Смалянчук - Раман Скірмунт - жыццяпіс грамадзяніна Краю

С книгами, рекламируемыми на сайте, можно лично ознакомитьсявступив в клуб Эсхатос, или оформив заявку по целевой программе.
Аляксандр Смалянчук - Раман Скірмунт (1868–1939) - жыццяпіс грамадзяніна Краю
Рамана Скірмунта забівалі двойчы. 7 кастрычніка 1939 г. колішні дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі (1906), кіраўнік Беларускага Нацыянальнага Камітэта (1917) і палітык Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), сябра Канстытуцыйнай камісіі Сената міжваеннай Польшчы (1930–1935) быў забіты мясцовымі «актывістамі савецкай улады» ва ўрочышчы «Корань» паблізу вёскі Парэчча на Піншчыне. Забойства было адным з наступстваў г. зв. «вызвалення Заходняй Беларусі ад польскіх паноў».

Пазней тыя гісторыкі, якія абслугоўвалі камуністычную ўладу, паспрабавалі забіць і памяць пра гэтага чалавека. Менавіта іх намаганнямі Раман Скірмунт у беларускай савецкай гістарыяграфіі ператварыўся ў сімвал «панскага прыгнёту» над беларускім народам.

Вяртанне з нябыту пачалося толькі ў 1990-я гг. У старым парку в. Парэчча з’явіўся памятны крыж, а беларускія гісторыкі, абапіраючыся на гістарычныя дакументы, паспрабавалі распавесці пра жыццё і дзейнасць палітыка і грамадскага дзеяча Рамана Скірмунта. Характэрнае для першых гадоў існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь імкненне пазбыцца згаданага савецкага «сімвалізму» і адрадзіць гісторыяпісанне як навуковую дысцыпліну стварыла шанс вяртання ў прастору памяці не толькі постаці Рамана Скірмунта, але і тысячы іншых асоб, выкрасленых з айчыннай гісторыі савецкімі цэнзарамі.
 

Аляксандр Смалянчук - Раман Скірмунт (1868–1939) - жыццяпіс грамадзяніна Краю

Смалянчук Аляксандр Фёдаравіч. — Мінск : Выдавец Зміцер Колас, 2018.— 700 с.
ISBN 978-985-23-0016-2
 

Аляксандр Смалянчук - Раман Скірмунт (1868–1939) - жыццяпіс грамадзяніна Краю - Змест

Прадмова
«Смерць, дзе тваё джала?!»
                Забойства ў Парэччы
                «Скірмунт» як вобраз прыгнятальніка
                Вяртанне з нябыту
Род і Радзіма
                Легенда Скірмунтаў
                Карані «Дуба»
                Крона «Дуба»
                «Ліверпуль на Ясельдзе»
Грамадзянін Краю
                Краёвасць паводле Рамана Скірмунта
                Думскі перыяд
                Краёвая партыя Літвы і Белай Русі
                Паміж Менскам, Парэччам і Пецярбургам
                Вайна
                Польская супольнасць Менска
«Беларускі дзеяч з вялікіх паноў…»
                Беларускі выбар
                На чале беларускага руху
                У апазіцыі да сацыялістаў
                У «другім эшалоне»
                Рэвалюцыя і яе «нарады»
                Перамога бальшавікоў
                Усебеларускі з’езд
Пад знакам «Пагоні»
                Вызваленне ад бальшавікоў
                Першыя крокі да незалежнасці
                Раман Скірмунт у Радзе БНР
                «Дваяўраднасьць»
                Раман Скірмунт і «нямецкі напрамак» дыпламатыі БНР
                «Страшэнна не хватае Рамана Скірмунта»
Паміж Парэччам і Варшавай
                «Польскі напрамак»: надзеі і расчараванні
                Доўгая дарога дадому
                Супраць Рыжскага трактата
                Ізноў «палескі фармат»?
                Вяртанне палітыка і… даследчыка
                У «партыі» Пілсудскага
                Сенатар
                «Мемуары»
                Маёнтак і ягоныя жыхары
                «Наш Скірмунт»
Гісторыя без Скірмунтаў
Post scriptum
Летапіс жыцця і дзейнасці
Імянны паказальнік
 

Аляксандр Смалянчук - Раман Скірмунт (1868–1939) - жыццяпіс грамадзяніна Краю - Забойства ў Парэччы


Мая цікавасць да асобы Рамана Скірмунта першапачаткова была звязана з ягонай палітычнай дзейнасцю. Ва ўмовах дамінавання этнакультурнага нацыяналізму на землях былой Рэчы Паспалітай у пачатку ХХ ст. ён выступіў як адзін з ідэолагаў г. зв. краёвасці.
 
Краёвасць (краёвую ідэю) можна трактаваць як спробу пашырэння канцэпцыі палітычнага або грамадзянскага разумення нацыі.

Мэтаю краёўцаў было захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці гістарычнай Літвы, а таксама ўлагоджванне нацыянальных канфліктаў і сацыяльных супярэчнасцяў.

