Сурыновіч - Практычная транскрыпцыя са старажытнагрэцкай мовы

а. Сяргей Сурыновіч
Тэолагам і перакладчыкам Бібліі на беларускую мову.

 

а. Сяргей Сурыновіч - Практычная транскрыпцыя імён уласных і геаграфічных назваў са старажытнагрэцкай мовы

 
Транскрыпцыя грэцкіх імёнаў уласных і геаграфічных назваў у айчыннай навуковай, гістарычнай і мастацкай літаратуры мае хаатычны выгляд і не рэгулюецца цвёрдымі нормамі. Незалежна ад крыніцы паходжання тэкстаў – ці гэта грэцкі арыгінал, ці іншы сучасны ці старажытны фрагмент, у якім сустракаюцца антычныя назвы, – перакладчыкі ў афіцыйных выданнях часта звяртаюцца да існуючых варыянтаў нашых суседзяў альбо наважваюцца на самастойнае ўтварэнне ўласных варыянтаў.
 
Навукоўцам і перакладчыкам, лектарам і педагогам, рэдактарам і карэктарам даводзіцца сутыкацца з цяжкасцямі, самастойна вырашаць пытанні адносна таго, як адаптуецца тое ці іншае імя альбо гістарычны тэрмін у дачыненні ледзь ці не да кожнага асобнага выпадку.
 
У розных выданнях на адной і той жа мове можна сустрэць розныя варыянты напісання адной і той жа назвы: Цэзар і Кесар, Зеўс і Зевес, ці нават Дзэўс, Гермес і Эрмій, Лівія і Лібія, Басфор і Баспор. Назву вострава Κρήτη мы перадаем як Крыт, a Λῆμνος – як Лемнас, а не Лімн. У слове Афіны (Ἀθῆναι) грэцкая “эта” (η) перадаецца як -і, а ў аналагічным выпадку ў слове Мікэны (Μικῆναι) – як -э. Два варыянты транскрыпцыі характэрныя і для грэцкіх дыфтонгаў: -ει як -эй і -і, -αι як -ай і -э, -οι як -ой і -э: Ποσειδών Пасейдон, Χείρων Хірон і інш.
 
Грэцызмы траплялі ў старажытнабеларускую літаратурную мову пераважна праз пераклады навуковай і рэлігійнай грэцкай літаратуры, а таксама ў выніку вывучэння грэцкай мовы ў брацкіх школах. Грэцкай мовай добра валодалі і маглі карыстацца арыгіналамі адукаваныя людзі Вялікага Княства Літоўскага – Ф. Скарына, Л. Зізаній, С. Будны. У Беларусі перакладаліся шматлікія грэцкія творы, многія друкаваліся: Евангелле вучыцельнае (Еўе, 1616), Бяседы Макарыя (Вільня, 1627), Гісторыя пра Варлаама і Іасаафа (Куцейна, 1637). Часта ў беларускіх тэкстах ужываліся грэцкія прыказкі і афарызмы, словы, часам славянскія прозвішчы замяняліся грэцкімі адпаведнікамі (Зізаній – куколь, Філялет – праўдалюбец). Усё гэта садзейнічала замацаванню грэцызмаў у старабеларускай літаратурнай мове, іх фанетычнаму, марфалагічнаму і семантычнаму засваенню[1].
 
Пісьмовы шлях пранікнення грэцызмаў у старабеларускую мову дазваляў захоўваць спецыфічны кніжны характар запазычанняў, іх фанетычна-граматычнае аблічча. Адсюль наяўнасць спалучэнняў дзвюх галосных (теология, геометрия, диалокгъ), неўласцівых народным гаворкам гукаў (омекга, ортокграфия, сфера, альфа, апокрыфъ, нафта), пачатковага е- (епиграмма, етимонъ), захаванне падвоенага напісання зычных (аллигория, епиграмма), спалучэнняў -кг, -кс (лексисъ), варыянты алябастръ – алавастръ (як адлюстраванне рознага развіцця старагрэцкага гука -β), катэхизисъ – катэхисисъ (у выніку адлюстравання рознага развіцця старагрэцкага гука -σ) і інш[2].
 
Калі ў старабеларускай мове можна прасачыць шлях пранікнення грэцызмаў непасрэдна з грэцкай мовы (хоць засвоеныя царкоўнаславянскай мовай грэцызмы таксама значна паўплывалі на кшталты засваення), то ў сучаснаю літаратурную мову грэцызмы часта трапляюць праз пераклады з моваў, дзе яны ўжо засвоеныя (часцей за ўсё з рускай, польскай і інш. моваў). Падобнае пранікненне ў сучасную беларускую мову абумоўлівае варыянтыўнасці напісання. Па кшталту засваення можна вылучыць наступныя пункты:
 
Безальтэрнатыўнага засваення: атлет (ἀθλητής), атэізм (ἄθεος), бактэрыя (βακτήριον), Біблія (βιβλία), біялогія (βιολογία), матэматыка (μᾰθημᾰτικά), тэалогія (θεολογία) і інш.
 
