчыльным кантакце з евангеліцкімі (богумільскімі і калябогумільскімі) рухамі ў розных краёх Еўропы. Гэтак, на працягу 14 стагоддзя францысканскія місіі досыць паспяхова наварачалі на каталіцтва богумілаў у Босніі і Баўгарыі. Тое самае адбывалася і ў Літве: не здзіўляе, што ў будаванні каталіцкага касцёлу ў Літве вёў рэй наймя францысканскі ордэн, які знаходзіў шмат спагады сярод літвінаў. Гэтак, яшчэ ў 1360 г. польскі кароль Казімір паведамляў папежу Інацэнту VI, што літоўскія "няверныя заўсёды выяўляюць вялізную прыхільнасць да казаней францысканаў" (ad Minorum predicationem infideles eis contigui maiorem devotionem habere videntur) [140]. Да 1374 г. старшынёй францысканскае місіі ў Літве быў польскі францыскан Андрэй Васіла. Вядома, што ён ведаў мову літвінаў і вялікі князь Альгерд часам клікаў яго да сябе на раду [141]. У часе Крэўскае рэлігійнае рэформы фактычна ўсю працу па наварачэнні літоўскага люду і заснаванні касцёлаў рабілі мясцовыя францысканы на чале з Андрэем Васілам, які быў прызначаны на пасаду віленскага біскупа. Францысканская місія ў Лідзе, заснаваная яшчэ ў 1366 г., імаверна, была падчас рэформы адным з яе асяродкаў: у Лідзе Ягайла выдаў у студзеню 1389 г. прывілеі літоўскаму касцёлу (гл. дад. №31). Падчас стварэння літоўскага касцёлу францысканы занялі ў ім паноўнае становішча: двума першымі віленскімі біскупамі (і прытым, як адзначаюць крыніцы, гарлівымі казнадзеямі) былі францысканы - паляк Андрэй Васіла (1388-1398) і літвін Якуб Пліхта (1398-1407) [142].
 
Францысканскі касцел
 
Францысканы прамаўлялі казані і шырылі каталіцкую навуку ў Літве ў народнай мове. Гэтак, у 1 410 г. адзін з літоўскіх францысканаў паляк Ян Малы пісаў у папскую курыю, што ён дасканала ведае мову "зямель літвінаў і русінаў", якою карыстаўся пры прамаўленні казаней і наварачэнні народу (...in partibus Lithuanorum et Ruthenorum fidem catholicam praedicaveris <...> et idioma, quod ipsi loquuntur, perfecte loquaris et intelligas...) [143]. У школе пры віленскай катэдры, заснаванай у 1387 г., выкладчыкамі былі таксама францысканы [144]. Ужо за радаў першых біскупаў паўсталі францысканскія кляштары ў Быстрыцы (1390 г.), Медніках (1391 г.), Ашмяне (да 1397 г.), Пінску (1396 г.), Дарагічыне (1407 г.), Віцебску (да 1413 г.), Вавёрцы (1413 г.) [145]. Францысканская місія ў Наваградку існавала яшчэ ад 1312 г., у Вільні - ад 1323 г., у Лідзе - ад 1366 г. Поруч з кляштарамі францысканаў літоўскія князі засноўвалі кляштары блізкага ім ордэну аўгустынцаў - у Быстрыцы (1390 г.), Бярэсці (1412 г.). Захаванне ў ладнай меры спадчыны дакрэўскае рэлігіі літвы і ўлучэнне ейных элементаў у літоўскі касцёл відаць у пашырэнні ў касцёле народнае мовы і ў адметным характару літоўскае рэлігійнае літаратуры таго часу (гл. ніжэй).
 
