Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі

Уладзімір Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі
Колькі гадоў Полацку? Нядаўна споўнілася 1145, скажаце вы. Але пытанне зусім не такое простае, як здаецца. Летапісы ўпершыню згадваюць Полацк пад 862 годам, ад якога гісторыкі і вядуць адлік узросту бацькі беларускіх гарадоў. Тым самым годам пазначаны першы запіс летапісца пра Кіеў. Значыцца, у 1987-м абодва гарады-патрыярхі сустрэлі сваё афіцыйнае 1125-годдзе.
 
Палачане без вялікага розгаласу адсвяткавалі не надта круглыя ўгодкі, а вось Кіеў разам з усёй Украінаю ўрачыста адзначаў… пятнаццаць стагоддзяў сваёй гісторыі.
 
Не спяшайцеся абурацца самаўпраўствам паўднёвых суседзяў. Раскопкі паказалі, што на месцы сучаснай украінскай сталіцы людзі сапраўды жылі ўжо паўтары тысячы гадоў таму. Мы ж, беларусы, зноў засведчылі нашую празмерную сціпласць, бо мелі такія самыя падставы святкаваць 1500-годдзе Полацка.
 
На Верхнім замку археолагі знайшлі кераміку, вырабленую не пазней за V стагоддзе. Да таго ж часу адносіцца і згадка ісландскай «Сагі аб Дытрыку Бернскім» пра аблогу Полацка войскамі готаў якія былі хаўруснікамі славутага правадыра гунаў Атылы. Таму на будучых полацкіх юбілеях будзем мець на розуме, што насамрэч горад прынамсі на чатыры стагоддзі старэйшы.
А цяпер зазірнём у мінуўшчыну яшчэ глыбей.
 
Прыкладна за семсот гадоў да нашай эры бронзавы век на землях будучага Полацкага княства змяніўся на жалезны. У тую эпоху тут жылі балцкія плямёны. Паўтара тысячагоддзя таму, у часы Вялікага перасялення народаў сюды прыйшло з захаду магутнае славянскае племя крывічоў, што рассялілася ў вярхоўях Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі. Крывічы, што аселі вакол ракі Палаты і заснавалі названы па ёй горад, атрымалі найменне «палачане». (Доктар гістарычных навук Георгі Штыхаў лічыць, што «палачане» – назва жыхароў Полацкага княства, іначай кажучы, не этнонім, а палітонім.)
 
Апошнім часам пераважае меркаванне, што «крывічы» – гэта агульная назва вялікага саюза плямёнаў куды апрача полацкіх уваходзілі крывічы смаленскія і ізборскія. Звернем увагу на тое, што найстаражытнейшыя летапісы падзяляюць славян на дзве вялікія групы: у адных назва мае суфіксы «ан – ян» (паляне, дзераўляне, севяране, бужане), у другіх— «іч» (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, люцічы). Летапісы паведамляюць, што назвы радзімічаў і вяцічаў паходзяць ад уласных імён князёў – Радзіма і Вяткі. Дрыгавічы мелі Драгавіта (Дрыгавіта), люцічы – Люта. Падобная аснова, найверагодней, закладзеная і ў назве крывічоў Іх родапачынальнікам або князем мог быць Крыў, імя якога перайшло пазней на цэлае аб’яднанне плямёнаў.
 
Ад крывічоў ідзе радавод беларускага народа, пачынаецца гісторыя нашай дзяржаўнасці і культуры. Беларускі гісторык, аўтар кнігі «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч, прааналізаваўшы першакрыніцы, археалагічныя, лінгвістычныя ды іншыя дадзеныя, прыйшоў да высновы: «Крывічы побач з дрыгавічамі адыгралі першаступенную ролю ў фармаванні беларускага народа. Яны, бясспрэчна, былі самым шматлікім усходнеславянскім племем. Пра гэта сведчыць тая вялікая прастора, на якой яны рассяліліся, а менавіта: ад верхняга (а магчыма, і сярэдняга) Панямоння да Кастрамскога Паволжа, ад Пскоўскага возера да верхняга Сожа і Дзясны». М. Ермаловіч падтрымаў і развіў гіпотэзу, упершыню прапанаваную ў 1920-я гады выдатным дзеячам беларускага адраджэння, пакутнікам нацыянальнай ідэі Вацлавам Ластоўскім. Паводле яго, да стварэння Полацкага княства існавала Вялікая Крывія – ад Заходняй Бярэзіны да ракі Дзітвы на поўдні і да Віліі на поўначы, уключаючы мясціны, дзе пазней выраслі Крэва і Вільня і дзе сканцэнтраваныя крывіцкія тапонімы.
 