Двоіснага засваення: арфаграфія – артаграфія (ὀρθογραφία), Афіны – Атэны, Базыль – Васіль (Βασίλειος), Лібія – Лівія (Λιβὺη) і інш.
 
Асаблівую ўвагу варта звярнуць на разнастайнасць кшталтаў транскрыпцыі ў біблійных перакладах на беларускую мову. Узгадаем некаторыя выданні перакладаў Бібліі і паасобных біблійных кнігаў у ХХ стагоддзі.
Першым выданнем 1922 года[3], якое ўключала біблійныя ўрыўкі, стала Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki у трох тамах ксяндза Ідэльфонса Бобіча[4]. Займаўся перакладамі ў гэты ж час таксама Вацлаў Ластоўскі[5], але поўны пераклад усіх кніг Новага Запавету і адной са Старога Запавету (Псалмоў) пабачыў свет толькі у 1931 годзе[6].
 
Пераклад здзейснілі Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч[7].
 
Практычна адначасова пабачылі свет выданні: Божае Слова: Лекцыі, Эванэліі і прамовы на нядзелі і сьвяты[8] ксяндза Адама Станкевіча[9] 1938 годзе і Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага[10] ў 1939 годзе.
 
Паасобныя кнігі Бібліі пераклалі Вітаўт Тумаш, а. Леў Гарошка, Леанід Галяк. У 1954 годзе выдадзеныя Sviataja Evanelija i Apostalskija dziei[11], а затым у 1974 годзе Listy śviatyh apostalaŭ[12] і ў 2008 годзе Лісты Апостала Паўла да Тыматэя[13] ксяндзом Пётрам Татарыновічам.
 
Ян Пятроўскі, пачынаючы з 1959 года, перакладае і выдае паасобныя кнігі Старога Запавету: Кніга Руты, Кніга прарока Еэля, Кніга прарока Ёны[14], Генезіс[15], Кніга Эклезіяста, або прапаведніка[16], у 1991 годзе пабачыла свет Эванэлія паводля св. Яна[17]. Пераклады Евангелляў здзяйсняе, пачынаючы ад 1960 года, Міхась Міцкевіч. Перакладамі паасобных псалмоў у гэты час займаюцца мітрапаліт Мікалай Мацукевіч, Вацлаў Пануцэвіч і ксёндз Язэп Германовіч.
У 1970 годзе выдадзены Новы Запавет у перакладзе Янкі Станкевіча, а ў 1973 годзе – поўная Біблія ў перакладзе з габрэйскай і грэцкай моваў у супрацоўніцтве з Майсеем Гітліным[18].
 
З 1970 года распачынае працу над сваім перакладам кс. Уладзіслаў Чарняўскі, вынік якой – выданні паасобных кніг Старога Запавету і двух выданняў Новага Запавету, завяршыўся выданнем Біблейскім Таварыствам поўнай Бібліі[19] ў 2012 годзе.
Мітрапаліт Андрэй Крыт у 1978–1979 гадах займаецца перакладам паасобных псалмоў, а мітрапаліт Мікалай Мацукевіч выдае ў 1988 годзе Напрастольнае святое Евангелле[20], у 1992–1995 годзе Парэміі: збор 285 парэмій, якія чытаюцца на багаслужбах[21] з выбранымі тэкстамі Старога Запавету і Багаслужбовы Апостал у 1998 годзе.
 
Айцец Аляксандр Надсан у перыяд з 1970 па 2011 здзейсняе пераклады некаторых кніг Старога і Новага Запавету[22]: Ёны, Псалмоў Давідавых, Апосталаў, Евангельскіх тэкстаў, Пракіменаў, 9 песняў Святога Пісання.
У часопісе Спадчына з 1989 па 1992 гады былі апублікаваныя чатыры Евангеллі ў перакладзе Анатоля Клышкі. Цалкам Новы Запавет[23] Анатоля Клышкі выдадзены ў 2014 г.
 
Песня Песняў[24] Старога Запавету ў перакладзе Васіля Сёмухі пабачыла свет у 1990 годзе. На працягу наступных гадоў здзяйсняліся яе перавыданні – у 1995 годзе выданне Новага Запавету і Псалмоў[25], а ў 2002 годзе была выдадзеная поўная Біблія[26].
 
Біблейская Камісія пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата распачала сваю перакладніцкую дзейнасць у 1991 годзе[27], дзякуючы чаму свет пабачылі паасобныя пераклады: Святое Евангелле паводле Мацвея[28], Марка[29], Лукі[30], Іаана[31], Евангеллі[32], Дзеі Апосталаў[33], Саборныя Пасланні Святых Апосталаў, Пасланне да Рымлян Апостала Паўла, 1-е Пасланне да Карынфян Апостала Паўла.
 
