Сурыновіч - Каштоўныя здабыткі беларускай біблістыкі

С книгами, рекламируемыми на сайте, можно лично ознакомиться, вступив в клуб Эсхатос, или оформив заявку по целевой программе.
Новы Запавет на беларускай мове
Пераклады Новага Запавету на беларускую мову - Переводы Нового Завета на белорусский язык
 

 

а. Сяргей Сурыновіч - Каштоўныя здабыткі беларускай біблістыкі

 

Перш чым распачаць пераклад Святога Пісання, сучасным перакладчыкам даводзіцца звярнуцца непасрэдна да тэксту арыгінала.

Калі гаворка ідзе пра Новы Запавет, дык мы можам адшукаць у музеях і бібліятэках свету шматлікія папірусы, унцыяльныя і мінускульныя рукапісы, лекцыянары, кодэксы, якія ўтрымліваюць толькі ўрыўкі біблейскага тэксту, датаваныя рознымі стагоддзямі і ў рознай ступені захаванасці.

На сёння вядомыя 127 папірусаў, 322 унцыяльныя і 112 грэцкія мінускульныя рукапісы, 2768 лекцыянарныя кодэксы. Усе яны сістэматызаваныя ў каталозе Інстытуту даследаванняў Новага Запавету ў Мюнстары.

Найбольш старажытнымі рукапісамі Новага Запавету лічацца Александрыйскі, Ватыканскі і Сінайскі кодэксы. Усе яны датуюцца (палеаграфічна, гэта значыць, на падставе «стылю почырку») IV стагоддзем нашай эры. Мова кодэксаў – грэцкая. У выніку аналізу гэтых кодэксаў і быў выпрацаваны асноўны тэкст Новага Запавету, даступны кожнаму.

Упершыню арыгінальны тэкст новазапаветных кнігаў быў апрацаваны і апублікаваны ў складзе Камплютэнскай паліглоты. Гэтае выданне было падрыхтаванае ў 1514-1517 г.г., аднак стала даступным чытачу толькі ў 1522 г.

Тэкст Эразма Ратэрдамскага, заснаваны на чатырох рукапісах XII-XIII стст. сумесна з тэкстам візантыйскага тыпу, пабачыў свет у 1516 годзе у Базелі. Нягледзячы на недасканаласць тэксту і паскораную яго падрыхтоўку, выданне атрымала апрабату папы Льва Х (1475-1521). Гэты тэкст выкарыстаў Марцін Лютэр для свайго перакладу.

На падставе тэкста Эразма Ратэрдамскага, які быў параўнаны з тэкстам Камплютэнскай паліглоты, Роберт Стэфанус, уладальнік друкарні ў Парыжы, апублікаваў чатыры выданні Новага Запавету (1546, 1549, 1550, 1551 г.г.). Трэцяе выданне Эразма Ратэрдамскага з 1550 г. з невялікімі папраўкамі дзевяць разоў перавыдаў Тэадор Бэзэ (1519-1605), у 1565-1604 г.г. На аснове трэцяга выдання Новага Запавету Бэзэ быў здзейснены ў 1604 г. пераклад англійскай версіі Бібліі (King James Version, KJV або King James Bible). Тэкст Бэзэ з некаторымі зменамі быў наноў выдадзены братамі Банівентурам і Абрагамам Эльзевірамі (Нідэрланды) у XVII стагоддзі (1624, 1633, 1641, 1656, 1662, 1670, 1678 г.г.). У прадмове да 2-га (1633 г.) выдання чытачу паведамлялася: nunc habes textum, ab omnibus receptum – «цяпер ты маеш тэкст, прыняты ўсімі»; лацінскі выраз textus receptus («прыняты тэкст») з тых часоў зацвердзіўся ў якасці наймення для грэцкага новазапаветнага тэксту, упершыню выдадзенага Эразмам і з некаторымі выпраўленнямі перадрукованым на працягу больш чым стагоддзя.

“Textus receptus” ажно да 1881 г. быў асноўным тэкстам, з якога здзяйсняліся пераклады Новага Запавету на нацыянальныя мовы.

