Мельнікаў - Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.

Ігар Мельнікаў - Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.
Гісторыя былой савецка-польскай мяжы, якая на працягу дваццаці гадоў падзяляла Беларусь, на жаль, мала вывучалася ў айчыннай гістарыяграфіі. Між тым, гэты гістарычны сюжэт заслугоўвае вя-лікай увагі з боку сучасных беларусаў. Мяжа паміж Другой Рэччу Паспалітай і БССР была, па сутнасці, мяжой паміж цывілізацыямі. Беларусь! На Усходзе і Захадзе краіны жылі па розных законах і звычаях. Мяжа уплывала на жыццё тысяч нашых суайчыннікаў па той і гэты бок.
 
Творчасць Сяргея Пясецкага раскрыла толькі адзін з бакоў функцыянавання «рыжскага кардона». I тое не да канца, бо кантрабанда існавала практычна ўсюды, а не толькі ў знакамітым Ракаве.
 
Кніга, якую вы зараз трымаеце ў руках, прысвечаная невядомым старонкам гісторыі савецка-польскай мяжы ў раёне Заслаўя. Чаму менавіта гэты ўчастак? У міжваеннае дваццацігоддзе гэтае мястэчка выконвала тую ж функцыю, што сучасны Брэст. У горадзе Ізяслава месцілася інфраструктура 15-га атрада памежных войскаў НКУС БССР. Жыхары населеных пунктаў, якія знаходзіліся побач, як маглі карысталіся з жыцця на «мяжы цывілізацый». 3 пачатку 1930-х гадоў ля Заслаўя пачынае будавацца Мінскі ўмацаваны раён Чырвонай Арміі, які пазней, з падачы нацысцкіх прапагандыстаў, будуць называць «Лініяй Сталіна». Дарэчы, асобны раздзел кнігі прысвечаны гісторыі аднаго з батальённых раёнаў МіУРа.
 
Падзеі, звязаныя з уз'яднаннем Заходняй Беларусі і БССР у верасні 1939 года, таксама наклалі адбітак на заслаўскае памежжа. Пра тэта, а таксама пра мужную абарону стара-жытнага горада ў чэрвені 1941 года, у якой, акрамя чырвонаармейцаў, удзельнічалі і савецкія памежнікі, распавядаецца ў гэтым выданні.
 
Асобны раздзел кнігі прысвечаная аналізу «белых плям» у гісторыі Другой сусветнай вайны. Апошні раздзел знаёміць чытачоў з малавядомымі старонкамі мінуўшчыны Беларусі і цікавымі фактамі з жыцця людзей, якія залатымі літарамі ўпісалі свае імёны ў гістарычны летапіс нашай краіны.
 

Ігар Мельнікаў - Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг.

 
I. Мельнікаў. — Мінск : Галіяфы, 2015. — 328 с. [25] арк.: іл.
ISBN 978-985-7021-68-0
 

Ігар Мельнікаў - Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг. - Змест

 
Ад аўтара
ГЛАВА 1. «Кардон» пад Мінскам
ГЛАВА 2. МіУР. Крэпасці ля дарогі 
ГЛАВА 3. «Белыя плямы» ў гісторыі Другой сусветнай вайны
ГЛАВА 4. Невядомая Беларусь
Каляровыя фота
Чорно-белыя фота
 

Ігар Мельнікаў - Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 гг. - Непатрэбныя франтавікі

 
Я был батальонный разведчик,
А он писаришка штабной.
Я был за Россию ответчик,
А он спал с моею женой.
Скупою слезой фронтовою
Гвардейский рыдал батальон,
Когда я геройскою звездою 
От маршала был награждён.
Потом мне вручили протезы
И быстро отправили в тыл...
(3 франтавой песні)
 
3 дзіцячых успамінаў мне запомніўся адзін эпізод. Было гэта дзесьці ў 1985 годзе. У адной з харчовых крамаў Бабруйска я часта бачыў састарэлага мужчыну з пратэзам замест нагі. Нягледзячы на калецтва, гэты чалавек упэўнена рухаўся і наогул выглядаў досыць самавіта. А потым, на адным са святаў 9 Мая, я ўбачыў гэтага чалавека ў іншым амплуа. На яго грудзях было некалькі «Ордэнаў Славы», а таксама «Чырвоная Зорка» і «Баявы Чырвоны Сцяг». Толькі тады я зразумеў, што гэта сапраўдны герой. На жаль, больш нічога пра гэтага чалавека я не ведаю. Ён даўно памёр, а тады, у 1980-х, я быў занадта малы, каб распытаць яго пра жыццё і подзвігі, за якія ён атрымаў узнагароды.
 
