Новые имена
а. Сяргей Сурыновіч, Беларусь
Дактарант біблістыкі, Варшава, універсітэт Кардынала Стэфана Вышынскага.
а. Сяргей Сурыновіч - Біблія, што зачыніла стагоддзе
Айцец Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся 14 студзеня 1916 г. у засценку Амбружын каля Гальшанаў Гарадзенскай губерні. Паходзіць з беларускай сялянскай каталіцкай сям’і. Скончыў 4 класы ў Вішнеўскай школе, вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931—1933 гг. навучаўся ў настаўніцкай гімназіі ў Барунах Ашмянскага павету.
У 1934 г. пад уплывам свайго дзядзькі ксяндза Францішка Чарняўскага паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары айцоў-марыянаў. Пасля сканчэння гімназіі паступіў у навіцыят марыянаў. У пэрыяд савецкай акупацыі, а потым пад час нямецкай акупацыі ён вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1945 г.
У кастрычніку 1944 г. з рук біскупа Мечыслава Райніса прыняў святарскія свядчанні. Першую службу рукапакладзены святар адслужыў у Крэве з ужываннем беларускай мовы. Пасля вярнуўся ў Вільню і пэўны час працаваў у касцёле Святога Ігната. Затым служыў у Укмэрге, Гегужыне, Ернішках, Варэне, Эйшышках, пасля чаго перавёўся ў Беларусь. Напачатку служыў у Войстане на Смаргоншчыне, а з 1954 г. распачаў служэнне ў Вішнеўскім касцёле Валожынскага раёну. Нейкім Божым промыслам яму ўдалося амаль у адзіночку супрацьстаяць атэізму, даносіць заблудным душам духоўную праўду. Яго місіянерства не абмяжоўвалася багаслоўем. Айцец Чарняўскі на кожнай пропаведзі ўзгадваў, што мова наша не толькі матчына, але і дадзеная Богам.
З айцом Уладзіславам стараліся падтрымліваць сувязь замежныя прыхільнікі беларускай культуры. Неаднойчы ў сціплы, пафарбаваны ў карычневы колер дом Чарняўскага наведваўся Уладзімір Караткевіч. Славуты пісьменнік нават прызнаўся, што адзін з персанажаў аповесці «Чорны замак Альшанскі» спісаны з вішнеўскага ксяндза.
У 1966 г. айцец Уладзіслаў Чарняўскі атрымаў ліст ад папы Паўла VI, у якім прапаноўвалася абняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі, аде ж на гэта не пагадзілася савецкае кіраўніцтва. У 1967 г. ён наведаў Ватыкан, дзе сустракаўся з Паўлам VI. Ён даручыў айцу Уладзіславу заняцца перакладам Бібліі на беларускую мову. Рымскі Папа рабіў захады перад савецкай амбасадай у Рыме пра прызначэнне У. Чарняўскага біскупам у Беларусі, але савецкія ўлады ізноў не выказалі згоды.
Пераклад Бібліі айцец Уладзіслаў Чарняўскі пачаў у 1968 г. па даручэнні ватыканскай Кангрэгацыі Божага культу. Яшчэ за савецкім часам святар паспеў перакласці ўсе кнігі Святога Пісьма[1].
У сваім перакладзе ён выкарыстоўваў тэксты лацінскай Вульгаты[2], рускага Сінадальнага Перакладу[3], польскіх Бібліі Якуба Вуйка[4] і Бібліі Тысячагоддзя[5].
У арыгінальным тэксце перакладу — аркушах, набраных на друкаванай машынцы, можна прасачыць назвы паасобных тэматычных раздзелаў, якія перакладчык падае згодна з польскай Бібліяй Тысячагоддзя. Паасобныя кавалкі практычна цалкам захоўваюць паслядоўнасць словаў, стылістыку і канструкцыю польскага тэкста. Згодна з лацінскай традыцыяй перакладчык здзяйсняў транскрыпцыю біблейскіх імён уласных, а таксама геаграфічных назваў. Застаецца вялікае пытанне наконт крыніцы перакладу айца Чарняўскага, хоць найбольш верагодна тае, што асноўны корпус Святога Пісання здзейснены на аснове польскай Бібліі Тысячагоддзя.