Новы падыход да новазапаветнай тэксталогіі знайшоў адлюстраванне ў двух выданнях Карла Лахмана (Берлін, 1831, 1842-1850 г.г.) – Лахман даў рэканструкцыю тэксту канца 4 ст., грунтуючыся толькі на старажытных крыніцах, не выкарыстоўваючы пры гэтым “textus receptus”.

У 1841-1872 г.г. восем выданняў Новага Запавету падрыхтаваў К. Тышэндорф. У першых трох выданнях ён прытрымліваўся тэксту Лахмана, у 4 наступных адмовіўся ад яго на карысць “textus receptus”, аднак у аснову апошняга (1869-1872 гг.) ён паклаў Сінайскі кодэкс, суправадзіўшы яго шырокім крытычным апаратам. Гэта выданне Тышэндорфа зрабіла вырашальны ўплыў на далейшыя навуковыя публікацыі грэцкага тэксту Новага Запавету.

Брук Фос Уэсткот і Фэнтан Джон Антоні Хорт дэталёва распрацавалі (1881-1882 гады) класіфікацыю грэцкіх новазапаветных рукапісаў па чатырох тыпах: нейтральны, александрыйскі, заходні і сірыйскі (візантыйскі); пры гэтым візантыйскі тып тэксту разам з узыходзячым да яго “textus receptus” быў выключаны з разгляду.

Найзначнейшую рэканструкцыю тэксту здзейсніў Эберхард Нэстле. Гэтую справу працягнуў яго сын, Эрвін Нэстле, здзейсніўшы 20 крытычных выданняў Новага Запавету. З 21-га па 25-е выданні (1952-1972 г.г.) ён ажыццявіў у супрацоўніцтве з Куртам Аландам. Пры падрыхтоўцы трэцяга выдання былі ўлічаныя вынікі новых узгадненняў рукапісаў, у тым ліку папірусаў, а таксама розначытанняў афонскіх Лекцыянараў IX-XI стст., знойдзеных грэцкім біблістам Я. Каравідопуласам. Абодва выданні, якія выйшлі ў 1975 і 1979, утрымлівалі тоесны тэкст.

26-е выданне Нэстле атрымала найменне “Nestle-Aland 26” (NA26). У 1993 абодва былі перавыдадзеныя (4-е выданне Аб’яднаных біблейскіх таварыстваў выйшла пад назвай “Greek New Testament” — GNT4); пры гэтым асноўны тэкст не зведаў змен, асобныя выпраўленні былі ўнесены ў крытычны апарат. У гэтых выданнях асноўны тэкст уяўляе сабой рэканструкцыю, якая засноўваецца на Ватыканскім кодэксе. Улік папірусаў 2-3 стст., якія паступілі ў навуковае карыстанне ў 1930-х г.г., дазволіў прасунуцца “у глыб стагоддзяў”. Крытычны апарат NA27 спалучае кампактнасць і інфарматыўнасць. Ён змяшчае больш за 10 тысяч улічаных розначытанняў, адлюстроўваючы эвалюцыю новазапаветнага грэцкага тэксту ў першым тысячагоддзі н.э. На сённяшні дзень выйшла 28 выданне крытычнага тэксту Новага Запавету, якое з’яўляецца найбольш аўтарытэтным для перакладчыкаў.

 

З тэкстам Старога Запавету больш складаная сітуацыя

 

Да таго, як новазапаветная Царква прызнала іх неад’емнай часткай свайго Святога Пісання, яны ўжо доўгі час шанаваліся і распаўсюджваліся ў габрэйскім свеце. Самыя старажытныя часткі Старога Запавету – Пяцікніжжа, кніга Ісуса Навіна, кніга Суддзяў, шэраг прароцкіх кніг – былі створаныя больш чым за пяць стагоддзяў да Нараджэння Хрыстовага. У гэтым істотнае адрозненне Старога Запавету ад Новага, усе кнігі якога былі створаныя ва ўлонні хрысціянскай Царквы, прычым за досыць кароткі гістарычны перыяд.