У Савецкім Саюзе да інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны было своеасаблівае стаўленне. Праз некалькі гадоў пасля заканчэння баявых дзеянняў многіх з «вайсковых калек» проста вывезлі з гарадоў і мястэчак падалей і пакінулі паміраць у «спецінтэрнатах» і «санаториях». У адзін з летніх дзён 1948 года на кірмашах, плошчах, вуліцах савецкіх гарадоў і мястэчак мінакі не ўбачылі звыклыя кастылі і каляскі, на якіх перамяшчаліся бязногія франтавікі. Літаральна ў адну ноч улады «папрыбіралі» з населеных пунктаў сотні інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і вывезлі іх далей «ад вачэй людскіх». На працягу наступных дзён міліцыя абшукала ўсе прытулкі і падвалы, дзе туліліся калекі. Усіх, хто там знаходзіўся, таксама чакала высылка.
 
Зразумець такія дзеянні немагчыма, але ўсё ж паспрабуем прааналізаваць, чаму гэта адбылося. Па-першае, Савецкі Саюз эканамічна быў не ў стане не толькі забяспечыць годнае жыццё сотням тысяч сваіх салдат, якія атрымалі калецтвы, але і ў цэлым забяспечыць свой скалечаны вайной народ. Па-другое, інваліды псавалі імідж краіны, якая перамагла нацызм. Савецкі салдат — гэта моцны, малады, поўны сіл мужчына, а не абрубак, накшталт «самавараў» — байцоў і камандзіраў РСЧА якія атрымалі найбольш цяжкія раненні і страцілі верхнія і ніжнія канечнасці. I нарэшце, па-трэцяе, немалаважным было палітычнае пытанне. Салдаты, якія страцілі ўсё на вайне, станавіліся «вольнымі» ў краіне рабоў. Яны больш не баяліся НКУС і міліцыі. Да таго ж, многія былі ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі. Сярод інвалідаў было нямала Герояў Савецкага Саюза. Гэтыя людзі бачылі пекла вайны і, выжыўшы там, яны ўжо нічога не баяліся. Савецкія спецыяльныя органы сталі сачыць за вайсковымі інвалідамі яшчэ ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны. На працягу 1943-1944 гадоў НКДБ СССР накіравала мясцовым органам дзяржбяспекі некалькі дырэктыў, якія патрабавалі забяспечыць праз агентуру вывучэнне працэсаў, якія адбываліся ў асяроддзі інвалідаў вайны.
 
«Чэкісты» арганізоўвалі агентурнае асвячэнне працы шпіталяў, мясцовых саветаў і органаў сацыяльнага забеспячэння па пытаннях медыцынскага абслугоўвання, працаўладкавання інвалідаў, устанаўлення і выплаты ім пенсіі.
Праблемы ва ўзаемаадносінах гэтай катэгорыі савецкіх грамадзян і ўладаў не прымусілі сябе чакаць. Ва Узбекскай ССР у канцы вайны на аператыўны ўлік былі ўзятыя 554 ваенных інваліды, боль-шасць з якіх раней знаходзіліся ў нямецкім палоне. У кастрычніку 1944 года УНКДБ Краснадарскага краю было выяўлена 103 інваліды, якія «вярнуліся ў савецкі тыл пры нявысветленых абставінах». Кіраўніцтва Молатаўскай вобласці тады ж арыштавала 13 франтавікоў інвалідаў «за антысавецкую дзейнасць».
 
Часцей за ўсё інвалідам, якія вярнуліся з фронту, інкрымінаваліся антыкалгасныя выступы і антысавецкая агітацыя, якая выяўлялася ва «ўслаўленні кулацкіх гаспадарак і капіталістычнага укладу ў вёсцы». Неўзабаве НКДБ у Комі АССР «выявіў» так званы «Саюз інвалідаў вайны», які ўзначальваў былы маёр савецкай арміі. На думку людзей «у валошкавых фуражках», гэтая арганізацыя займалася «дэзарганізацыяй калгаснай вытворчасці».
 
