Тарасаў - Рэцэнзія на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”

Алёхна Дайліда - Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі
Алёхна Дайліда

 

С.В. Тарасаў - Рэцэнзія на зборнік артыкулаў з дадаткамі А. Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі”

аўтарскае выданне
Менск, 2019
Рэцэнзуемая кніга складаецца з дзвюх частак і ўяўляе сабою зборнік артыкулаў аўтара, прысвечаных розным аспектам утварэння і існавання Вялікага княства Літоўскага і дадатку з дакументаў і матэрыялаў, якія ахопліваюць XIIІ—XV стст.
 
Варта адзначыць, што ў артыкулах аўтар выкладае свой арыгінальны погляд, дагэтуль не вядомы ў айчыннай гістарыяграфіі. Як мовазнаўца, праз аналіз дакументаў, моўнай і канфесійнай сутуацыі, А.Дайліда даводзіць, што на ўтварэнне Літвы і літоўскага народу вялікі ўплыў аказала так званая ерась багумілаў. Сапраўды, багумільскія погляды на хрысціянскія дагматы былі вельмі распаўсюджаны ў Еўропе. Да сёння, гісторыкі больш звярталі ўвагі на гэты рух, як на патарэнаў у Італіі, альбігойцаў ў Францыі, катараў у Германіі. Аднак, і на ўсходзе ад Балканаў вучэнне і погляды багумілаў таксама прысутнічалі. Нажаль, на гэта мала звярталі ўвагі гісторыкі-даследчыкі, але ў паўстанні “ валхвоў” на ноўгарадска-пскоўскіх землях, і ў Суздальскім паўстанні, XI ст., а таксама ў ерасі так званых “стрыгольнікаў”, выразна прысутнічае дуалістычны погляд на сутнасць Бога, яго дзейнасць і дзейнасць яго “антыпода”, дзе апошні з’яўляецца неад’емнаю часткаю першага. А гэта, відавочна,  яднае апошніх з багуміламі.
 
Безумоўна цікаваю падаецца асноўная гіпотэза аўтара, якая сцвярджае, што назоў “ліцьвіны” з’яўляецца канфесіёнімам, а не этнонімам. Сапраўды, ва ўсходніх, так званых “рускіх” крыніцах адсутнічае ацэнка “ліцьвінаў” (літоўцаў) як язычнікаў-паганцаў.
Ацэнкі “ліцьвінаў” як схізматыкаў, ворагаў веры, “нехрышчоныя”, “вераадступнікі”, маюцца ў заходнееўрапейскіх крыніцах і храналагічна адпавядаюць часам паступовай заваёвы і акупацыі балтыйскіх земляў лацінскімі хрысціянскімі ордэнамі. Неабходнасць абгрунтавання агрэсіі на Ўсход выклікала і адпаведную тэрміналогію.
 
Аўтар рэцэнзуемай кнігі слушна заяўляе, што для лацінскай царквы гэткімі ж “схізматыкамі” былі хрысціяне Полацка, Ноўгарада, ды іншых зямель. Разам з тым, адносіны (палачанаў, напрыклад) з літоўцамі-ліцьвінамі былі, безумоўна не простымі, часам ваяўнічымі, часам васальнымі, але ніколі варожа-канфесійнымі. Няма ні воднай звесткі аб спробах палачанаў, наўгародцаў, ці яшчэ каго з поўначы і ўсходу, хрысціць літоўцаў, ці, да прыкладу, яцьвягаў, як гэта рабілі папскіе місіянеры (Бруна і  Адальберт). Разам з тым, няма падстаў сумнявацца, што гэтыя народы, ліцьвіны ў першую чаргу, ведалі хрысціянства. Проста не мажліва ўявіць, каб у цэнтры Еўропы, дзе народы і дзяржавы прынялі хрышчэнне ўжо ў канцы X – самым пачатку XI стст., з усіх бакоў Літвы: Захаду, Поўначы, Усходу, Поўдня, яшчэ амаль чатыры стагоддзі, заставаліся жыць цэлыя народы (у “дзікіх лясах”), якія гэтага хрысціянства не ведалі.
 
Таму даследаванні А.Дайліды, якія падымаюць новыя пытанні ў айчыннай гісторыі, уяўляюцца вельмі цікавымі.
 
Асобна ў зборніку трэба адзначыць другую частку, якая цалкам складаецца з першакрыніц. Тут змешчана 60 дакументаў, сярод якіх малавядомыя, пададзеныя ў аўтарскім перакладзе. Публікацыя першакрыніц, а асабліва тых, якія тычацца гісторыі рэлігіі на нашых землях – справа надзвычай важная і карысная.
 
Апрача таго адзначым, што кніга добра і цікава ілюстравана.
 
Лічым, што праца А.Дайліды “Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі” варта быць надрукавана. На наш погляд, гэта будзе не толькі новае слова ў беларускай гістарыяграфіі,  яна зацікавіць шырокія колы прафесійных гісторыкаў, аматараў і ўсіх, хто цікавіцца айчыннай гісторыяй.
 
Вядучы навуковы супрацоўнік
ДУ “Музей гісторыі горада Мінска”,
сябра праўлення беларускага Камітэта
па помніках і памятных мясцінах “ІКАМОС”,
сябра Міжнароднага Камітэта
па музеях “ІКОМ”,
кандыдат гістарычных навук               С.В.Тарасаў
 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Average: 10 (2 votes)
Аватар пользователя esxatos