У гэтым жа і адмысловая цяжкасць вывучэння Старога Запавету. Нашы звесткі пра абставіны напісання многіх старазапаветных кніг супярэчлівыя і няпоўныя. Але самае галоўнае – да нас не дайшло поўнага тэксту Старога Запавету ў рукапісах, храналагічна досыць блізкіх да часу яго стварэння. На дадзены момант вядомыя больш за 6 тыс. габрэйскіх сярэднявечных рукапісаў, каля паловы з іх датаваныя да 1540 г.; з іх 6 датуюцца X ст., 8 – XI ст., 22 — XII ст .; акрамя таго, існуе 6 фрагментаў, датаваных да 1200 н.э.

Частка рукапісаў утрымліваюць тэкст габрэйскай Бібліі цалкам, але таксама сустракаюцца асобныя рукапісы Пяцікніжжа, Прарокаў. Некаторыя рукапісы ўтрымліваюць толькі адну кнігу. Асобныя рукапісы ўключаюць нароўні з габрэйскім тэкстам пераклад на арамейскую або на арабскую мову.

Тэкст Старога Запавету дайшоў да нас у шматлікіх старажытных манускрыптах, якія выкарыстоўваюцца ў сучасных выданнях. Сюды ўваходзяць тэксты на старажытнагабрэйскай мове і старажытныя пераклады, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляецца Септуагінта – пераклад на старажытнагрэцкую мову, выкананы ў Александрыі ў канцы I тысячагоддзя да нашай эры, Вульгата – пераклад на лаціну, зроблены ў V стагоддзі нашай эры, Таргум – пераклады на арамейскую мову і Пешыта – пераклад на сірыйскую мову, зроблены ў асяроддзі ранніх хрысціянаў ва II стагоддзі нашай эры.

Сярод манускрыптаў на старажытнагабрэйскай мове важнае месца займаюць сярэднявечныя манускрыпты масарэцкага тэксту – афіцыйнага тэксту юдаізму, сярод якіх найбольш аўтарытэтнымі лічацца Ленінградскі (1008 год н.э., пазначаецца як B19A альбо L) і Алепскі (920 год н.э., пазначаецца як А) кодэксы. Самымі старажытнымі крыніцамі тэксту Старога Запавету ёсць Кумранскія рукапісы (назва манускрыптаў, выяўленых, пачынаючы з 1947 г., у пячорах Кумрана, якія датуюцца ад 250 г. да н. э. да 68 года н. э.) і ўтрымліваюць фрагменты ўсіх кніг Старога Запавету, за выключэннем кніг Эстэры і Нээміі, а таксама поўны тэкст кнігі прарока Ісаі.

«Сапраўдны» тэкст Бібліі, якім карыстаюцца сёння перакладчыкі, складзены дзякуючы руплівай даследчай працы навукоўцаў на працягу астатніх пяці стагоддзяў над мноствам старажытных рукапісаў. Тэкст да гэтага часу ўдакладняецца і рэдагуецца ў сувязі з новымі адкрыццямі новых рукапісаў.

 

У 2014 год свет пабачылі два пераклады – “Чатыры Евангеллі” (перакладчык -- Антоні Бокун) і “Новы Запавет” (перакладчык -- Анатоль Клышка).

Антоні Бокун прадставіў пераклад, здзейснены на падставе “Textus Receptus Stephanus”. Цяжка вызначыць, чаму перакладчык абраў менавіта тэкст Роберта Стэфануса, бо, нягледзячы на яго пашыранасць, большую значнасць і аўтарытэтнасць у перыядзе да канца XIX стагоддзя меў тэкст Бэзэ.

Пераклад выкананы добрай літаратурнай беларускай мовай. Перакладчык паслядоўна і сістэмна перадае імёны ўласныя і геаграфічныя назвы. Сам тэкст максімальна набліжаны да заяўленай крыніцы перакладу. Адзінае, што варта адзначыць, – існаванне ў сеціве даступнага для карыстання і спампоўвання падрадкоўніка “Textus Receptus Stephanus” на рускай мове, зробленага Віктарам Журомскім.