Акрамя гэтага, улада відавочна спалохалася пагроз выканання тэрактаў з боку «вайсковых калек» у дачыненні да яе прадстаўнікоў. Былыя салдаты і афіцэры РСЧА без рук і ног пагражалі старшыням і рэвізорам, ні ўва што не ставілі начальнікаў і кіраўнікоў дамоў. На фронце яны глядзелі смерці ў вочы, былі ў нямецкім палоне, гарэлі ў танках, ішлі на таран варожых самалётаў і выжылі. Адзін з арыштаваных і абвінавачаных у забойстве сакратара сельсавета на допыце заявіў: «Я пад Курскам гарэў. Мне ўсё роўна цяпер, быць на волі або ўтурме».
 
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ўлады працягвалі сачыць за ветэранамі-інвалідамі. Як ужо адзначалася, першая хваля дэпартацыі вайсковых інвалідаў прайшла ў 1948 годзе і кранула перадусім радавы і сяржанцкі склад. Да таго ж, высылалі збольшага тых, хто не быў узнагароджаны вышэйшымі ўрадавымі ўзнагародамі. Другая хваля пракацілася па Савецкім Саюзе ў 1953 годзе. Адзін масквіч узгадваў, што ў яго знаёмай, якая пражывала на праспекце Горкага, муж быў афіцэрам савецкай арміі і на вайне згубіў абедзве нагі. Ён перасоўваўся седзячы ў драўлянай скрыні і адштурхоўваўся ад зямлі адмысловымі палкамі. Неўзабаве франтавік сабраў каля сябе цэлую кампанію такіх жа ваенных інвалідаў. Яны насілі вайсковыя фрэнчы і гімнасцёркі, а на іх грудзях «вісела геаграфія Еўропы». Жанчыну папярэджвалі, каб яна не выпускала мужа на вуліцу. У выніку ў пачатку 1950-х яго «забрала» міліцыя і вывезла ў адзін з «санаторыяў» для інвалідаў, размешчаны дзесці пад Омскам ў Сібіры. Не вытрымаўшы ўмоў жыцця ў «спецсанаторыі», франтавік засіліўся.
 
Наступны гаспадар Крамля Мікіта Хрушчоў таксама не надта цырымоніўся з пакалечанымі ветэранамі. У часы яго праўлення вайсковых інвалідаў працягвалі лічыць «жабруючым элементам».
У лютым 1954 года Міністр унутраных спраў СССР С. Круглоў дакладваў у Прэзідыум ЦК КПСС, што «нягледзячы на прынятыя меры, у буйных гарадах і прамысловых цэнтрах краіны ўсё яшчэ працягвае мець месца такая нецярпімая з'ява, як жабрацтва.
 
За час дзеяння Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23ліпеня 1951 г. «Аб мерах барацьбы з антыграмадскімі, паразітычнымі элементами органамі міліцыі было затрымана жабракоў: у 2-м паўгоддзі 1951 г. — 107 766 чалавек, у 1952 г. — 156 817 чалавек, у 1953 г. — 182 342 чалавекі. Сярод затрыманых жабракоў інваліды вайны і працы складаюць 70 %. Барацьба з жабрацтвам абцяжарваецца тым, што многія жабруючыя адмаўляюцца ад накіравання іх у дамы інвалідаў, самавольна пакідаюць іх і па-ранейшаму знаходзяцца ў галечы».
 
У сувязі з гэтым міністр рэкамендаваў прыняць дадатковыя меры па папярэджанні I ліквідацыі жабрацтва, што мусіла выявіцца ў «пераўтварэнні дамоў інвалідаў у дамы закрытага тыпу з асаблівым рэжымам». У 1948 годзе ў адпаведнасці з Указам Вярхоўнага Савета Карэла-Фінскай ССР (зрэшты, хутчэй за ўсё, па ўказанні «з Масквы») на Валааме быў утвораны «Дом інвалідаў вайны і працы». Калек тут трымалі ў нечалавечых умовах. Старыя манастырскія пабудовы былі практычна непрыдатныя для жылля. У некаторых будынках адсутнічалі дахі, а электрычнасць сюды правялі толькі праз некалькі гадоў. На пачатку там не хапала нават фельчараў і малодшага медперсаналу. Многія з франтавікоў памерлі ўжо ў першыя месяцы жыцця на востраве. У 1959 годзе там знаходзілася 1500 інвалідаў. Падобныя ўстановы былі адкрытыя ў Сібіры і іншых частках СССР. Кажуць, такія «спецсанаторыі» існавалі і ў Беларусі.
 