Касцёл, адроджаны пасля камуністаў, не праявіў цікавасці да працы перакладчыка. Да гэтага часу яго пераклад заставаўся без увагі і адпаведнай адзнакі.
У другой палове 1990-х гг. група маладых вернікаў пачала працу над выданнем перакладу Бібліі, зробленага айцом Уладзіславам Чарняўскім, які ён перадаў (з 1995 па 1998 гг.) Антону Бокуну (на той час маладому каталіцкаму філосафу, зараз пратэстанцкаму пастару). На працягу пяці годоў Антонам Бокунам была зроблена вялікая праца па набору і рэдагаванню тэкста. Гэтая праца мела вынікам выданне Кнігі Роду ў 1997 г., Новага Запавету — у 1999 г. і Пяцікніжжа — у 2002 г.
З 2001 г. Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь працуе над перакладам, які па даручэнню Ватыкана зрабіў айцец У. Чарняўскі. Напрыканцы 2001 г. перакладчык перадаў арганізацыі аўтарскія правы. У 2002 г. Таварыства ў прыняло рашэнне выдаць Біблію ў перакладзе Чарняўскага, і ў 2003 г. выйшла новае выданне перакладу Новага Запавету. Яго нешматлікі наклад ужо поўнасцю разышоўся.
Атрымліваецца, што над выданнем поўнай Бібліі ў перакладзе айца Уладзіслава Чарняўскага Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь працавала практычна дзесяць гадоў. Таварыства падключыла да працы над ім лаціністаў Жану Некрашэвіч-Кароткую і Таццяну Федасееву, якія зверылі пераклад Чарняўскага на адпаведнасць лацінскаму тэксту. У падрыхтаванай для выдання Бібліі тэкст прыведзены да адпаведнасці з лацінскай Новай Вульгатай. Дапамогу Біблейскаму таварыству ў перакладзе аказваў таксама прафесар Оксфордскага універсітэта Дж. Элволд, чыталі і выказвалі заўвагі да перакладу прадстаўнікі евангельскай і каталіцкай Цэркваў.
У новае выданне Бібліі ўключаныя гэтак званыя другакананічныя кнігі (1-я і 2-я Макавейская, Мудрасці Сіраха, Тобія, Юдзіфі, Варуха). Таксама ў выданні прысутнічаюць «паралельныя месцы» — спасылкі на фрагменты біблійнага тэксту з падобным зместам. Ёсць некалькі каляровых картаў. Варта звярнуць увагу, што другакананічныя кнігі, Кніга Псальмаў і Кніга Ісаі трапілі пад меншую ўвагу рэдактараў, найбольш адпавядаюць арыгінальнаму перакладу аўтара.
Пад значную рэдакцыю трапілі і аўтарскія дыялектызмы. Уладзіслаў Чарняўскі карыстаўся жывою моваю Гарадзеншчыны, напэўна, значны ўплыў аказала і Валожыншчына, дзе рабіўся пераклад і дзе айцец Уладзіслаў пражыў значную частку свайго жыцця. У перакладзе аўтар падае варыянты словаў у дужках, яле яны, нажаль, не былі выкарыстаныя рэдактарамі (аўтар падае ў некаторых выпадках некалькі словаў на выбар), рэдактары не заўсёды абіралі аўтарскую адметную лексіку, што пазбаўляе пераклад індывідуальнасці і аўтарскага каларыту. Нажаль выніковы тэкст значна адрозніваецца ад аўтарскага, а выбар лексікі часта не супадае з арыгіналам.
Прывядзём некалькі прыкладаў:
Рукапісы Чарняўскага:
ЦЫТАТА
І зрабіў Бог умацаванне (акругу) і раздзяліў воды, каторыя былі над умацаваннем (акругай) ад тых, каторыя былі пад умацаваннем (акругай). І сталася гэтак. І назваў Бог умацаванне (акругу), (сталяванне, цвярдзіня) — небам. І мінуў вечар і раніца, — другі дзень. Сказаў зноў Бог: «Хай сабяруцца воды, каторыя пад небам у адно месца і хай паявіцца сухмень (суша)». І гэтак сталася. (Роду 1:7-9).