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, якая дзейнічае з 1992 года, прадставіла электронную версію кніг Новага Запавету (20 кнігаў, папаўняецца), Лекцыянарыі, у 2012 годзе выдадзенае Святое Евангелле[34].
 
Перакладамі кнігі Псалмоў і песняў Бібліі ў перыяд з 1993 па 2002 год займаліся а. Сяргей Горбік і а. Сергій Гардун. У электроннай версіі даступны пераклад поўнай кнігі Псалмоў Міхаіла Астапчыка.
 
Працоўная група, пад кіраўніцтвам кс. Уладзіслава Завальнюка, у 1997 годзе[35], а затым у 2007 годзе[36] выдала пераклад Евангелляў. У 2010 годзе быў выдадзены пераклад Эрнста Сабілы – Сяргея Малахава Евангелля апостала Яна[37].
 

Падсумоўваючы, пералічым наяўныя варыянты перакладаў:

 
Тры варыянты перакладаў кніг Старога і Новага Запавету (Янка Станкевіч, Васіль Сёмуха, Уладзіслаў Чарняўскі);
Пяць варыянтаў перакладу поўнага Новага Запавету (вышэйзгаданыя аўтары, а таксама Лукаш Дзекуць-Малей, Анатоль Клышка);
Тры варыянты (два з якіх будуць скончаныя ў бліжэйшым часе) з недахопам у некалькі кніг Новага Запавету: Пётр Татарыновіч (адсутнічае кніга Апакаліпсіса), секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, Біблейская Камісія пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата;
Дванаццаць перакладаў чатырох Евангелляў (вышэйзгаданыя аўтары, секцыі і камісіі, а таксама Вінцэнт Гадлеўскі, Міхась Міцкевіч, Мікалай Мацукевіч, Уладзіслаў Завалюнюк);
Трынаццаць варыянтаў Евангелля Яна (вышэйзгаданыя аўтары, секцыі і камісіі, а таксама Ян Пятроўскі, Эрнст Сабіла – Сяргей Малахаў);
Дзевяць варыянтаў Дзеяў Апосталаў (Лукаш Дзекуць-Малей, Вінцэнт Гадлеўскі, Пётр Татарыновіч, Янка Станкевіч, Васіль Сёмуха, Уладзіслаў Чарняўскі, Анатоль Клышка, секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, Біблейская Камісія пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхата).
 
Да гэтага пераліку дадаюцца аўтары, якія перакладалі паасобныя часткі кніг і кнігі Новага і Старога Запавету: Адам Лісоўскі, Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты), Вацлаў Ластоўскі, Адам Станкевіч, Вітаўт Тумаш, Леў Гарошка, Леанід Галяк, Вацлаў Пануцэвіч, Язэп Германовіч (Вінцук Адважны), Андрэй Крыт, Аляксандар Надсан, Аляксей Мельнікаў, Сяргей Горбік, Сергій Гардун, Яўген Карпук, Міхаіл Астапчык.
 
Такім чынам, налічваецца каля шаснаццаці аўтарскіх варыянтаў, якія, з аднаго боку, з’яўляюцца каштоўнай спадчынай беларускай біблістыкі, з іншага, калі ўзяць пад увагу мноства формаў і варыянтаў, выкарыстаных у аўтарскіх перакладах імёнаў уласных і геаграфічных назваў, – сваеасаблівай бабілонскай вежай. Імёны ўласныя і геаграфічныя назвы ў іх, часцей за ўсё, запазычаныя з рускай ці польскай моваў.
 
Таксама перакладчыкі наважваюцца на ўтварэнне аўтарскіх варыянтаў: Ἀβιά, ὁ (’ăḇîyāh, H29): Ава, Абій, Авія, Абія, Авія; Ἂἰθίοψ, -οπος, ὁ (Αἰθίοψ, G128): Ефіопляні́н, Эфіоп, Этыёп, Этыопец; Δανιήλ, ὁ (dānî’êl, H1840): Данель, Даніла, Данііл, Даніэль, Даніель, Даніла. Толькі нязначная частка імёнаў уласных і геаграфічных назваў замацавалася як агульная для ўсіх перакладчыкаў ХХ стагоддзя, напрыклад Δαυίδ, ὁ(ḏāwiḏ, H1732) Давід.
 
Гэтая праца, якая паўстала ў выніку аналізу ўсіх варыянтаў назваў, што зафіксаваныя ў выданнях перакладаў Бібліі і паасобных біблійных кнігаў у ХХ стагоддзі, а таксама навуковай і мастацкай літаратуры, з’яўляецца спробай унармавання імён уласных і геаграфічных назваў Новага Запавету.