У такіх установах франтавікоў пазбаўлялі пашпартоў і ўсіх іншых дакументаў, у тым ліку і ўзнагародных. Харчаванне там было бедным. Санітары згадвалі, што «пацыентаў без канечнасцяў выносілі ў двор, каб тыя падыхалі свежым паветрам. Часам іх саджалі ў спецыяльныя кошыкі і з дапамогай вяровак уздымалі на дрэвы. Атрымліваліся падабенства гнёздаў. Часам інвалідаў «забывалі» зняць, і яны паміралі, перастудзіўшыся, правёўшы ноч на марозным, свежым паветры. Частымі былі выпадкі самагубства».
 
Ці наведвалі гэтых людзей родныя? 3 канца 1950-х гадоў франтавікам дазволілі сустракацца з блізкімі, але многія не хацелі паведамляць пра сябе, лічачы, што яны толькі ўскладняць жыццё сваёй сям'і. Памерлых на Валааме хавалі на спецыяльным могілках. На ма-гілах ставілі непрыкметныя драўляныя помнікі, якія з часам рассыпаліся. Усяго, па розных звестках, на гэтых моплках было пахавана да дзвюх тысяч чалавек.
 
У 1984 годзе інтэрнат на Валааме быў ліквідаваны, а тыя яго па-стаяльцы, што засталіся, былі перавезеныя ў вёску Відліца Аланецкага раёна Карэліі. Пазней этнографы знайшлі архіў асабістых спраў валаамскіх пастаяльцаў. Праўда, інфармацыя ў гэтых дакументах вельмі бедная: прозвішча, імя, дата нараджэння, катэгорыя інваліднасці і прычына смерці. Куды зніклі асабістыя дакументы гэтых людзей і, самае галоўнае, узнагароды, сёння ніхто ўжо не можа адказаць.
Памяць пра інвалідаў-франтавікоў шмат у чым захавалася дзякуючы энтузіястам-валанцёрам, якія ўладкоўваліся на працу ў гэтыя «спецсанаторыі». Адзін з іх, Генадзь Даброў, у часы «хрушчоўскай адлігі» змог пабываць на Валааме. Фатаграфаваць на «рэжымным аб'екце» забаранялася, таму санітар рабіў замалёўкі. Яго працы сталі здабыткам грамадскасці тол ькі ў сярэдзіне 1980-х. У1988 годзе быў выдадзены альбом яго малюнкаў «Аўтографы вайны». Для яго стварэння мастак наведаў каля 20 дамоў-інтэрнатаў для ветэранаў у розных частках СССР.
 
Па звестках Вайскова-медыцынскага музея ў Санкт-Пецярбургу, у ходзе Вялікай Айчыннай вайны раненні атрымалі 46 250 000 савецкіх грамадзян. 3 гэтага ліку каля 10 000 000 вярнуліся з фронту з рознымі формамі інваліднасці. 3 гэтага ліку 775 000 — з раненнямі ў галаву, 155 000 — з адным вокам, 54 000 — аслеплых, 3 000 000 — аднарукіх, 1 100 000 — без абедзвюх рук...
 
У 2011 годзе на Валааме быў адкрыты мемарыял у памяць аб ветэранах-інвалідах, памерлых тут. Але жыхары большасці пост-савецкіх рэспублік пасёння нічога не ведаюць пра гэтую ганебную старонку гісторыі «дзяржавы рабочых і сялян». Варта пра гэта памятаць і нам, беларусам, бо сярод вязняў Валаама і іншых «санаторыяў» было не мала нашых суайчыннікаў.
 
 

Категории: 

Ваша оценка: от 1 до 10: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (3 votes)
Аватар пользователя Wizard