Вокладка Чатырох Евангелляў у перакладзе Бокуна ўпрыгожаная выявай кодэксу 0220 з урыўкам Паслання да Рымлянаў. Гэты фрагмент быў выпадкова набыты на рынку ў 1950 годзе ў Каіры, а ў 1953 годзе Курт Аланд уключыў яго ў сваё крытычнае выданне Новага Запавету (выданні UBS3, UBS4, NA26, NA27, NA28). У “Textus Receptus” гэты кодэкс не выкарыстоўваўся, бо быў выяўлены толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Цяжка патлумачыць, чаму здымак менавіта гэтага кодэксу ўпрыгожвае вокладку, не маючы дачынення да пазначанай крыніцы перакладу – “Textus Receptus Stephanus”. Магчыма, вокладка сведчыць пра шанаванне перакладчыкам дасягненняў Нэстле-Аланда (наўрад ці яна стваралася выпадкова і без пэўнага сэнсу).

Такім чынам, што скарыстаная крыніца перакладу не актуальная для сучаснай біблістыкі, таму не будзем рабіць падрабязнага аналізу і параўноўваць апублікаваны тэкст хаця б з падрадкоўнікам Журомскага – гэта можа зрабіць кожны зацікаўлены.

 

Пераклад Анатоля Клышкі мае даўнюю гісторыю. Першыя Клышкавы пераклады чатырох Евангелляў былі надрукаваныя ў нумарах часопіса «Спадчына» за 1989-1992 гады. Гэта былі не толькі першыя евангельскія тэксты, але таксама першыя біблійныя тэксты, якія выйшлі легальна ў Савецкай Беларусі па-беларуску. Праца, распачатая ў дзевяностых гадах, завершылася выданнем поўнага Новага Запавету ў перакладзе з найаўтарытэтнейшай на сённяшні дзень крыніцы – штутгарцкага выдання Нэстле-Аланда (верагодна, 27-га).

Варта выказаць пашану перакладчыку Новага Запавета, а таксама адзначыць яго пільнасць, адказнасць і адпаведную працавітасць у гэтай доўгай і грунтоўнай працы.

Аднак звернем увагу на месцы і словы, якія выклікаюць пытанні. У якасці прыкладаў разгледзім Евангелля Яна, імёны ўласныя – дакладней, збег галосных на пачатку слова з грэцкай літарай “ι”, а таксама спосаб перадавання грэцкай літары “ζ”.

Евангелле Яна. Некаторыя розначытанні ў новым выданні перакладчык перадае ў квадратных дужках. Гэтыя розначытанні вынікаюць з тэксту Нэстле-Аланда, якім карыстаўся перакладчык, і варыянту “Textus Receptus”. Калі параўноўваць ранейшы пераклад Анатоля Клышкі, надрукаваны ў часопісе «Спадчына», і новавыдадзены, няцяжка заўважыць, што пазначэнні розначытанняў з “Textus Receptus” там адсутнічаюць. У некаторых месцах тэст цалкам адпаведае варыянту Нэстле-Аланда, у некаторых – супадае з “Textus Receptus”. Прычыны такога сумяшчэння непразрыстыя. Што ж у новым перакладзе?

Прааналізуем некаторыя розначытанні ў Евангеллі Яна па наступных крытэрыях:

Папярэдні пераклад цалкам супадае з тэкстам Нэстле-Аланда, але новы пераклад утрымлівае ў квадратных дужках варыянт Textus Receptus.

Прыклад:

Тэкст з часопісу “Спадчына”: 4: 42 … Ён сапраўды збаўца свету”.

Тэкст Нэстле-Аланда: 4: 42 … ὁ σωτὴρ τοῦ κόσμου.

Тэкст новага перакладу: 4: 42 … Збаўца свету [Хрыстос].

