Рудкоўскі - Эротыка біблійнага слова

Рудкоўскі - Эротыка біблійнага слова
Разгляд трох галоўных перакладаў Бібліі на беларускую мову і кніг біблістыкі
 

 

Пётра  Рудкоўскі ОП - Эротыка біблійнага слова

Аўтар разглядае наступные пераклады Бібліі ды творы:
 
Біблія. Кнігі Сьвятога пісаньня Старога і Новага запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / Пер. Васіля Сёмухі. — World Wide Printing Duncanville, 2002.
Сьвятая Бібля. Кнігі Сьвятога Пісьма старога й Новага закону з мовы габрэйскае а грэцкае на вялікалітоўскую (беларускую) нанова перакладзеныя. — У Ню Ёрку, 1973.
Новы запавет / Пер. айца Ўладзіслава Чарняўскага. — Менск, 1999.
Сініла, Галіна. Біблія як феномен культуры і літаратуры. Частка І. Духоўны і мастацкі свет Торы. Кніга Быцця. — Мінск: Беларуская навука, 2003.
Сініла, Галіна. Біблія як феномен культуры і літаратуры. Частка ІІ. Духоўны і мастацкі свет Торы. Кніга Зыходу. — Мінск: Беларуская навука, 2004.
 
***
 
На пачатку было Слова — кажуць філёзафы й багасловы.
Не, на пачатку быў Эрас — пярэчаць паэты й песьняры.
А мы аб'яднаем філёзафаў і паэтаў, багасловаў і песьняроў:
На пачатку была эротыка Слова, была Божая жарсьць, агонь Божай любові.
Гэтая жарсьць давяла Бога да ўцелаўленьня, а ўцелаўленьне давяло Яго да беларускай мовы. Бог захацеў гаварыць па-беларуску...
 
* * *
 
Пераклад Васіля Сёмухі выйшаў пад рэдакцыяй Юркі Рапецкага з благаслаўленьнем Мітрапаліта Мікалая, Першагерарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў 2002 годзе. Цягам трох гадоў існаваньня гэтага перакладу ў беларускай культурнай прасторы можна было пачуць і станоўчыя, і адмоўныя водгукі.
 
«Перакладзеная ім Біблія чытаецца з пожадам, без прыгнечанасьці і натугі, натуральна, як Богам яўленае (абеларушанае) гістарычна-міталягічнае жыцьцё зямнога чалавецтва...» — кажа Леанід Галубовіч. «Перакладзена не з арыгінальных моваў, сам пераклад занадта літаратурны, ёсьць моўныя памылкі», — адзначаюць іншыя, магчыма, больш суровыякрытыкі.
 
Як «суровасьць», так і «лагоднасьць» у ацэнцы Сёмухавага перакладу зазвычай абумоўлены ці то канфэсійнай, ці то моўна-культурнаю прыналежнасьцю. Для адных заганай можа быць пурызм Сёмухавай мовы (напр. «дабраславіць», а не «благаславіць»,
«Дабравесьце», а не «Эвангельле»), для другіх — «усходняя» моўная опцыя (напр. «Гасподзь», а ня «Пан», «Царква», а не «Касьцёл», «Ісус», а ня «Езус»), а для трэціх вялікім мінусам могуць стацца славутыя «мяккія знакі», г. зн. выбар клясычнае вэрсіі беларускай мовы.
 
Ня менш кантравэрсіяў, несумнеўна, узьнікае і ў сувязі зь перакладамі каталікоў Янкі Станкевіча  і Ўладзіслава Чарняўскага. Дый што тут казаць: нават польская «Biblia Tysiсlecia», якая была плёнам сумеснай працы блізу ажно 50 выбітных біблістаў і філёлягаў, сталася аб’ектам даволі суровае крытыкі. Адзін бібліёляг нават сказаў: «Біблія Тысячагодзьдзя» — Біблія тысячы памылак».
 