Мела месца і захаванне старое літоўскае веры па-за межамі касцёлу: як мы бачылі з сведчанняў Конрада Юнгінгена (1403 г.) і Ераніма Празскага (1413 г.), па ўсёй Літве было нямала літвінаў, якія не перайшлі на каталіцтва, а трымаліся старое літоўскае веры. Гарадзельскі прывілей 1413 г. сведчыў (гл. вышэй), што сярод хрысціянаў Літвы былі не адно "падданыя рымскай царквы", але і "схізматыкі і іншыя няверныя" - пад "нявернымі" тут, безумоўна, разумеліся літвіны-богумілы, якія яшчэ не перайшлі ані на каталіцтва, ані на праваслаўе. З пазнейшых сведчанняў таксама відаць, што значная лічба літвінаў, што трымаліся сваёй старой веры, працягвала існаваць у розных землях Вялікага княства. Аб "тысячах" такіх літвінаў на Полаччыне сведчыў гвардыян віленскага аддзялення бернардынаў Ян Камароўскі (займаў гэтую пасаду ад 1511 г.) [146]. Аб літвінах ля Дзявілтава, што заставаліся ў сваёй старой веры, сведчыў ліст маршалка гаспадарскага Станька Судзівоевіча да папежа рымскага з 1469 г. (падрабязней гл. у артыкуле "Літва і Орда..."). Вядомая ў дакументах літоўскага касцёлу мянушка "старалітвы", безумоўна, была азначэннем тых літвінаў, што трымаліся, часткова або цалкам, сваёй старое дакрэўскае веры (гл. артыкул "Літоўскі народ 14 стагоддзя"). Можна меркаваць, што літвіны добра памяталі пра сваю старую дакрэўскую веру аж да часу Рэфармацыі 16 стагоддзя - відаць, невыпадкова з тэрыторыяй старое Літоўскае мітраполіі супадае геаграфія вальнага паўстання ў ВКЛ евангеліцкіх збораў і школ (Нясвіж, Клецк, Наваградак, Бярэсце, Вільня, Смаргонь, Менск, Віцебск, Глыбокае, Магілёў, Орша, Шклоў, Слуцк і інш.).
 

6. Мова літоўскага касцёлу

 
Наварачэнне літоўскага люду на каталіцтва ў 1387 г. і пазней адбывалася ў славянскай мове, чаму ёсць шмат сведчанняў. Падчас першых крокаў па пераводзе літвы на каталіцтва Ягайлу спамагалі ў гэтым польскія святары, а таксама чэскія [147]. Чэскі місіянер Ян Еранім Празскі (не гусіт Еранім Празскі, а іншы Еранім, спавядальнік Ягайлы), які пасля 1394 г. наведваў Літву, казаў веру літвінам у славянскай мове і выпісваў літвінаў як славянскі народ [148]. Абвяшчэнне і наўчанне Ягайлы ды іншых літоўскіх князёў адбывалася таксама ў славянскай мове [149]. Ягайла, жадаючы слухаць настаўленні ў веры і набажэнства на звыклай славянскай мове, заснаваў на каралеўскім замку ў Кракаве капліцу для чэскіх бенедыктынаў славянскага абраду, бо ў Польшчы тады не было польскае мовы ў касцёле (гл. вышэй). Вядома, што Ягайла дзякаваў чэхам за навуку: "Я сам сведчу вам, што ўспрыняў пачаткі веры як новы хрысціянін ад многіх чэхаў (a plerisque Bohemis), дактароў, дасведчаных у Боскім і людскім праве" [150]. Тыя ж бенедыктыны славянскага абраду да 1400 г. былі запрошаны і ў Трокі.
 