Біблія пад рэдакцыяй:
І зрабіў Бог цвярдыню, і аддзяліў воды, якія былі пад цвярдыняй, ад тых, якія былі над цвярдыняй. І сталася гэтак. І назваў Бог цвярдыню небам. І мінуў вечар, і мінула раніца – дзень другі. Сказаў зноў Бог: « Хай збяруцца воды, якія пад небам, у адно месца, і хай з’явіцца сухмень». І сталася гэтак. (Роду 1:7-9).
І пачала марматаць (шэмраць, наракаць) у пустынi ўся супольнасьць сыноў Ізраэля на Майсея i на Аарона. Сыны Ізраэля казалi iм: «Лепш мы паўмiралi б з рукi Госпада ў зямлi Эгiпецкай, калi сядзелi пры катлах зь мясам, калi мы елi хлеб удосталь (да сыта). Пашто выводзiў нас у гэту пустыню, каб вынiшчыць голадам усю супольнасьць?» Сказаў Госпад Майсею: «Вось жа сашлю Я вам хлеб зь неба ў вiдзе дажджу; хай народ выходзiць i сабiрае кожны дзень паводле патрэбы дзённай. Гэтак хачу iх выпрабаваць, цi будуць паступаць па Маiм закону, цi не.» (Выхаду 16:2-4).
Біблія пад рэдакцыяй:
І пачала наракаць у пустыні ўся супольнасць сыноў Ізраэля на Майсея і на Аарона, і сыны Ізраэля сказалі ім: «Лепш бы мы паўміралі ад рукі Госпада ў зямлі Егіпецкай, калі сядзелі пры гаршках з мясам і калі мы елі хлеб уволю. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасць?» І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я спашлю вам хлеб з неба ў выглядзе дажджу; хай народ выходзіць і збірае тое, чаго на кожны дзень дастаткова, каб Я іх выпрабаваў, ці будуць яны хадзіць паводле Майго запавету, ці не.» (Выхаду 16:2-4).
Памятай, каб дзень суботы (шабат) сьвяткаваў. Не квапся (пажадай) на дом блiжняга свайго. Не хацi жонкi блiжняга свайго, анi слугi, анi служанкi, анi вала, анi асла, анi нiчога, што да яго належыць. (Выхаду 20:8;17).
Біблія пад рэдакцыяй:
Памятай, што дзень суботы ты святкуеш. Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго. Не зажадай дома яго, ані паслугача, ані паслугачкі, ані вала, ані асла, і нічога, што ёсць у яго. (Выхаду 20:8;17).
Вы пазнаіцё сягоньня, чаго не знаюць вашыя дзеці, каторыя ня відзелі караньня Госпада Бога вашага, вялікіх падзей ягоных і дужай рукі і выцягнутага пляча, знакаў даконаў, якіх даканаў Ён ў Эгіпце каралю фараону і ўсёй зямлі ягонай, усяму войску Эгіпецкаму, коням і рыдванам; як пакрылі (нахлынулі на іх) іх воды Чырвонага мора, калі гналіся за вамі. Зьнішчыў іх Госпад, што трывае да сягоньняшняга дня. (Паўторанага Права 11:2-4).
Біблія пад рэдакцыяй:
І вы даведаецеся сёння пра тое, чаго не ведаюць дзеці вашыя, якія не бачылі навукі Госпада, Бога вашага, вялікіх учыненняў Яго, і дужай рукі, і ўзнятага пляча, знакаў і справаў Яго, якія ўчыніў Ён у Егіпце перад фараонам і ўсёй зямлёй яго, і усім войскам егіпецкім, конямі і калясніцамі; якім чынам накрылі іх воды Чырвонага мора, калі гналіся яны за вамі, і знішчыў іх Госпад аж да сённяшняга дня. (Паўторанага Закону 11:2-4).
КАНЕЦ ЦЫТАТЫ
Таксама розныя варыянты аўтар падае адносна біблейскіх імён уласных і геаграфічных назваў, якія таксама трапілі пад рэдактарскае вока. Параўноваючы з рускім Сінадальным перакладам Старога Запавету, можна знайсці некаторыя падабенствы з тэкстам рэдактараў.