Тэкст Textus Receptus: 4: 42 … ο σωτηρ του κοσμου ο χριστος

 

Іншы прыклад:

Тэкст з часопісу “Спадчына”: 7: 39 … Духа

Тэкст Нэстле-Аланда: 7: 39 … πνεῦμα

Тэкст новага перакладу: 7: 39 … [на іх Святога] Духа

Тэкст Textus Receptus: 7: 39 … πνευμα αγιον

 

“Хрыстос” ў першым і “Святы” у другім прыкладзе выкарыстаны выключна ў “Textus Receptus” (тут ўзяты Stephanus, 1550), але ў новым перакладзе падаецца ў квадратных дужках, дарма што адсутнічае ў грэцкім тэксце Нэстле-Аланда. У першасным перакладзе Клышкі гэтага дадатку не было.

 

Прывядзем некаторыя іншыя падобныя прыклады.

 

Евангелле Яна

Папярэдні тэкст

Тэкст новага перакладу

4:43

выйшаў адтуль у Галілею

выйшаў Ён адтуль [і пайшоў] у Галілею

6:11

раздаў тым, што ўзлягалі

раздаў [вучням, а вучні ж] тым, што ўзлягалі

6:58

не такі, як елі бацькі і памерлі

елі бацькі [вашы манну] і памерлі

 

Ранейшы пераклад супадае з тэкстам “Textus Receptus”, а новы прадстаўлены з дадаткам у квадратных дужках адсутнай лексікі ў Нэстле-Аландзе.

 

Евангелле Яна

Літаральны пераклад з тэксту Нэстле-Аланда

Тэкст з часопісу “Спадчына”

Тэкст новага перакладу

5:12

вазьмі і хадзі

вазьмі сваю пасцелю і хадзі

вазьмі [сваю пасцель] і хадзі.

6:47

хто верыць

хто веруе ў Мяне

Хто веруе [у Мяне]

 

Новы пераклад цалкам не супадае з варыянтам Нэстле-Аланда, але кіруецца выключна варыянтам “Textus Receptus”.

 

Евангелле Яна

Textus Receptus

Літаральны пераклад з тэксту Нэстле-Аланда

Новы пераклад Клышкі

1:18

(адзінародны) Сын

(адзінародны) Бог

(адзінародны) Сын

19:39

сумесь

Скрутак

Сумесь

 

Ранейшы пераклад цалкам супадае з “Textus Receptus”, новы цалкам – з варыянтам Нэстле-Аланда (супадзенні дамінуюць у новым перакладзе).

 

Евангелле Яна

Літаральны пераклад з “Textus Receptus

Літаральны пераклад з тэксту Нэстле-Аланда

Новы пераклад Клышкі

1:28

εν βηθαβαρα

у Бэтабары

ἐν Βηθανίᾳ

у Бэтаніі

у Віфаніі

3:25

μετα ιουδαιων

з Юдэямі

μετὰ Ἰουδαίου

з Юдэем

з іудзеем

5:2

βηθεσδα

Бэтэсда

Βηθζαθὰ

Бэтзата

Віфзафа

6:69

ο υιος του θεου του ζωντος

Сын Бога жывога

ἅγιος τοῦ θεοῦ

Святы Бога

Святы Божы

9:11

υπαγε εις την κολυμβηθραν του σιλωαμ

ідзі ў купальню Сілаам

ὕπαγε εἰς τὸν Σιλωὰμ

ідзі ў Сілаам

Ідзі ў Сілаам

21:15

σιμων ιωνα

Сымон Ёнаў

Σίμων Ἰωάννου

Сымон Янаў

Сімане Іаанаў

 

Можна зрабіць выснову, што новы пераклад Анатоля Клышкі грунтуецца ўсё ж на грэцкім тэксце Нэстле-Аланда, – але з улікам папярэдняга перакладу, крыніцай якога (тэарэтычна) быў “Textus Receptus”. Гэтым можна патлумачыць, чаму ў большасці выпадкаў перакладчык бярэ ў квадратныя дужкі розначытанні паміж дзвюма грэцкімі крыніцамі, і ў вельмі рэдкіх выпадках кіруецца толькі “Textus Receptus” замест варыянта Нэстле-Аланда.