Прынамсі ад другой паловы 14 стагоддзя "літоўскай" мовай паўсюды называлася беларуская мова. Ад 1387 году гэтая літоўская мова была, поруч з лацінаю, моваю набажэнства, казаней і адукацыі ў літоўскім касцёле. Першы каталіцкі віленскі біскуп Андрэй Васіла (памёр у 1398 г.) у сваім лацінскім тэстаменце пакінуў гутарковыя словы "нашыць" (naszycsz) ды "лысы жрэбеч" (lyssy szrzebyecz), запісаўшы, што гэта словы "простанароднае" (vulgariter) мовы віленцаў [151]. Аб народнай мове літвінаў сведчылі ў сваіх наданнях касцёлам вялікі князь Вітаўт ("vulgariter lukno szescipedne" - "па-народнаму "лукно шасціпяднае" - у грамаце для віленскай катэдры 1423 г.) і князь Жыгімонт Кейстутавіч ("vulgariter dicitur pud vosku" - "што па-народнаму называецца "пуд воску" - у грамаце для касцёлу ў Геранёнах 1411 г.) (гл. вышэй).
На працягу 15 стагоддзя віленскімі каталіцкімі біскупамі, апрача двох палякаў - Мікалая Баркоўскага (1407-1414) ды Пятра з Кустыня (1415-1421) - былі літвіны з славянскімі імёнамі. Другі віленскі біскуп Якуб Янавіч Пліхта (1398-1407), абраны на сваю пасаду віленскаю капітулаю, паходзіў "з народу і мовы" Літвы (Jacobum ... natum quodam Joannis dicti Plychta ... vicarium Lythuanie, eiusdemque nacionis et lingue) [152]. Прыроднымі літвінамі былі і віленскія біскупы: Мацей з Трокаў (1422-1453) (Mathiam origine Lytwanum), Мікалай Дзяжковіч з Салечнікаў (1453-1467) (Nicolaus Dzierzgowicz dictus, natione Lituanus), Ян Ласовіч з Вільні (1468-1481) (Johannes Lossowicz civilis Vilnensis Lithuanus), Андрэй Пятровіч Гасковіч з Вільні (1481 -1491) (Andreas Petri Goschovicz de Vilna, natione Lituanus, Vilnensis) ды Альберт Табар з Мерачы (Albertus Tabor de Merecz, Lythwanus) (1492-1507) (яго брат Барташ заўсёды быў менаваны ў лістох "Табаровіч" (Taborowicz)) [153].
 
Усе гэтыя біскупы падтрымвалі ўстаўлены ад пачатку афіцыйны статус народнае мовы ў літоўскім касцёле. Інакш і быць не магло, бо прывілей вялікага князя Казіміра 1447 г. пацвярджаў існы звычай прызначаць святарамі адно прыродных літвінаў: "Которая ж то церква головная, зборная, кляштырная, иж бы пуста была, а пастыря не держала, <...> не иного, а любо не иных, пастыря, а любо пастырев давати маем, нижли Великого Князьства Литовского прыроженого, аж достойными обычаи найден будеть..." (гл. дад. №56).
 
Біскупы
 
У 1397 г. віленская капітула ў пратаколе абрання біскупа Якуба Пліхты (прозвішча чыста славянскае) адзначыла, што ён паходзіў не толькі "з народу", але і "з мовы" Літвы (vicarium Lythuanie, eiusdemque nacionis et lingue) - і, як паказуюць розныя дакументы, гэтая "літоўская" (беларуская) мова была не толькі моваю казаней і адукацыі, але і часткова моваю касцёльнага набажэнства і таемстваў у Віленскім біскупстве. У той жа час, Мацея з Трокаў, пробашча віленскага і прыроднага літвіна (origine Lithuanum), вялікі князь Вітаўт у 1417 г. прызначыў біскупам жамойцкім, бо Мацей "быў дастаткова навучаны жамойцкай гаворцы" (de ydiomate Samagitico sufficientissime institutum) [154]. Жамойцкая мова ў крыніцах ніколі не згадуецца ў сувязі з касцёльнай адукацыяй ды пагатоў з набажэнствам -веданне жамойцкае мовы патрабавалася ад святароў у Жамойцкім біскупстве адно для тлумачэння народу падстаў веры ды наўчання сама простым асновам касцёльнага жыцця. А школьная адукацыя ў Жамойцкім біскупстве адбывалася, безумоўна, у беларускай мове (тагачаснай "літоўскай") - адсюль і беларуская лексіка ў жамойцкай царкоўнай тэрміналогіі. Што ж тычыцца тагачаснае "літоўскае" (беларускае) мовы (lingua Lithuanica), то яна згадана ў розных крыніцах дый у саміх лістох літоўскага касцёлу як мова школьнае адукацыі, мова казаней, навучання народу ды нават як мова набажэнства і таемстваў у межах усяго Віленскага біскупства (то бо ў межах уласна Вялікага княства Літоўскага). Дый іншае "літоўскае" мовы ў 14-15 стагоддзях, апрача беларускае, увогуле не існавала (гл. артыкул "Літоўскі народ 14 стагоддзя").
 