 

І. Спосаб перадавання зычных і галосных літар пры транскрыпцыі назваў Новага Запавету

 
– Spiritus asper (густое прыдыханне) не перадаецца;
– спалучэнні зычных з галоснымі адбываюцца наступным чынам:
 
(ἄλφα)
(ἒψιλόν)
(ἦτα)
(ἰῶτα)
-ο
(ὂ μικρόν)
(ὖ ψιλόν)
(ὦ μέγα)
-β (βῆτα)
ба
бе
бэ
бі
бо
бі
бо
-γ (γάμμα)
га
ге
гэ
гі
го
гі
го
-δ (δέλτα)
да
дэ
дэ
ды
до
ды
до
-ζ (ζῆτα)
за
зе
зэ
зі
зо
зі
зо
-θ (θῆτα)
та
тэ
тэ
ты
то
ты
то
-κ (κάππα)
ка
ке
кэ
кі
ко
кі
ко
-λ (λάμδα)
ла
ле
лэ
лі
ло
лі
ло
-μ (μῦ)
ма
ме
мэ
мі
мо
мі
мо
-ν (νῦ)
на
не
нэ
ні
но
ні
но
-ξ (ξεῖ)
кса
ксе
ксэ
ксі
ксо
ксі
ксо
-π (πεῖ)
па
пе
пэ
пі
по
пі
по
-ρ (ῥῶ)
ра
рэ
рэ
ры
ро
ры
ро
-σ (σίγμα)
са
се
сэ
сі
со
сі
со
-τ (ταῦ)
та
тэ
тэ
ты
то
ты
то
-φ (φεῖ)
фа
фе
фэ
фі
фо
фі
фо
-χ (χεῖ)
ха
хе
хэ
хі
хо
хі
хо
-ψ (ψεῖ)
са (пса)
се (псе)
сэ (псэ)
сі (псі)
со (псо)
сі (псі)
со (псо);
 
– наступныя спалучэнні зычных -γγ, -γκ, -γχ, перадаюцца як -нг, -нк, -нх;
– падвоеныя зычныя -ββ перадаюцца як -б; -δδ як -д; -κκ як -к; -λλ як -л; -μμ як -м; -ππ як -п; -ρρ як -р; -σσ як -с; -ττ як -т.
 
Дыфтонгі і спалучэнні галосных
 
-αι як -е пася зычных -δ, -θ, -ρ, -τ як -э ў сярэдзіне слова;
-αυ як -аў; перад галоснай як -ав;
-ευ перад зычнай як -эў; перад галоснай -эв;
-ϊ, -ί пасля галосных як -і;
-ου як -у, пасля галоснай як -ву;
-ει як -і;
-ια; -ιε; -ιη; -ιο; -ιω (-υω); -ιου пасля зычных як -ія; -іе; -іе; -іё; -іё (-іё); -ію;
– ια-; ιε-; ιη-; ιο-; ιω- (υω-); ιου- на пачатку слова як -Я; -Е; -І; -Ё; -Ё; -Ю;
-ιε; -ιο; -ιω у першым складзе перад націскам як -я);
– перадаюцца ўстаўныя галосныя.

 

ІІ. Варыянты перадачы канчаткаў назваў Новага Запавету

 
1. Назвы, якія належаць да І-га скланення
 
1.1. Канчатак ж. р. у Nom. sing. -α (Gen. sing. -ας) перадаецца як -а (пасля галоснай як -я), націск з -ι перад канчаткам пераносіцца на папярэдні склад (выключэнне G[38]3137 Μαρία, -ας, ἡ Мары́я).
Прыклады: G688 Ἀραβία, -ας, ἡ Ара́бія, G978 Βιθυνία, -ας, ἡ Біты́нія, G1053 Γαλατία, -ας, ἡ Гала́тыя, G1149 Δαλματία, -ας, ἡ Далма́тыя, G2096 Εὕα, -ας, ἡ Э́ва, G2449 Ἰουδαία, -ας, ἡ Юдэ́я, G2482 Ἰταλία, -ας, ἡ Іта́лія, G2587 Καππαδοκία, -ας, ἡ Кападо́кія, G3070 Λυδία, -ας, ἡ Лі́дыя, G3109 Μακεδονία, -ας, ἡ Македонія, G3318 Μεσοποταμία, -ας, ἡ Месапата́мія, G3564 Νύμφα, -ας, ἡ Нíмфа, G4099 Πισιδία, -ας, ἡ Пісі́дыя, G4479 Ῥεβέκκα, -ας, ἡ Рэбе́ка, G4540 Σαμάρεια, -ας, ἡ Самáрыя, G5435 Φρυγία, -ας, ἡ Фры́гія.
 