Імёны ўласныя ў новым перакладзе. Імёны ўласныя (таксама геаграфічныя назвы) перакладчык перадае непасрэдна з грэцкай мовы. Падобная практыка мае месца ў многіх перакладах на сучасныя мовы (напрыклад, на англійскую мову), дзе ў Новым Запавеце не ўлічваецца семіцкае і лацінскае паходжанне некаторых амонімаў, а транслітарацыя здзяйсняецца з грэцкай крыніцы перакладу Новага Запавету (у Старым Запавеце – з габрэйскай). У ранейшым варыянце перакладчык пазначае: “Напісанне імён, геаграфічных назваў і г. д. падаецца згодна з усходнехрысціянскай рэлігійнай традыцыяй”. Цяжка зразумець гэтую фармулёўку пры непаслядоўнасці і мностве формаў назваў у шматлікіх беларускіх перакладах, якія таксама нібыта ствараліся пад уплывам “усходнехрысціянскай рэлігійнай традыцыі”. Калі гаворка ідзе пра перадаванне грэцкай “β” праз “в”, а не “б” і “θ” праз “ф”,а не “т” і г.д., то і тут можна сустрэць розныя варыянты, без асаблівых тлумачэнняў і навуковай абгрунтаванасці. Чаму ж тады “усходнехрысціянская рэлігійная традыцыя” грэцкую “β” у самым галоўным слове “Біблія” (грэц. βιβλία) перадае праз “б” замест “в”? Калі кіравацца менавіта ёю, то тады павінна быць “Вівлія”, “Базыль” – "Вазыль", “батлейка”  – "ватлейка" і г.д. Наўрад ці мы станем пісаць замест слова “матэматыка” – “мафематыка”, але чамусьці пішам “Афіны” і ў той жа час “атлет” замест “афлет”. Гэта словы аднакарэнныя, з грэцкай “θ”, то, можа, тады ўсё ж лепей “Атэны”?

Прааналізуем утварэнне некаторых назваў у новым перакладзе. -ια на пачатку слова ў новым перакладзе перакладчык перадае як -Ія (Ἰακώβ – Іякаў, Ἰαρέδ – Іярэт, Ἰάσων – Іясан), што ёсць пэўным унармаваннем, бо ранейшы пераклад утрымліваў розныя спосабы перадавання гэтага збегу галосных на пачатку слова: Якаў, Іарэт, Іясан.

-ιε на пачатку слова як -Іе (Ἰερεμίας – Іерамія, Ἰεχονίας – Іеханія), у першым складзе перад націскам як -Ія (Ἰεφθάε – Іяфай). У папярэднім перакладзе: Іерамія, Еханія.

-ιο як -Іо (Ἰόππη – Іопія), у першым складзе перад націскам як -Іа (Ἰορδάνης – Іардан). У папярэднім перакладзе: Іярдан.

-ιου на пачатку слова як -Іу (Ἰούδα - Іуда, Ἰούδας - Іуда), папярэднім перакладзе: Іуда, Юда. Але ў новым перакладзе сустракаецца і як -Ю (Ἰουλία – Юлія, Ἰούλιος – Юлій, Ἰουνιᾶς – Юнія, Ἰοῦστος – Юст).

-ιω на пачатку слова як -Іо (Ἰώβ - Іоў, Ἰωνᾶς - Іона), на пачатку слова перад націскам як -Іа (Ἰωάννα – Іаанна, Ἰωανάν – Іаан).

Цяжка вытлумачыць чаму “Іякаў, Іерамія”, – але “Іуда, Іона” замест прынятых сучасных нормаў – “Якаў, Ерамія, Юда, Ёна”, беручы пад увагу толькі пададзены для аналізу ў гэтым артыкуле збег галосных на пачатку слова.

Тамсама ўзнікае пытанне адносна непаслядоўнае перадаванне “ζ” праз “з” і “дз”. Да 50-х гадоў мінулага стагоддзя мы сустракаем у беларускай літаратуры слова “Дзэўс”, таксама ў некаторых сучасных перакладах: "Чуеш, Дзэўс? А Сонца, Зямля? – Як няшчасная стогне там Маладзіца?" (Трагедыя Эўрыпіда "Медэя", пераклад са старагрэцкай Лявона Баршчэўскага). Але ў сучасную літаратурную мову гэтае слова ўсё ж увайшло і замацавалася як “Зеўс”. Усе перакладчыкі перадаюць гэтае імя выключна як “Зеўс (Зэўс)”, – акрамя Клышкі.