Польская мова ў 15 стагоддзі ў набажэнстве літоўскага касцёлу не ўжывалася, бо польская мова ў той час не была моваю набажэнства ў самой Польшчы [155]. Для польскіх святароў, што прыязджалі ў Літву, было абавязковым веданне літоўскае (беларускае) мовы. Прыкладам, вядома, што ў 1453 г., калі кароль Казімір прапаноўваў на пасаду віленскага біскупа выдатнага богаслова паляка Судзівоя з Чэхла, той адмовіўся дзеля таго, што не ведаў літоўскае мовы ("Generose mi Rex, Lithwanicum ydioma ignoro...") [156].
 
Як паказуюць дакументы Віленскае архідыяцэзіі, літоўская (беларуская) мова ўжывалася тады ў касцёле не адно пры дадатковым набажэнстве і навучанні народу, але і пры чыненні таемстваў. Аб гэтым сведчыць статут Віленскае дыяцэзіі 1528 году, які загадваў скасаваць стары звычай прамаўлення сакральных формул пры таемствах па-літоўску і загадваў прамаўляць такія формулы адно ў лаціне: "Дзе літоўская мова (lingua Lithuana) ёсць мясцоваю ды паспалітаю і дзе не патрэбна большае істотнасці і дзейнасці таемства, там могуць дапускацца прыкрыя памылкі ў выказе слоў, калі прыймаюць хрост немаўляты, слоў, якія прамаўляць пры хросце. Няхай вышменаванае мовяць не літоўскаю гаворкаю (Lithuano idyomate) <...>, а ў лацінскай мове" [157]. "Літоўскаю" моваю тут магла быць менавана адно беларуская мова. Жамойцкую мову пад імем "літоўскае" замежныя прапагандысты тады пашыраць яшчэ не пачалі, дый ужыванне нейкае балцкае мовы ў такой якасці было чыста немагчымым: жамойцкая мова не мела ніякае богаслоўскае літаратуры ды лексікону нават для пачатковае царкоўнае адукацыі, не кажучы ўжо аб ужытку яе для касцёльнага набажэнства або таемстваў. Першыя рэлігійныя творы ў жамойцкай мове, якія з'явіліся ўпершыню ў другой палове 16 стагоддзя, мелі надзвычай прымітыўны характар. Дый сама царкоўная лексіка жамойцкае мовы была суцэльна славянскаю (гл. вышэй): яшчэ Даўкша, стваральнік літаратурнае жамойцкае мовы, пакінуў у ёй увесь пласт славянскае царкоўнае лексікі [158].
 
Такім парадкам, статут 1528 г. засведчыў ужыванне тагачаснае "літоўскае" (беларускае) мовы ў касцёле пры чыненні таемстваў. Той жа статут зацвярджаў старую практыку выкладання ў парафіяльных школах Евангеліі і Лістоў ап. Паўла ў літоўскай і польскай мовах: "Уставуем і даручаем <... > каб рэктары касцёлаў <... > дакладна тлумачылі тутэйшым вучням у літоўскай і польскай мовах (pariter utroque Lithuano et Polono idiomate) Святыя Евангеліі і Лісты ап. Паўла" [159].
 
Аб ужыванні "літоўскае" (беларускае) мовы ў касцёле сведчыць і грамата вялікага князя Аляксандра 1501 г., якая загадвала стала прамаўляць казані ў літоўскай мове (Lythuanici idiomatis) прэзбітарам у 28 парафіяльных касцёлах Літвы, у тым ліку ў касцёлах: Вільні, Ліды, Дубінак, Свянцянаў, Быстрыцы, Беліцы, Дубічаў, Слоніму, Краснага Сяла, Валожына, Маладэчна, Радашковічаў, Койданава, а таксама Трысцянкі, Далістава і Ганязі на Падляшшы [160]. У 1521 г. магістрат і меская рада Вільні ўклалі з плябанам віленскага Свята-Янскага фарнага касцёлу немцам Леанардам Радыянам угоду, у якой была, між іншым, умова аб утрыманні плябанам пры фары "літоўскага казнадзея" (praedicatores vero plebanus Lithvanum), то бо казнадзея, які мусіў мовіць казані ў літоўскай мове (поруч з "польскім казнадзеем", якога таксама ўтрымвала Свята-Янская фара). Сярод чальцоў мескае рады, якія ўклалі гэтую ўгоду з гэткім патрабаваннем, не было ніводнага неславянскага імя - сведкамі гэтае ўгоды былі: Бабіч, Мікалаевіч, Адзвернік, Янушка Чорны, два Міхавічы, Сырамятнік, Воўк, Лаўрын (сваяк віленскага войта Юхны Лаўрыновіча) і Мішусь. Гэтая ўгода змяшчала таксама ўмову аб пасцівым абхаджэнні плябана з парафіянамі "паводле старажытнага звычаю" [161].
 