1.2. Канчатакі ж. р. у Nom. sing. -α, -η (Gen. sing. -ης) перадаюцца як -а (пасля галоснай як -я), націск з канчатку -η пераносіцца на папярэдні склад.
Прыклады: G1048 Γάζα, -ης, ἡ Гáза, G1191 Δέρβη, -ης, ἡ Дэ́рба, G2582 Κανδάκη, -ης, ἡ Кандáка, G2957 Κυρήνη, -ης, ἡ Кірэ́на, G3412 Μιτυλήνη, -ης, ἡ Мітыле́на, G4498 Ῥόδη, -ης, ἡ Рода, G4551 Σάπφιρα, -ης, ἡ Сáпфіра, G5173 Τρυφῶσα, -ης, ἡ Трыфоса, G5403 Φοινίκη, -ης, ἡ Фе́ніка.
 
1.3. Канчатак м. р. у Nom. sing. -α(ς) (Gen. sing. -α) перадаецца як -а (пасля галоснай як -я), націск з канчатку пераносіцца на папярэдні склад, націск з -ι перад канчаткам таксама пераносіцца на папярэдні склад (выключэнне G3323 Μεσσίας, -ου, ὁ Месíя).
Прыклады: G67 Ἀγρίππας, -α, ὁ Агры́па, G912 Βαραββᾶς, -ᾶ, ὁ Бара́ба, G1214 Δημᾶς, -ᾶ, ὁ Дэ́ма, G1889 Ἐπαφρᾶς, -ᾶ, ὁ Эпа́фра, G2333 Θευδᾶς, -ᾶ, ὁ Тэ́ўда, G2495 Ἰωνᾶς, -ᾶ, ὁ Ёна, G2832 Κλωπᾶς, -ᾶ, ὁ Клопа, G3065 Λουκᾶς, -ᾶ, ὁ Лукá, G3604 Ὀζίας, -ου, ὁ Озія, G3774 Οὐρίας, -ου, ὁ У́рыя, G3937 Παρμενᾶς, -ᾶ, ὁ Парме́на, G4609 Σιλᾶς, -ᾶ, ὁ Сі́ла.
 
1.4. Канчаткі м. р. у Nom. sing. -ς, -ης (Gen. sing. -ου) не перадаюцца, -ης пад націскам перадаецца.
Прыклады: G2166 Εὐφράτης, -οῦ, ὁ Эўфрáт, G2387 Ἰαμβρῆς, -οῦ, ὁ Ямбрэ́с, G2446 Ἰορδάνης, -ου, ὁ Ярдáн, G4658 Σκύθης, -ου, ὁ Скіт.
 

Вытворныя

 
1.5. Вытворныя ад назваў І-га скланення творацца праз даданне да вылучанай асновы канчатку -я́нін (выключэнне: G1052, G3094).
Прыклады: G2475 Ἰσραηλίτης, -ου, ὁ ізраэліця́нін, G2953 Κύπριος -α -ον кіпрыя́нін, G3536 Νινευίτης, -ου, ὁ ніневіця́нін, G4541 Σαμαρίτης, -ου, ὁ самарыця́нін.
 

2. Назвы, якія належаць да ІІ-га скланення

 
2.1. Канчатак м. р. у Nom. sing. -ος (Gen. sing. -ου) пасля зычнай не перадаецца, пасля галоснай перадаецца як –й; канчатак -οῦς перадаецца як -ус, -ως перадаецца як -ос.
Прыклады: G13 Ἄγαβος, -ου, ὁ Aга́б, G625 Ἀπολλῶς, -ῶ, ὁ Апалос, G924 Βαρτιμαῖος, -ου, ὁ Бартыме́й, G1354 Διονύσιος, -ου, ὁ Дыянícій, G1666 Ἐλισαῖος, -ου, ὁ Елісéй, G2195 Ζακχαῖος, -ου, ὁ Закхе́й, G2321 Θεόφιλος, -ου, ὁ Тэофіл, G2459 Ἰοῦστος, -ου, ὁ Юст, G2591 Κάρπος, -ου, ὁ Карп, G2976 Λάζαρος, -ου, ὁ Лáзар, G3138 Μάρκος, -ου, ὁ Марк, G3682 Ὀνήσιμος, -ου, ὁ Анэ́сім, G4402 Πρόχορος, -ου, ὁ Прохар, G4504 Ῥοῦφος, -ου, ὁ Руф, G4569 Σαῦλος, -ου, ὁ Саўл, G5090 Τιμαῖος, -ου, ὁ Тыме́й, G5211 Ὑμέναιος, -ου, ὁ Іме́ней, G5347 Φῆστος, -ου, ὁ Фэст.
 