Бясспрэчнае лідэрства крывічоў і іх нашчадкаў у нашай гісторыі сталася падставаю ўзнікнення полацка-крывіцкай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. В. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі і мастацкай інтуіцыі. Філосаф Уладзімір Конан дасціпна заўважыў, што ідэя Вялікай Крывіі як архетыпу беларускай дзяржавы, культуры і мовы «прасвечваецца» ўжо праз назвы выдаванага Ластоўскім часопіса «Крывіч», а таксама яго славутых кніг «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
 
У прадмовах да сваіх «Сялянскіх песняў з-над Нёмна і Дзвіны» называў наш народ крывічамі, а мову і паэзію крывіцкай Ян Чачот. Яго пяру належаць працы «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі», «Слоўнік крывіцкіх выразаў». Крывічамі лічылі сябе выдатны беларускі фалькларыст і лексіколаг Іван Насовіч (яго ўпершыню выдадзены ў 1870 годзе «Слоўнік беларускай мовы» павінен, на маю думку, мець на сваёй паліцы кожны наш літаратар) і маладзейшы сучаснік Насовіча Вайніслаў Казімір Савіч-Заблоцкі, болып вядомы па псеўданімах Гаўрыла Полацкі і Граф Суліма з Белай Русі.
 
У сённяшнім беларускім друку можна сустрэць цалкам сур’ёзныя прапановы назваць беларусаў крывічамі, а Беларусь перайменаваць у Крывію. Аднак будзем памятаць, што пэўнасці на гэты конт не меў нават сам Вацлаў Ластоўскі. У 1926 годзе ён пісаў: «Крывія, Русь, Літва – патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць Hamae нацыянальнае «я»… Адыходзіць удаль, але не замірае імя «Крывія», «Крывічы»… Недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшэньня, напаўмістычнае імя «Крывія», якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчаюшчым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу».
 

Уладзімір Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі

У. А. Арлоў — «Электронная книгарня», 2015
ISBN 978-985-15-0288-8
 

Уладзімір Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі - Змест

  • Прызнанне ў любові
  • Унукі Белабога
  • Ад Рагвалода да Брачыслава
  • Час Чарадзея
  • Асветніца з роду Усяслава
  • Смерць князя Валодшы
  • Новая дзяржава
  • У гасподзе Падуанскай
  • Полацкая вайна
  • Крывавае стагоддзе
  • Муж дабраверны, царкве i дзяржаве патрэбны
  • Каранаваны забойца
  • За Дзвіною – іншая краіна
  • Дзень нараджэння Напалеона
  • Alma Mater Polocensis
  • Кадэцкі корпус
  • Старонкі правінцыйнага рамана
  • Травень, 1910
  • Сто датаў полацкай мінуўшчыны

Уладзімір Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі - Крывавае стагоддзе

 
Пасля вызвалення Полацк апынуўся ўжо ў іншай дзяржаве, што з’явілася на еўрапейскай карце ў 1569 годзе. Тады адбылася Люблінская унія: Польскае каралеўства (яго часта называлі проста Карона) аб’ядналася з Вялікім Княствам Літоўскім у федэрацыю пад назваю Рэч Паспалітая.
 