Тагачасная літоўская (беларуская) мова была моваю літоўскага касцёлу ад сама яго ўстаўлення. У ёй выдадзены найважнейшыя граматы, што закраналі ўвязанне каталіцтва: прывілеі літоўскаму касцёлу караля Ягайлы 1389 году (гл. дад. №31), грамата вялікага князя Вітаўта аб хросце літвы 1392 г. (гл. дад. №33). У гэтай мове ліставаліся міжсобку біскупы, касцёльныя ўраднікі і князі (гл. дад. №32, 38, 47), у ёй віленскія біскупы вялі свае лічбавыя кнігі. Гэтую мову менавалі народнаю самі літоўскія князі і баяры ў сваіх граматах касцёлам (гл. вышэй). У гэтай мове выдавалі граматы аб фундацыі і ўпасажанні літоўскіх касцёлаў, у гэтай народнай мове складалі першыя каталіцкія літаратурныя помнікі Літвы 15 стагоддзя (гл. ніжэй). Аб ужыванні народнае мовы літвінаў у касцёле сведчаць і ацалелыя граматы ў народнай мове, якія выдавалі ад імя і ў адрас віленскае капітулы.
 
У 1451 г. Ян-Карэйва Ядуговіч прадаў сваю зямлю ў Ваўкавыскай воласці біскупу віленскаму Мацею і катэдры св. Станіслава: "Се я Ян, иначей Корейва Ядукгович, продал есми добровольно и с ведомом осподаря короля Казимира землю свою питомую у волости Волковыской, которую ж то землю купил есми был у Бартоша прозвищом Козего Мистра и с тою землицею, которую купил есми у Мацка Вовковлянина, ксеньзю Матею бискупу Виленьскому и церкви Виленьской святого Станислава. <... > Будеть ли хто у тых землях бискупа и церковь нагабати, я хочу у то уступитися и боронити и очыстити тые земли". Склаў і запісаў грамату "Матысь кановник Виленский" [162].
 
У 1471 г. пан Мікалай Неміровіч, дзедіч Усялюбу, упасажыў сваёю граматаю касцёл у Ішкальдзі [163]. 
 
касцёл
 
У 1473 г. князь Аляксандр Гальшанскі адпісаў віленскай катэдры частку сваёй маёмасці ў Свіранах пад апеку біскупа віленскага Яна Ласовіча [164]:
Въ имя Боже амен. Я Александр князя Юръя сын Семеновича Гольшански, будучы здоровы на своей мысли, на своем теле, непрыпужоны але с доброго моего розмышленья, чыню сведомо всим
посполито и каждому з особна нынейшым и потом будучым, иж для збавенья и памяти душы моей, естли Бог што на мя препустить на дорозе службы королевской и земской, которую ныне с прыказанья Короля его милости и панов радных чыню до Ляхов, яко ж ми Король его милость ис иншою братьею моею прыказал, поручаю и даю Богу и святому Станиславу костела виленского часть именья моего у Свиранах, дельницу отчызны моей, в котором костеле у святого Станислава погреб выбрал есми, если ми ся у далеких землях смерть не прыгодить, с которых же не может быть тело мое прыпроважено. А того именья пирвей выписаного князь Ян з Божей ласки бискуп Виленски нынейшы и его наместник потым будучы мають быть опекуны и державцы и моей душы вечную память делать. <...>
А на тых всих речах для лепшего сведомья и потверженья печать моя тому листу есть завешона. А пры тым были князь Ян с Божей милости бискуп Виленски а пан Михайло Кесгайлович воевода Виленски, канцлер земски Княства Великого Литовского, а пан Иван Ходкевич маршалок Короля его милости, а пан Ивашко Александрович подскарбий, а князь Ян каноник и официал костела Виленского. Писан и дан у Вильне, у понедельник перед святой Марыей Магдалиной лета Божего тысяча чотырыста семьдесят о третем.
 