2.2. Канчатак ж. р. -ος, Gen. -ου: -ος пасля зычнай не перадаецца (у беларускай мове назва набывае м. р.), -ος пасля галоснай -я.
Прыклады: G2181 Ἔφεσος, -ου, ἡ Э́фес, G2954 Κύπρος, -ου, ἡ Кіпр, G3399 Μίλητος, -ου, ἡ Мíлет, G3974 Πάφος, -ου, ἡ Паф, G4499 Ῥόδος, -ου, ἡ Род, G5184 Τύρος, -ου, ἡ Тыр, G5502а Χίος, -ου, ἡ Хі́я.
 
2.3. Канчатак н. р. -ον, Gen. -ου: пасля зычнай перадаецца як –он (у беларускай мове назва набывае м. р.), пасля галоснай як –ія (у беларускай мове назва набывае ж. р.).
Прыклады: G2430 Ἰκόνιον, -ου, τό Іконія, G2437 Ἰλλυρικόν, -οῦ, τό Ілірыкон, G4484 Ῥήγιον, -ου, τό Рэ́гія, G5175 Τρωγύλλιον, -ου, τό Трагілія.
 

Вытворныя

 
2.4. Вытворныя ад назваў 2-га скланення творацца наступным чынам:
– калі назва ў Nom. sing. заканчваецца на -αῖος – праз замену на -ей (Δερβαῖος -α -ον дэрбе́й, Κυρηναῖος, -ου, ὁ кірэне́й, Χαλδαῖος, -ου, ὁ халдэ́й);
– калі назва ў Nom. sing. заканчваецца на -ιαῖος – праз замену на -я́нін (G117 Ἀθηναῖος, -α, -ον атэня́нін, G961 Βεροιαῖος, -α, -ον берая́нін);
– калі назва ў Nom. sing. заканчваецца на -ιος – праз замену на -я́нін (Κύπριος -α -ον кіпрыя́нін, Κορίνθιος, -ου, ὁ карынтыя́нін, Τύριος, -ου, ὁ тырыя́нін);
– калі назва ў Nom. sing. заканчваецца на зычную, праз даданне да асновы канчатку -ец з пераносам націску на папярэдні склад, пасля зычных -δ, -θ, -ρ, -τ як -ы́ец (Ἀσιανός, -οῦ, ὁ асія́нец, Μῆδος, -ου, ὁ мэды́ец, Σύρος, -ου, ὁ сіры́ец).
 

3. Назвы, якія належаць да ІІІ-га скланення

 
3.1. Назвы м. р. і ж. р. з асновай, якая выдзяляецца ў Gen. sing. з канчаткам -ος у м. р. перадаецца з нулявым канчаткам, у ж.р. з канчаткам -а.
Прыклады: G494 Ἀντιπατρίς, -ίδος, ἡ Антыпатры́да, G735 Ἄρτεμις, -ιδος, ἡ Артэмі́да, G897 Βαβυλών, -ῶνος, ὁ Бабіло́н, G1058 Γαλλίων, -ωνος, ὁ Галіён, G1152 Δάμαρις, -ιδος, ἡ Дамары́да, G1671 Ἑλλάς, -άδος, ἡ Элáда, G2266 Ἡρῳδιάς, -άδος, ἡ Ірадыя́да, G2500 Ἰωσῆς, -ῆτος, ὁ Ясэ́т, G3090 Λωΐς, -ΐδος, ἡ Лаíда, G4069 Περσίς, -ίδος, ἡ Персíда, G4529 Σαλαμίς, -ῖνος, ἡ Саламíна, G5085 Τιβεριάς, -άδος, ἡ Тыбэрыя́да, G5405 Φοῖνιξ, -ικος, ὁ Фе́нік.
 
3.2. Назвы м. р., Gen. -ους, -εως перадаюцца з нулявым канчаткам.
Прыклады: G1361 Διοτρέφης, -ους, ὁ Дыятрэ́ф, G2061 Ἑρμογένης, -ους, ὁ Эрмаге́н, G4720 Στάχυς, -υος, ὁ Стах, G4988 Σωσθένης, -ους, ὁ Састэ́н.
 
3.3. Складаныя назвы ж. р., калі другую частку назвы складае –πολις, то перадаецца не пад націскам як -паль (у беларускай мове назва набывае м. р.).
Прыклады: G295 Ἀμφίπολις, -εως, ἡ Амфíпаль, G1179 Δεκάπολις, -εως, ἡ Дэкáпаль, G2404 Ἱεράπολις, -εως, ἡ Ярáпаль, G3496 Νεάπολις, -εως, ἡ Неа́паль, G3533 Νικόπολις, -εως, ἡ Ніко́паль.
 