Прывядзём некалькі прыкладаў:
Рукапісы Чарняўскага:
ЦЫТАТА
Во сыны Сэіра, Хорыты — жыхары зямлі: Лётан і Собале (Нобаль), Сэбэон (Сібэон), Ана, і Дысон (Дышон), Эсэр і Дысан (Дышан). Гэта князі, плямён Хрыстыты, сыны Сэіра ў зямлі Эдом. Сынамі Лётана былі: Горы (Хоры) і Гэман, сястра ж Лётана — Цімна. Во сыны Сабаля (Побаля): Альван, Манахат, Эбаль, Шэфо і Онам. (Роду 36:20-23).
Біблія пад рэдакцыяй:
Вось сыны Сэіра, Харэя, жыхары зямлі: Лотан і Сабал, і Цыбэон, і Ана, і Дышон, і Эцэр, і Дышан. Гэта князі [з роду] Харэя, сына Сэіра, у зямлі Эдом. Сынамі Лотана былі: Горы і Гемам, а сястра Латана – Тамна. А гэта сыны Сабала: Алван, і Манагат, і Эбал, Сэфо і Анам. (Роду 36:20-23).
Сінадальны пераклад[6]:
Сии сыновья Сеира Хорреянина, жившие в земле той: Лотан, Шовал, Цивеон, Ана, Дишон, Эцер и Дишан. Сии старейшины Хорреев, сынов Сеира, в земле Едома. Сыновья Лотана были: Хори и Геман; а сестра у Лотана: Фамна. Сии сыновья Шовала: Алван, Манахаф, Эвал, Шефо и Онам. (Бытие 36:20-23).
КАНЕЦ ЦЫТАТЫ
Разважаючы над імёнамі ўласнымі і геаграфічнымі назвамі, якія ўжываюць рэдактары ў тэксце выдадзенай Бібліі паўстаюць пэўныя пытанні.
Прывядзём некалькі прыкладаў:
Рукапісы Чарняўскага:
Калі затым нарадзіўся Езус у Бэтлеем у Юдэі, у час (у дні) караля Гэрада, якраз прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім (Мацвей 2:1).
Біблія пад рэдакцыяй[7]:
Калі ж нарадзіўся Ісус у Бэтлехэме Юдэйскім, у дні цара Ірада, вось прыбылі магі з Усходу ў Ерузалім (Мацвей 2:1).
Параўноўваючы з рукапісамі Чарняўскага мы заўважаем значныя адрозненні, якія датычаць у першую чаргу імён уласных і геаграфічных назваў.
Ісус — бяручы пад увагу лацінскі тэкст Новай Вульгаты і перадачай імён уласных і геаграфічных назваў з лацінскай мовы (узятай за прыярытэт рэдактарамі), дзе Ісус варта было б перадаваць як Езус, стае зразумелым, што рэдактары ўлічвалі напісанне ў беларускай мове даўно запазычаных словаў і гістарызмаў. Можна спрачацца аб месцы імя Езус у беларускай мове, але тым ня менш Ісус з’яўляецца нормай літаратурнай мовы і шырока выкарыстоўваецца ў гутарковай мове. Незразумелым з’яўляецца перадача іншых назваў рэдактарамі.
Бэтлехэм — паходзіць з арамейскай мовы, дзе בֵּית (bēth) перакладаецца як «дом», םחֶלָ (lechem) як «хлеб». Вядомы нам Віфліем, ці Бэтлеем з арамейскай мовы азначае «дом хлеба». Ужыванне ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага слова, прыбліжанага да гучання ў арыгінале мае месца толькі ў тым выпадку, калі б не было трывалага засвойвання беларускай мовай Бэтлеему (адсюль Батлейка) і Віфліему згодна са слоўнікавымі нормамі. Можна доўга спрачацца наконт Бэтлеему і Віфлеему, але ўжыты Бэтлехэм цалкам новае слова і яго месца на старонках выдання новай Бібліі без выясненняў і абгрунтавання незразумелае.
Ірад — грэцкае імя Ἡρῴδης, ου, ὁ утворанае ад ἥρως (правадыр, кіраўнік) і εἶδος (выгляд, знешнасць, выява, аблічча, твар). У лацінскім варыянце Новай Вульгаты мы сустракаем імя Herodus, якое запазычана з грэцкай мовы з захаваннем густога прыдыхання (spiritus asper), якое перадаецца праз h. Улічваючы тэндэнцыю перакладчыкаў перадаваць імёны ўласныя і геаграфічныя назвы згодна з лацінскім гучаннем (Новая Вульгата), становіцца незразумелым, чаму ў дадзеным выпадку рэдактары выкарыстоўваюць форму Ірад, а не напрыклад гістарызм Гэрад.