Падсумоўваючы, можна сцвердзіць, што айчынная біблістыка ўзбагацілася новым перакладам Новага Запавета, здзейсненым, урэшце, з арыгінальнай мовы. Выданне Нэстле-Аланда, якое стала крыніцай гэтага перакладу, ёсць самым аўтарытэтным у сучаснай біблістыцы. Новы тэкст перакладу мае свае дробныя недахопы, якія былі прааналізаваныя на падставе Евангелля Яна і некаторых імёнаў уласных, таму застаецца спадзявацца, што іх улічаць наступныя перакладчыкі.

 

На сённяшні дзень налічваецца каля шаснаццаці аўтарскіх варыянтаў перакладаў Новага Запавету, якія, безумоўна, ёсць каштоўнай спадчынай беларускай біблістыкі. Аднак калі ўзяць пад увагу мноства формаў і варыянтаў, выкарыстаных імёнаў уласных і геаграфічных назваў, то яны ўтвараюць своеасаблівую “бабілонскую вежу”.

За аснову перакладаў у пераважнай большасці бяруцца не тэксты на габрэйскай і грэцкай мовах, а даступныя на польскай і рускай мове пераклады. Імёны ўласныя і геаграфічныя назвы часцей за ўсё запазычаюцца з рускай ці польскай моваў. Падобная праблема транскрыпцыі імёнаў уласных і геаграфічных назваў не рэгулюецца ніякімі цвёрдымі нормамі не толькі ў біблійных перакладах, але у навуковай, гістарычнай і мастацкай літаратуры. Незалежна ад крыніцы паходжання тэксту – ці гэта грэцкі арыгінал, ці гэта іншая сучасная ці старажытная мова, дзе сустракаюцца антычныя назвы, – перакладчыкі ў афіцыйных выданнях вельмі часта выкарыстоўваюць імёны ўласныя і геаграфічныя назвы, прынятыя ў суседніх мовах. Часамі перакладчыкі ўтвараюць уласныя варыянты:

Ἀβιά, ὁ (арыг.: אֲבִיָּה Транс.: Abijjah H29): Ава; Абій; Авія; Абія; Авія.

Ἂἰθίοψ, -οπος, ὁ (арыг.: Αἰθίοψ Транс.: Aithiops): Ефіопляні́н; Эфіоп; Этыёп; Этыопец.

Δανιήλ, ὁ (арыг.: דִּנִיֵּאל ад דָּן H1835 і אֵל H410 Транс.: Daniel H1840): Данель; Даніла; Данііл; Даніэль; Даніель; Даніла.

            Θεσσαλονίκη, ῆς, ἡ (арыг.: Θεσσαλονίκη): Салунь; Тэсалёніка; Тэссалоніка; Фесалоніка.

Неўрэгуляванасць транскрыпцыі надзвычай абцяжарвае і запавольвае працу пры карыстанні бібліяграфічнымі даведнікамі, каталогамі, энцыклапедыямі, гістарычнымі картамі і г.д. Прысутнасць шматлікіх варыянтаў імёнаў уласных і геаграфічных назваў (абумоўленых канфесійнымі традыцыямі, аўтарскімі пошукамі і неўнармаванымі афіцыйнымі варыянтамі) у біблійных перакладах таксама тлумачыць факт, што ў нас няма адзінай Бібліі, якая задаволіла б усіх зацікаўленых.

Застаецца толькі спадзявацца, што гэтыя выдадзеныя ў 2014 годзе пераклады набліжаюць нас да часу, калі такая адзіная Біблія нарэшце паявіцца.

 

а. Сяргей Сурыновіч
Дактарант біблістыкі,
Варшава, універсітэт Кардынала Стэфана Вышынскага.
 
 
 
 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (2 votes)
Аватар пользователя surynovic