У 1474 г. віленскія канонікі ўставілі межы зямель віленскага біскупа і капітулы ў мазырскім павеце [165]:
Во имя святое нераздельное Троицы станься. На вечную память нынешним и потом будучым усим посполите знаменито чыним, которым будеть потребизна огледати.
Мы князь Войтко, пробощ Миколай, каноницы Виленского костела святого Станислава, пан Миколай Дубровеньский, пан Юрьи маршалек, пан Войтко и Якуб князья з Божей ласки бискупа Виленского урядники, под леты Божьими тысяча 400 семьдесят 4 год, месяца сентября 20 и 1 день, спросили есмо стороны от князя бискупа его милости пана Балакира урядника князя Михаила Васильевича, и пана Богдана Васильевича короля его милости боярына, Ивана, Данила Левковича, а от капитулы Виленского костела святого Станислава пана Митька Петровича и пана Митька Бардыча и пана Федора Бардыча, Олександра Максимовича и Данила Белотьского, Микулу Ильвея и иншых мужов к тому облично собраных, урядили, утвердили есмо вечно и границу уделали рекою на имя Локницею, и продали к Солоному Бабий Остров князя бискуповым людем з усим правом земли и в бортях <...>.
Писан на корчме капитульнее стороны подле Плотницы реки граничное, дня и месяца первописаных.
 
У літоўскім касцёле таксама ўжывалася царкоўнаславянская мова: у гэтай мове мясцовага зводу складалі каталіцкія літаратурныя творы 15 стагоддзя (гл. ніжэй), рабілі роспісы ў касцёлах (як вядома, фрэскі з надпісамі царкоўнаславянскаю моваю былі адчынены падчас рэстаўрацыі касцёлу Панны Марыі ў Троках). У віленскім музэю некалі захоўвалі царкоўны звон 1420 году з надпісам аб стварэнні яго на загад пана Шадыбора Валімунтавіча (брата маршалка дворнага Кязгайлы Валімунтавіча): "В лето 6000 9 сот 28 создан бысть сей святой Троицы повелением раба Божего пана Шедибора Валимонтовича, а мастер Устьек" [166].
 
Звесткі аб складзе віленскае капітулы таксама даюць пэўнае ўяўленне аб нацыянальным характару тагачаснага літоўскага касцёлу. У 1397 г. да складу віленскае капітулы належалі: дэкан Якуб, кусташ Мартын, скарбнік Якуб, Пётр з Кустыня (пазней пробашч і біскуп віленскі), Міхайла з Коўні, Мікалай, Ян Чэх, Бервальд і Гінча. За выняткам паляка Пятра з Кустыня, немца Бервальда ды чэхаў Яна і Гінчы, усе астатнія асобы былі літвінамі [167]. Пазней да складу віленскае капітулы належалі, між іншым, пралаты і канонікі: Пётр, пробашч (1413 г.) Мацей з Вільні, пробашч (1417 г.), Пракоп (1422 г.), Мікалай сын Лаўрыша, дэкан (1427 г.), Мартын, пробашч (1435 г.), Юрый з Дворышча (de Dworzyszcze) (1442 г.), Мацей або Матысь, кусташ (1447 г.), Ян Янавіч Ласовіч з Вільні, канонік, пазней біскуп віленскі (1449 г.), майстар Андрэй сын Лаўрыша з Вільні (1456 г.), Вячаслаў Пятровіч Рачковіч з Вавёркі, дэкан (1459 г.), Андрэй Пятровіч Гасковіч з Вільні, канонік, пазней біскуп віленскі (1464 г.), Барталамей Свіранковіч, кусташ (1468 г.), Ян Паўлавіч Кучыковіч з Вільні (1471 г.), Войтка, пробашч (1474 г.), Станіслаў сын Войцэха з Няменчына (1475 г.), Лаўрыш Воўчкавіч з Салечнікаў (1477 г.), Юрый сын Якуба з Валожына (1484 г.), Ян Мікалаевіч Андрышэвіч па мянушцы Пудэлка з Вільні (1486 г.), князь Андрэй Свірскі (1494 г.), Барталамей Рачко з Мельніка (1495 г.), Ян Філіповіч з Вільні (1497 г.) ды іншыя літвіны [168].
 