Ерузалім — практычна даслоўная транскрыпцыя з лацінскай мовы, хоць у Новай Вульгаце мы сустракаем Hierosolymа — Геразаліма. םִיְרוּשָׁלַ (Yerušalaim) бліжэй да арыгіналу гучыць як Ерушалаім (Ерушалайм). Чаму рэдактары не прыбеглі да транскрыпцыі з арыгінальнай мовы гэтага слова як у выпадку з Бэтлехэм пытанне застаецца адкрытым.
Пытанне застаецца і наконт мэтазгоднасці ўстаўкі рэдактарамі дапаўненняў (у квадратных дужках) згодна з г.зв. «тэкстам большасці». Бізантыйскі тып тэксту («тэкстам большасці», альбо эклезіятычны тэкст) - гэта змяшаны тэкст, які імаверна паўстаў у выніку выпраўленняў рэдактара ці групы рэдактараў у IV ст. і быў затым прывезены ў Канстантынопаль, адкуль распаўсюдзіўся па ўсёй Бізантыйскай імперыі, з’яўляецца паўнейшым выпраўленым варыянтам тэксту часоў Апосталаў. Гэты тэкст выкарыстоўваўся ў перакладзе рускай Сінадальнай Бібліі, але выклікае заўсёды дыскусію ў біблістаў. Яго прысутнасць у перакладзе Чарняўскага не мае месца і сэнсу, калі толькі не апраўдаць яго наяўнасць жаданнем наблізіць тэкст да рускага Сінадальнага перакладу.
Прывядзём некалькі прыкладаў:
Біблія пад рэдакцыяй:
І не спазнаваў Яе, аж пакуль Яна нарадзіла Сына [Свайго Першароднага], і назваў імя яго Ісус (Мацвей 1:25).
Новая Вульгата[8]:
Et non cognoscebat eam, donec peperit filium, et vocavit nomen eius Iesum.
Біблія пад рэдакцыяй:
І не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. [Бо Тваё ёсць Валадарства, і сіла, і слава ў векі векаў] (Мацвей 6:13).
Новая Вульгата:
Et ne inducas nos in tentationem, sed libera nos a Malo.
Біблія пад рэдакцыяй:
«Гэты народ [набліжаецца да Мяне вуснамі сваімі і] шануе Мяне языком,але сэрца іх далёка ад Мяне; (Мацвей 15:8)
Новая Вульгата:
«Populus hic labiis me honorat, cor autem eorum longe est a me;
Біблія пад рэдакцыяй:
Так будуць апошнія першымі, а першыя апошнімі [,бо многа пакліканых, але мала абраных] (Мацвей 20:16)
Новая Вульгата:
Sic erunt novissimi primi, et primi novissimi
Біблія пад рэдакцыяй:
Але Ісус, адказваючы, сказаў ёй: «Не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, які Я піць буду [, ці хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся]?» Яны кажуць Яму: «Можам». (Мацвей 20:22)
Новая Вульгата:
Respondens autem Iesus dixit: «Nescitis quid petatis. Potestis bibere calicem, quem ego bibiturus sum?» Dicunt ei: «Possumus».
Такім чынам, усе пададзеныя прыклады не адпавядацюць ні тэксту рукапісаў Чарняўскага, ні Новай Вульгаце, з якой нібы гэты тэкст звераны.
Пераклад айца Чарняўскага ў яго рукапісным арыгінале — намнога больш просты і прыбліжаны да сучаснай гутарковай мовы. Шкада, што ён выдадзены з такімі значнымі рэдактарскімі ўмяшальніцтвамі і папраўкамі, што знішчае цалкам арыгінальны і самабытны тэкст аўтара. Можна шмат спрачацца, што да адпаведнасці арыгіналу, ставіць пад пытанне польскі і рускія пераклады, якім таксама карыстаўся Чарняўскі і іх месца і ўплыў у канчатковай працы, але тым ня менш першапачатковыя тэксты перакладу айца Чарняўскага (лісты машынапісу) застаюцца найбольш зразумелымі і блізкімі да сучаснай беларускай мовы. Шкада, што тэкст аўтара з яго дыялектызмамі і пошукамі біблійнай лексікі апушчаны і зменены.