Кожная з дзвюх частак Рэчы Паспалітай жыве па сваіх законах, у кожнай сваё войска, свае грошы, межы і мытная служба. Дзяржаўных моваў таксама дзве: у Кароне – лаціна, у нас па-ранейшаму, яшчэ болып за стагоддзе, – старабеларуская. Вядомы нам Статут 1588 года ўсюды падкрэслівае суверэнітэт Княства, не дазваляе палякам займаць тут пасады і набываць зямлю. Княства мае сваё кіраўніцтва, галоўнай асобаю якога застаецца вялікі князь, што ўладарыць з удзелам рады і сойма. Праўда, князь гэты ад Люблінскай уніі адначасова быў і польскім каралём, прычым пасля смерці Жыгімонта Аўгуста перадача трона ў спадчыну скончылася, і манарха выбіраў агульнадзяржаўны сойм.
 
Нягледзячы на захаванне вялікае самастойнасці, над Літвой-Беларуссю падзьмуў новы вецер. Для палачанаў першым яго павевам стала запрашэнне Батурам у горад манахаўезуі-таў і шчодрае надзяленне іх маёмасцю.
 
Паводле рэвізіі 1580 года, у месце і ў яго блізкім наваколлі былі: «Церковь светого Софеи в замку соборная, манастыр светого Спаса, который заведывала игуменя Полоцкая; манастыр светого Ивана Предтечы на острове; манастыр светого Петра в замку; манастыр Мошоноцкии Воскресения Христова в замку; церков дворная светого Николы в замку; церков другая святого Николы в замку на Полупете; манастыр светых Кузьмы и Демяна в месте; церков Рожества Христова в месте, наданье панов Корсаков, земян полоцких; церков светого Дмитрыя в замку; манастыр светого Юря в полй за местом, наданье панов Зеновичов Корсаков; церков Вознесенья Христова в месте; церков Благовещене светого в месте; церков светого Василья в месте; манастыр светых Борыса и Глеба на Белчыцы, наданье земян полоцких панов Корсаков всих; манастыр Городецкий светого Михайла; манастыр светого Николы Лученских; церков светое Пятницы в месте, наданье от давных часов мещан полоцких». Землі і маёнткі большасці гэтых манастыроў і храмаў (за выняткам кафедральнага Сафійскага сабора) атрымалі езуіты.
 
У Рэчы Паспалітай Полацкае ваяводства мела сцяг чырвонага колеру з «Пагоняй» на белым полі. Перад адкрыццём агульнадзяржаўнага сойма, што адбываўся папераменна то ў Горадні, то ў Варшаве, у Полацку праходзіў ваяводскі сойм, дзе выбіралі сваіх паслоў-дэпутатаў У выпадку вайны ў горад збіралася з паветаў рушэнне.
 
Сцяпан Батура загадаў адбудаваць Верхні замак, выселіўшы адтуль усіх цывільных жыхароў Гандлёва-рамесная частка горада пакрысе «пераязджала» з Запалоцця на ранейшае месца, дзе аднаўляўся Вялікі пасад. Апрача клопатаў пра абарону месца, вялікі князь навекі вызваліў палачанаў ад абавязку кожны год плаціць дзяржаве дзвесце коп літоўскіх грошаў за магдэбургскае самакіраванне. Полацк атрымаў права на два штогадовыя тыднёвыя кірмашы, дзе гандлявалі, не плацячы мыта. Дзякуючы адмысловаму Батураваму прывілею жыхары маглі мець уласныя лазні, а дзеля прыезджых кароль загадаў пабудаваць грамадскую «мыйню», прыбытак ад якой ішоў на патрэбы магістрата.
 
Продкаў чакалі і іншыя змены. Напрыклад, перавод са старога юліянскага на грыгарыянскі каляндар, паводле якога ўжо жыла ўся Еўропа. (У Расіі гэта будзе зроблена толькі праз тры стагоддзі з гакам.) Палачане ж спрадвеку вылучаліся самапавагай і прыхільнасцю да старых парадкаў ды традыцый і ў дамовах з першымі вялікімі літоўскімі князямі, як мы памятаем, ставілі абавязковае патрабаванне «не ўводзіць навіны».

 

Категории: 

Благодарю сайт за публикацию: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (3 votes)
Аватар пользователя esxatos