У фундушовых запісах для віленскіх францысканаў, пісаных ад 1397 г. на працягу ўсяго 15 стагоддзя, пералічаны імёны літвінаў-католікаў: Міхайла Петрашовіч, Алёхна Воўчкавіч, Івашка Свірбловіч, Яцко Яновіч, Багдан Вітаўтавіч, Матысь Вільняровіч, Васіль Васьковіч, Мартын Мацеевіч, Яшко Міцьковіч, Мацей Андрушкавіч (баярын з Меднікаў), Мікалай Некраш з братам Багданам, Ян Вайшнаровіч, Грыгор Якейлавіч, Станіслаў Машковіч з жонкай Кацярынай Яглеўскай, Станіслаў Мацеевіч, Івашка Свярпковіч, Ян Станевіч, Юшко Міцьковіч ды іншыя [169]. У розных лістох (у тым ліку ў лістох каталіцкага касцёлу) першае паловы 15 стагоддзя былі згаданы літвіны з народнымі імёнамі Рачко, Некраш, Неруш, Воўчка, Войтка, Грыцко, Багдан, Фомка, Андрусь, Машка, Мілохна і інш.
Такім чынам, як відаць з усіх гістарычных матэрыялаў аб перавядзенні літоўскага народу на каталіцтва, народ літвінаў канца 14 стагоддзя складалі славянізаваны ўсходнегерманскі, славянскі і толькі ў малой ступені балцкі этнічны элементы (што відаць у імёнах), прытым пад імем "літвінаў" адбылася кансалідацыя гэтых некалі розных этнічных элементаў у адзіны славянамоўны народ (што відаць з усіх іншых гістарычных звестак). Мова літоўскага касцёлу, каталіцкая адукацыя, рэлігійная літаратура - усё гэта развівалася на грунце мовы і культуры дакрэўскага літоўскага народу, які быў паводле гэтых чыннікаў цалкам славянскім яшчэ да Крэўскай уніі (гл. артыкул "Літоўскі народ 14 стагоддзя").
 
Адным з першых месцаў навучання будучых каталіцкіх святароў з ліку літвінаў стаўся Празскі ўніверсітэт. У 1397 г. тут быў заснаваны калегіюм для студэнтаў-літвінаў. У 1399-­1409 гг. у Празе навучаліся Хрыстафор з Літвы, Грыгор з Літвы; іспыты на ступень майстра самому Яну Гусу здаў у 1408 г. Мацей з Вільні, будучы біскуп віленскі [170]. Па аднаўленні прывілеямі караля Ягайлы 1397 і 1400 гг. Кракаўскага ўніверсітэту ён стаўся галоўнаю вучэльняю для літоўскіх клерыкаў. Адмысловая школа для літоўскіх святароў была адчынена ў Кракаве яшчэ ў 1390 г., а на працягу 15 стагоддзя Кракаўскі ўніверсітэт быў асяродкам богаслоўскае адукацыі для літвінаў з розных зямель Вялікага княства, якія па сканчэнні навук рабіліся прэзбітарамі, канонікамі, пралатамі і біскупамі ў Віленскім біскупстве. Усе студэнты з зямель уласна Вялікага княства Літоўскага (то бо без Жамойці і ўкраінскіх зямель) запісаны ў актавых кнігах Кракаўскага ўніверсітэту як "літвіны". У актах да пачатку 16 ст. сустракаецца толькі адзін студэнт з Жамойці і ён не запісаны як
"літвін" [171].
 