Нашым заданьнем будзе ня толькі пераправерыць і ацаніць сучасныя пераклады, але таксама паспрабаваць падагульніць працэс станаўленьня беларускай Бібліі. Нас будзе цікавіць патэнцыял беларускае мовы: наколькі яна здольная перадаць духоўна-рэлігійны вопыт, сканцэнтраваны ў сьвятых юдэа-хрысьціянскіх кнігах. Будзе цікавіць таксама, наколькі Сёмуха, Чарняўскі і Станкевіч выкарысталі гэты патэнцыял.
 
Амаль дзьве тысячы гадоў Біблія існуе ў «завершанай», кананічнай форме, але яна існуе без арыгіналу. Мы маем адно толькі прывілеяваныя копіі, а менавіта габрэйскія, арамэйскія ды грэцкія старажытныя рукапісы (зазвычай у некалькіх ці некалькіх дзясятках рэдакцыяў), якія і ўтвараюць галоўны пункт аднясеньня для магчымых перавыданьняў і перакладаў Бібліі.
 
Часьцяком  іх называюць «арыгіналамі», але яны насамрэч —  псэўдаарыгіналы. На гэтым сьвеце няма арыгіналу Бібліі. Біблія — гэта ў пэўным сэнсе недаступная рэчаіснасьць.
 

1. Стары запавет

 
У Бібліях Станкевіча і Сёмухі Стары запавет (далей — СЗ) явіцца ў праваслаўна-пратэстанцкай вэрсіі, якая матэрыяльна не адрозьніваецца ад юдэйскае Бібліі. Розьняцца яны (праваслаўна-пратэстанцкі СЗ і юдэйская Біблія) толькі парадкам і структураю.
 
Корпус павучальных кніг і корпус прароцтваў перастаўлены месцамі: павучальныя кнігі ўтвараюць другую частку праваслаўнага і пратэстанцкага СЗ, а ў юдэйскай Бібліі — трэцюю. Кнігі Самуіла, Царстваў, Летапісаў і прарока Ераміі разьбіты ў праваслаўным і
пратэстанцкім СЗ на дзьве часткі (Першая і Другая кніга Самуіла, Першая і Другая царстваў, Першая і Другая летапісаў, Кніга Ераміі і Галашэньне Ераміі). Такім чынам, юдэйскі біблійны канон налічвае 35, а праваслаўны і пратэстанцкі СЗ — 39 кніг.
 
Інакш справа выглядае з каталіцкім канонам Старога запавету. Каталіцкі СЗ складаецца ажно з 45 кніг, а гэта таму, што тут прыняліся таксама г. зв. «дэўтэранамічныя кнігі», кнігі, кананічнасьць якіх цягам гісторыі нярэдка ставілася пад сумнеў. Такім чынам, да юдэйска-праваслаўна-пратэстанцкага канону дадаюцца сем іншых кніг: кнігі Товія, Юдыты, Першая і Другая Махавеяў, Мудрасьці, Сыраха і Варуха. Усе гэтыя кнігі вядомыя нам у грэцкай вэрсіі, прычым некаторыя зь іх (Другая кніга Махавеяў, Мудрасьці і Сыраха) былі адпачатна напісаныя па-грэцку, а іншыя напісаны былі па-габрэйску або па-арамэйску, але захаваліся толькі ў перакладзе на грэцкую.
 
 

Пётра Рудкоўскі

 
Пётра Рудкоўскі ОП — філёзаф, тэоляг. Нарадзіўся ў 1978 годзе ў Канвэлішках (Воранаўскі раён).
Магістрант Ягелёнскага ўнівэрсытэту. У сфэру ягоных зацікаўленьняў уваходзіць мэтадалёгія сацыяльных навук. Апошнія ягоныя публікацыі ў «ARCHE» — агляд «Стратэгіі барацьбы за рэальнасьць» (3/2005) і артыкулы «Сцэнары лукашэнкаўскай
улады» (4/2005), «Нацыянальны дыскурс і лібэральны мардабой. Пасьляслоўе да дыскусіі пра мову «Нямецкай хвалі» (5/2005). Ляўрэат прэміі часопісу «ARCHE» «За сумленнае слова» за 2005 год.
 
 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Голосов еще нет
Аватар пользователя esxatos