3.4. Назвы нерэгулярнага скланення перадаюцца цалкам (G2203 Ζεύς, Διός, ὁ Зеўс, G2211 Ζηνᾶς, -ᾶ, ὁ Зянон*[39], G2424 Ἰησοῦς, ὁ Ісýс, G3017 Λευί, ὁ Ле́ві, G3069 Λύδδα, ἡ Лíда).
 

Нескланяльныя назвы

 
3.5. Нескланяльныя назвы перадаюцца цалкам, калі назва заканчваецца на галосную пад націскам, то націск пераносіцца на папярэдні склад, калі назва заканчваецца на -ήλ, то перадаецца як -э́ль (G2 Ἀαρών, ὁ Аарон, G920 Βαριωνᾶ, ὁ Барыёна, G1059 Γαμαλιήλ, ὁ Гамаліэ́ль), нескланяльныя назвы, аснова якіх заканчваецца на -ώ, набываюць канчатак -он (G2410 Ἰεριχώ, ἡ Ерыхон, G5328 Φαραώ, ὁ фараон), назвы жаночага роду з асновай на галосную набываюць канчатак -я (G3535 Νινευΐ, ἡ Ніневíя), нескланяльныя назвы, аснова якіх заканчваецца на -ε, набываюць канчатак -й (G3575 Νῶε, ὁ Ной).
 

Вытворныя

 
3.6. Вытворныя ад назваў 3-га скланення творацца наступным чынам:
– ад асновы, якая выдзяляецца ў Gen. sing. без канчатку -ος (G128 Αἰθίοψ, -οπος, ὁ этыёп, G690 Ἄραψ, -αβος, ὁ араб);
– ад назвы ж.р. у Nom. sing. праз замену канчатка -ις на -а́нка (G4542 Σαμαρῖτις, -ιδος, ἡ самарыта́нка)
– ад асновы, якая ў Gen. sing. мае канчатак -ητός, праз замену канчатку -ος на -я́нін (G2912 Κρής, -ητός, ὁ крыця́нін*);
– ад асновы, якая ў Gen. sing. мае канчатак -έως, праз замену яго на -і́ец (G491 Ἀντιοχεύς, -έως, ὁ антыяхі́ец, G2331 Θεσσαλονικεύς);
– ад асновы, якая ў Gen. sing. мае канчатак -όνος, праз замену -ος на -ец (G3110 Μακεδών, -όνος, ὁ македонец).
 

Заключэнне

 
За матэрыял для аналізу ў дадзенай працы бяруцца ўласныя назвы выключна з Новага Запавету. Кожнай уласнай назве папярэднічае нумарыцыя Джэймса Стронга. Назвы, якія паходзяць з семіцкіх і старажытнагрэцкай моваў перадаюцца згодна дадзеных правілаў.
 
У сучаснага перакладчыка ўзнікае цяжкасць з транскрыбаваннем таго ці іншага імя ці гістарычнага тэрміна ў дачыненні ледзь ці не да кожнага асобнага выпадку. Неўрэгуляванасць транскрыпцыі надзвычай абцяжарвае і запавольвае працу пры карыстанні бібліяграфічнымі даведнікамі, каталогамі, энцыклапедыямі, гістарычнымі картамі і г.д. Прысутнасць шматлікіх варыянтаў імёнаў уласных і геаграфічных назваў (адрозных згодна з канфесійнымі традыцыямі, аўтарскімі пошукамі і неўнармаванымі афіцыйнымі варыянтамі) у біблійных перакладах не спрыяе стварэнню адзінага Святога Пісання, якое задаволіла б усіх зацікаўленых. Хочацца спадзявацца, што дадзеная праца спрычыніцца да ўнармавання імён уласных і геаграфічных назваў у беларускай мове, стане метадалагічным дапаможнікам для перакладчыкаў Святога Пісання.
 
Siarhei Surynovich
 

Practical Belarusian transcription of proper names and place names from the Greek language

 
Existing transcriptions of Greek proper and place names used in Belarusian scientific, historical, and fiction literature are quite unsystematic and not regulated by any commonly accepted norms. Regardless of a source of origin of the texts, which contain ancient Biblical names, translators of official publications often use our neighbours’ variants, usually Russian or Polish, or try to create their own transcriptions of these names. Lack of appropriate standards complicates and slows down efforts of Belarusian Biblical translators. This work is an attempt to normalise Scriptural Greek terminology in the Belarusian language.

 

Практическая транскрипция имен собственных и географических названий с древнегреческого языка

 
Транскрипция греческих имен собственных и географических названий в отечественной научной, исторической и художественной литературе имеет достаточно хаотический вид и не регулируется твердыми нормами. Независимо от источника происхождения текста, в которых встречаются античные названия, – переводчики официальных изданий часто обращаются к нашим соседям или осмеливаются на самостоятельное образование собственных вариантов. Отсутствие норм адаптации усложняет и замедляет работу переводчиков Библии. Данная работа является попыткой нормализации методологии перевода на белорусский язык греческих названий, встречающихся в Святом Писании.
 