Хацелася б, каб выдадзеная ў 2012 г. поўная Біблія айца Уладзіслава Чарняўскага стала своеасаблівай кропкай у лексічных, тэрміналагічных, стылістычных пошуках ХХ ст., моўных традыцыях (лацінскіх і грэцкіх супрацьстаяннях), арфаграфіі, правапісу і г.д., вынікі якіх толькі парадзілі большыя спрэчкі і не сталі нарматыўнымі для беларусаў усіх канфесій. Гэта азначаць, што нейкі перыяд у беларускай біблістыцы завяршыўся, што ўтвораны поўны, хоць і з хібамі фундамент для далейшай працы, даць магчымасць поўнага аналізу і пошукаў згоды і кампрамісу будучым перакладчыкам з навуковым падыходам, якія будуць працаваць з арыгінальнымі мовамі Бібліі, абапірацца на сучасныя дасягненні і даследаванні ў галіне біблістыкі.
Вельмі хацелася б, каб пераклад Чарняўскага быў выдадзены, як помнік чалавеку, яго ахвярнай працы на ніве беларушчыны і ўзбагачэння духоўнасці нацыі з меншымі зменамі рэдактараў, з асаблівасцямі мовы айца Уладзіслава, — гэтага не сталася.
Выкананая вялікая і складаная праца рэдактараў (пры ўсёй павазе да аўтарытэтаў і іх ахвярнай працы над тэкстам Бібліі) пазбаўляе Біблію Чарняўскага аўтарскага духу і натхнення. Застаецца пажадаць, каб гэтае выданне ў пэўным сэнсе зачыніла ХХ ст. беларускай біблістыкі, як час пошукаў, спрэчак, перакладаў з перакладаў і расчыніла новыя далягляды, надала мэты і кірункі новым працам, выкананым згодна з нормамі і патрабаваннямі сучаснай біблістыкі і з арыгінальных тэкстаў, на якіх была напісана Біблія. Так хочацца сказаць, што выданне поўнай Бібліі айца Уладзіслава Чарняўскага — гэта падзея, гэта Біблія, якая зачыніла стагоддзе, каб яго расчыніць новым аўтарытэтным перакладам.
[1] «Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове» (Інтэрвію з пробашчам Вішнеўскага касьцёла айцом Уладзіславам Чарняўскім) // Хрысьціянская думка. 1993, № 3; 2. Успаміны Ў.Чарняўскага / Памяць: Валожынскі раён. - Менск, 1996.
[2] Пераклад Бібліі на лацінскую мову святым Геранімам у 345—420 гг. Пераклад, які заваяваў Еўропу, з’яўляецца аўтарытэтным у Каталіцкай Царкве.
[3] Пераклад кніг Святога Пісання на рускую мову, здзейснены на працягу XIX ст. і падцверджаны Сінодам; першы і адзіны рускі пераклад, апрабаваны і дазволены Праваслаўнай Царквой.
[4] Пераклад выкананы на польскую мову езуітам Якубам Вуйкам у ХVI ст. Пераклад быў здзейснены на аснове Вульгаты святога Гераніма, заставаўся аўтарытэтным да з’яўлення новага перакладу Бібліі тысячагоддзя ў 1965 г.
[5] Біблія тысячагоддзя — польскі пераклад Бібліі з арыгінальных моў, ініцыяваны тунецкім бенедыктынскім абацтвам з Кракава, выдадзены ў 1965 г. Гэта быў першы пераклад усёй Бібліі на польскую мову за апошнія 350 гадоў. Біблія тысячагоддзя мае пяць асноўных версій. Першае выданне крытыкавалі за непаслядоўнасць і памылкі ў перакладзе. У 1971 г. было зробленае другое выданне, у якім большасць памылак былі выпраўленыя. У перыяд паміж 1980 і 1999 гг. была ізноў перавыдадзена ў новых рэдакцыях.
[6] Тут і далей: Библия. Книги Священного Писания Ветхого и Нового Завета. Брюссель: «Жизнь с Богом», 1973. 2357 с.
[7] Тут і далей: Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь. 2012. 1120 с.
Категории статьи:
Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: