Друждж - Бітва пад Оршай 1514 года

С книгами, рекламируемыми на сайте, можно лично ознакомитьсявступив в клуб Эсхатос, или оформив заявку по целевой программе.
Пётр Друждж - Бітва пад Оршай 1514 года
Бітва з маскоўскім войскам, якая адбылася 8 верасня 1514 г. на палях пад Оршай на Віцебшчыне, была адной з найвялікшых бітваў у тагачаснай Еўропе. Гэтая перамога, атрыманая польска-літоўскім бокам, як і шмат іншых, не была выкарыстана ні ў ваенных, ні ў палітычных мэтах. У Польшчы яна не дачакалася ператварэння ў нацыянальны сімвал. Зрэшты, гэта была перамога перадусім Літвы (і там яна займае пачэснае месца ў гістарычнай традыцыі, пачынаючы ад вяртання незалежнасці ў 1991 г.), хоць польскае войска адыграла ў ёй вырашальную ролю. Шчыра кажучы, сёння не шмат людзей здолее адказаць, калі адбылася Аршанская бітва, тым больш – паміж якімі краінамі дайшло да ваеннага канфлікту і з якіх прычын. Менавіта адсюль – мая зацікаўленасць гэтай падзеяй.
 
Ёсць яшчэ адна падстава для напісання гэтай кнігі. Змаганне на палях пад Оршай мела месца ў найцікавейшую эпоху. Гэта час вялікіх перамен ва ўзбраенні і, як наступства – у вайсковым мастацтве еўрапейскіх дзяржаў. Польска-літоўская дзяржава ўяўляе сабой асабліва цікавы прыклад. Яна складалася з двух (па меншай меры) народаў і, знаходзячыся на памежжы дзвюх культур – Захаду і Усходу, была прасторай сутыкнення розных кірункаў вайсковага мастацтва. У выніку гэтых працэсаў сфарміравалася старапольская вайсковая школа, якая дасягне піку свайго развіцця ў XVII ст.
 

Пётр Друждж - Бітва пад Оршай 1514 года

«Электронная книгарня», 2000
ISBN 978-985-99340-1-8
Пераклад з польскай мовы Андрэя Янушкевіча з выдання: Piotr Dróżdż. Orsza 1514. Warszawa: Bellona, 2000.
У афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент карціны «Бітва пад Оршай» (Нацыянальны музей у Варшаве)
 

Пётр Друждж - Бітва пад Оршай 1514 года - Змест

  • Прадмова
  • Міжнародная і ўнутраная сітуацыя Польшчы ў канцы XV – пачатку XVI ст
  • Балтыйскае пытанне – пачатак барацьбы за dominium maris baltici
  • Унутранае становішча Літвы і праблема ўніі з Польшчай
  • Расія на мяжы XV–XVI стст. – аб’яднальная палітыка Iвана III і Васіля III
  • Узмацненне пагрозы для Літвы з боку Маскоўскай дзяржавы ў канцы XV – пачатку XVI ст
  • Si vis pacem, para bellum – нараджэнне новага ваеннага мастацтва
  • Польская армія
  • Літоўская армія
  • Маскоўскае войска
  • Аршанская перамога
  • Саспакаенне на літоўска-рускай мяжы

Пётр Друждж - Бітва пад Оршай 1514 года - Унутранае становішча Літвы і праблема ўніі з Польшчай

 
У перыяд з сярэдзіны XV ст. да сярэдзіны XVI ст. у Літве адбыліся важныя і знамянальныя пераўтварэнні ў сацыяльнай і гаспадарчай сферах. На іх фоне неаднаразова разыгрываліся драматычныя палітычныя падзеі. Літоўская дзяржава з уступленнем на трон Казіміра Ягайлавіча ўвайшла ў эпоху дынамічнага эканамічнага развіцця. Гэта праяўлялася перадусім у значным дэмаграфічным росце і, як наступства – маштабным асваенні новых зямель. У іх недахопу не было. У распараджэнні знаходзіліся абшары на пруска-латышскім памежжы, а таксама былыя землі яцвягаў, якія ляжалі неасвоенымі з-за войнаў з Нямецкім Ордэнам. Гаспадарчае жыццё ў Літве не замірала нават тады, калі літоўская знаць вяла з палякамі спрэчкі наконт уніі, калі на ўсходзе ішлі войны з Маскоўскай дзяржавай. Дынамічна развіваліся гарады і мястэчкі. З паловы XVст. пачалі паяўляцца цэхі. У гарадах і раней існавалі праваслаўныя рамесныя брацтвы, але яны мелі больш таварыска-рэлігійны характар. З цягам часу рамеснікі сталі ўяўляць моцную па колькасці і трывалую ў арганізацыйным плане супольнасць. Гэта, у сваю чаргу, служыла прычынай барацьбы за ўдзел у гарадскім самакіраванні. Віленскія рамеснікі дамагліся гэтага ў 1536 г.
 
Спрыяльная кан’юнктура на сельскагаспадарчую прадукцыю, у прыватнасці на збожжа, спрычынілася і ў Літве да шпаркага развіцця гандлю. Развіваўся і досыць даходны гандаль з Масквой, аднак яго ўскладнялі частыя войны. Прыбытковы гандаль быў немагчымы без адпаведнай сельскай гаспадаркі. Зразумела, і ў Літву пранікла фальваркава-паншчынная гаспадарка. Яшчэ да сярэдзіны XVст. панская гаспадарка, заснаваная на працы нявольнай чэлядзі, з’яўлялася для пана галоўнай крыніцай існавання. Невялікія даніны ад малалікага насельніцтва, як і ваенная здабыча, не маглі стаць сродкам утрымання для баярына-шляхціча, які не займаў дзяржаўных пасад. На мяжы XV–XVI стст. панскі двор пачаў ператварацца ў фальварак, які вырабляў тавары на продаж. Прычыны імклівага развіцця фальваркаў у Літве былі дакладна такія ж самыя, як у Польшчы. Агулам можна сказаць, што на гэта паўплываў бурлівы росквіт гарадоў на захадзе Еўропы. У выніку згону землеўладальнікамі сялян з зямлі наступіў крызіс сельскай гаспадаркі. Замест таго, каб трымаць на сваіх угоддзях схільных да непаслухмянасці падданых, паны хацелі займацца гадоўляй авечак альбо вінаробствам. Менавіта гэты спрыяльны для Усходняй Еўропы стан рэчаў і пастаянна ўзрастаючае спажыванне на дварах феадалаў спрычыняліся да павелічэння фальваркавых зямель у Літве. Рэй у пашырэнні старых і заснаванні новых фальваркаў вялі свецкія і духоўныя паны, а таксама сам вялікі князь. Феадалы хутка зразумелі, што даходы з фальваркаў значна перавышаюць даходы з разнастайных павіннасцей, якія неслі сяляне. Стала выгадным скасоўваць альбо змяншаць павіннасці і заахвочваць сялян да паншчыны ў фальварках. Хутка надышло разуменне, што можна адначасова выкарыстоўваць селяніна ў фальварку і павялічыць яго старыя павіннасці. З канца XV ст. стаў пашырацца грашовы чынш, які ў ранейшыя часы выступаў досыць рэдка.
 
Развіццю вытворчых сіл спадарожнічалі глыбокія перамены ў сферы дзяржаўна-прававых, сацыяльных і эканамічных адносін. З часоў заключэння ўніі з Польшчай у Крэве шматлікія выгоды атрымалі баяры. Пасля земскіх прывілеяў 1387, 1413, 1434 гг. наступны важны прывілей выдаў баярам Казімір Ягайлавіч у 1447 г. З гэтых пор яны былі вызвалены ад падаткаў з уласных землеўладанняў. Выключэннем была толькі стацыя, а таксама работы па рамонце і будаўніцтве замкаў. Прывілей адначасова даваў баярам права суда над сваімі падданымі. Гэта пацвярджалася і ўдакладнялася ў прывілеях 1492, 1506, 1529 і 1547 гг. Баяры маглі без перашкод збіраць на свае патрэбы павіннасці са сваіх падданых, атрымаўшы поўную ўладу над імі. Такім чынам, баяры выдзяліліся ў структуры грамадства ў шляхецкае саслоўе.
 

Категории: 

Благодарность за публикацию: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (1 vote)
Аватар пользователя esxatos