а. Сяргей Сурыновіч
Дактарант біблістыкі,
Варшава, універсітэт Кардынала Стэфана Вышынскага.
 
 

[1] Параўн.: І. Бубновіч, Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю, Гродна 2000, с. 18.
[2] Ibidem, с. 18–19.
[3] Параўн.: А. Адамковіч, Святар і пісьменнік, “Наша вера” 1999, 2 (8).
[4] А. Аўдзяюк, Бібліяграфія перакладаў Бібліі на беларускую мову, “Наша слова” 2011, №№ 46–47.
[5] Цар Саламон. Песьні-песьняў, “Крывіч” 1926, № 1.
[6] Параўн.: Д. Ясько, Новы Запавет у беларускай мове, “Бацькаўшчына” 1949, № 4, с. 3.
[7] Л. Дзекуць-Малей, Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста. Псальмы, Гельсінкфорс 1931.
[8] Ad. Stankievič, Božaje słova: lekcyi, Evanelii i pramovy na niadzieli i sviaty, Lvoŭ–Vilnia 1938.
[9] Параўн.: Л. Луцкевіч, Г. Войцік, Адам Станкевіч, Вільня 2002.
[10] V. Hadleuski, Čatyry Evangelii i Apostalskija Dzei, Wilnia 1939.
[11] P. Tatarynovič, Sviataja Evanelija i Apostalskija dziei, Rym 1954.
[12] P. Tatarynovič, Listy śviatyh apostalaŭ, Rym 1954.
[13] П. Татарыновіч, Лісты Апостала Паўла да Тыматэя, Полацак 2008.
[14] Я. Пятроўскі, Сьвятое Пісьмо. КНІГІ СТАРОГА ЗАПАВЕТУ. Кніжыца І. Кніга Руты, Кніга прарока Еэля, Кніга прарока Ёны, Нью Ёрк 1959.
[15] Я. Пятроўскі, Генезіс, Гэйнсвіле 1984.
[16] Я. Пятроўскі, Кніга Эклізіяста, або прапаведніка, Гэйнсвіле 1987.
[17] Я. Пятроўскі, Паводля сьв. Яна Эвангеле Госпада нашага Ісуса Хрыста, Менск–Лёндан–Нью Ёрк 1991.
[18] Я. Станкевіч, М. Гітлін, Сьвятая Бібля: Кнігі сьвятога пісьма Старога й Новага закону, Нью Ёрк 1973.
[19] Ул. Чарняўскі, Біблія. Кнігі Святога пісання Старога й Новага Запаветаў, Мінск 2012.
[20] М. Мацукевіч, Багаслужбовы Апостал, Таронта (Антарыё, Канада), БАПЦ 1998.
[21] М. Мацукевіч, Парэміі :збор 285 парэмій, якіячытаюцца на багаслужбах, Таронта 1993.
[22] Выбраныя тэксты Старога і Новага Запаветаў, “Божым шляхам” 1970–2004.
[23] А. Клышка, Новы запавет, Мінск 2014.
[24] В. Сёмуха, Біблія: Найвышэйшая песня Саламонава, Мінск 1990.
[25] В. Сёмуха, Новы Запавет. Псалтыр, Мінск 1995.
[26] В. Сёмуха, Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету, Duncanville 2002.
[27]Т. Матрунчык, Да 20-годдзя ўтварэння Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, “Царкоўнае Слова” 2009, №52, с. 4–6.
[28] Евангелие Господа нашего Иисуса Христа (от Матфея), Біблейская Камісія, Минск 1991.
[29] Святое Евангелле паводле Марка, Біблейская Камісія, Мінск 1999.
[30] Святое Евангелле паводле Лукі, Біблейская Камісія, Мінск 2003.
[31] Святое Евангелле паводле Іаана, Біблейская Камісія, Мінск 2005.
[32] СвяшчэннаеЕвангелле, Біблейская Камісія, Мінск, 2007.
[33] Дзеянні Сьвятых Апосталаў, Біблейская Камісія, Мінск 2010.
[34] Святое Евангелле, Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў, Про Хрысто, Мінск 2012.
[35] Ул. Завальнюк, Евангельле, Мінск 1997.
[36] Ул. Завальнюк, Евангельле, Мінск 2007.
[37] Сьвятое Эвангельлепаводле Яана, Беларуская Эвангельская Царква, Менск 2010.
[38] Лацінскай літарай G пазначаная нумарацыя Джэймса Стронга.
[39] Зорачкай пазначаны выключэнні з правілаў транскрыпцыі.

 

Категории статьи: 

Оцените статью: от 1 балла до 10 баллов: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (5 votes)
Аватар пользователя surynovic