Ад 1412 г. у Кракаўскім універсітэце навучаўся Мікалай Неміровіч, будучы маршалак гаспадарскі. У 1413 г. у Кракаўскі ўніверсітэт запісаліся Мартын сын Грыгора з Вільні, Мікалай сын Міхайлы з Вільні, Міхайла з Трокаў. У 1420 г. запісаліся на навукі Павал сын Яна, Багдан сын Грыгора, Мікалай сын Яна (усе з Вільні). У 1426 г. ступень бакалаўра (што давала магчымасць навучаць і займаць пасаду рэктара ў парафіяльнай школе) атрымаў Багдан з Вільні. Ад 1442 г. у Кракаўскім універсітэце навучаўся Ян Янавіч Ласовіч з Вільні, пазней біскуп віленскі, ды Лаўрыш сын Мікалая з Вільні. У 1444 г. запісаўся на навукі Вячаслаў Пятровіч Рачковіч з Вавёркі, літвін (Venceslaus Petri de Wawerka, Lithwanus), пазней дэкан віленскі. Ад 1443 г. у Кракаўскім універсітэце навучаўся Андрэй Пятровіч Гасковіч з Вільні, пазней канонік і біскуп віленскі. У 1449 г. запісаўся Барталамей Свіранковіч, сын Мікалая з Вільні, літвін (Litwanus), будучы кусташ і дэкан віленскі. У 1461 г. запісаўся на навукі Ян Нарбутавіч (Jaen Narbotowicz) з Няменчына; яго брат Альберт Нарбутавіч (Albertus Narbuthowicz) быў ад 1473 г. каталіцкім біскупам кіеўскім.

У 1464 г. запісаліся Ян Паўлавіч Кучыковіч з Вільні, Міхайла сын Мацея з Пінску, у 1473 г. Пётр з Менску. У 1470 г. запісаўся Ян Мікалаевіч Андрышэвіч па мянушцы Пудэлка з Вільні, пазней канонік і архід'якан віленскі. У 1474 г. запісаліся Пётр сын Міхайлы з Вільні, будучы канонік віленскі, ды Войтка, пробашч віленскі. У 1475 г. у Кракаве вучыўся "шляхціч Сенька Гарынскі, літвін" (nobilis Szenko Horinsky, Lithwanus), які сябраваў з Альбертам Табарам, будучым біскупам віленскім. У 1476-1478 гг. у Кракаўскім універсітэце вучыўся князь Андрэй Пятровіч Свірскі (Andreas Petri de Swyr, dux Litwanie), які пазней быў канонікам і кусташам віленскім. У 1477 г. скончыў навукі ў Кракаве Лаўрыш Воўчкавіч з Салечнікаў, пазней канонік віленскі. У 1480-х гадох у Кракаўскім універсітэце навучаліся Юрый сын Мартына з Наваградка, Бернард з Вільні (сын віленскага войта Юхны Лаўрыновіча), пазней канонік віленскі, Ян Філіповіч з Вільні (Johannis Philipovecz de Vilna), пазней канонік і кусташ віленскі, ды іншыя літвіны. У той час каля студэнцкае бурсы ў Кракаве дзяржаў карчму Мікола Літвін, жонка якога Агнэшка часам пазычала грошы літоўскім студэнтам [172].

Універсітэт
 
Ва ўласнай кнізе будучага каноніка віленскага літвіна Адама Якубовіча з Вільні (Adam Jakubowicz de Wilno, Lithuanus), які навучаўся ў Кракаве ў 1478-1488 гг., стаіць запіс: "Книга Адамова Якубовича с Котры с Литвы з волости Городенское Зброшкова брата, ему ж накладался на науку до Кракова болей десять лет, из детинства ест пры школе виленской ласкаво ховался, небожчык князь Иондрый, негды каноник и кустош костола виленского святого Станислава" [173]. Як відаць з гэтага запісу, накладаўся на навукі для Адама Якубовіча князь Андрэй Свірскі, канонік і кусташ віленскае капітулы, адзін з старшыняў віленскае катэдральнае школы.
 
Школа пры віленскай катэдры св. Станіслава была адчынена ў 1452 г. і была прызначана перадусім для выхавання літоўскага каталіцкага духавенства. Вялікі князь Казімір выдаў у 1452 г. гэтай школе прывілей у народнай мове, якім запісваў "...мистру школьному у Вильне церкви светого Станислава осмъ коп грошей с корчом виленских на кожды год" [174] (гл. дад. №58). Ад часу яе заснавання навукі ў гэтай катэдральнай школе выкладалі ў лаціне і ў народнай славянскай мове [175].
 
 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Average: 10 (1 vote)
Аватар пользователя esxatos