Дарэчы, імкненне ісці супраць «плыні» было адной з дамінуючых рысаў характару Рамана Скірмунта.

Вобраз палітыка і «краёўца» набыў зусім іншыя фарбы, калі ў 1999 г. я ўпершыню наведаў вёску Парэчча Пінскага раёна, дзе яшчэ ў міжваенны час знаходзіўся маёнтак Скірмунтаў. Мяне цікавілі абставіны ягонай трагічнай смерці. Ужо першыя размовы ў вёсцы паказалі, што Раман Скірмунт з’яўляецца надзвычай важным «месцам памяці» парэчан. Аповед пра «нашага Скірмунта» і «добрага пана» быў (і застаецца!) абавязковым сюжэтам вусных успамінаў старэйшых жыхароў Парэчча. Вось, напрыклад, як прыгадвала яго Соф’я Хвясюк, 1933 г. нар.: Такіх паныв як наш пан, то нігде такей душы, наверное, не було. Очэнь-очэнь буў добры. Сочувствовал каждому бідному, помогал бідным… Тады ж я пачуў, што «пана» забілі не нейкія там «актывісты», а «хуліганы і гулякы».
 
Ужо праз год у Парэччы, а таксама ў навакольных вёсках, у т. л. у Моладаве Іванаўскага раёна, дзе таксама быў маёнтак Скірмунтаў, пад маім кіраўніцтвам працавала першая экспедыцыя па вуснай гісторыі. Яе ўдзельнікамі былі на ву коўцы, мясцовыя краязнаўцы і студэнты з Гародні. Мэтаю быў збор вусных сведчанняў пра Рамана Скірмунта, пра штодзённае жыццё ў маёнтку і блізкіх вёсках у міжваенны час. Асаблівая ўвага надавалася абставінам гібелі Скірмунтаў у Парэччы і Моладаве.

Пра спецыфіку oral history гаворка наперадзе. Зараз адзначу толькі, што ў беларускай гістарыяграфіі і memory study вусная гісторыя з’яўляецца адносна новым накірункам. Яна грунтуецца на выкліканых даследчыкам падчас інтэрв’ю вусных успамінах, якія становяцца гістарычным дакументам і аб’ектам навуковай інтэрпрэтацыі. У беларускай сітуацыі, калі значныя масівы пісьмовых дакументаў не захаваліся, а да іншых доступ часткова абмежаваны або наогул забаронены, вусная гісторыя мае асаблівую каштоўнасць. Пры гэтым трэба разумець, што «факты» памяці рэспандэнтаў належаць не толькі мінуўшчыне, але і сучаснасці.

Зрэшты, суб’ектыўнасць уласцівая кожнай гістарычнай крыніцы, бо ўсе яны так ці інакш створаны чалавекам. Прычым іх аўтары звычайна не мелі магчымасці або не імкнуліся да аб’ектыўнага апісання падзеі ці асобы.
 
Даследаванні вуснай гісторыі 2000–2016 гг. у вёсках Парэчча, Моладава, Табулкі, Чамярын, Рудка, Ахова, Палтаранавічы, Кашавічы, Бакінічы, Юзэфіны, Церабень, Моталь, былое Альбрэхтова ды інш. Пінскага і Іванаўскага раёнаў Берасцейскай вобл. дазволілі аднавіць той вобраз трагічных падзей восені 1939 г. у палескіх маёнтках Скірмунтаў, які захавала памяць нашых рэспандэнтаў (суразмоўцаў). Імі былі пераважна вяскоўцы 1910–1930-х гг. нараджэння. Аповеды «паріцкіх людзей» былі дапоўнены вуснымі ўспамінамі пляменніцы Рамана Скірмунта Вацлавы Нээф, дачкі Тэафілы са Скірмунтаў і Эдварда Корсак-Залескага, запісанымі польскай даследчыцай Зоф’яй Дэрналовіч у Кёнігсфельдзе (Германія) у 1985 г., а таксама ўспамінамі Гераніма Тукальскага-Нелюбовіча з фондаў Асалінэум у Вроцлаве (Польшча).

Што адбылося ў Парэччы з прыходам Чырвонай арміі? Паводле ўспамінаў Вацлавы Нээф і Гераніма Тукальскага-Нелюбовіча, атрымаўшы звесткі пра агрэсію СССР супраць Польшчы, Раман Скірмунт з сястрой Аленай і яе мужам Балясла вам Скірмунтам выехалі з Парэчча ў Пінск. Вечарам 20 верасня 1939 г. у горад увайшлі часткі Чырвонай арміі. У наступныя дні адбыліся масавыя арышты «класава чужога элементу». Былі арыштаваныя таксама Скірмунты. Але ў турме яны прабылі толькі суткі. Пасля допыту і запісу асабістых дадзеных іх, як і боль шасць іншых арыштантаў, выпусцілі на свабоду.

Напрыканцы верасня Раман і Баляслаў Скірмунты вырашылі вярнуцца ў Парэчча. У вёсцы Скірмунта вельмі шанавалі, і, магчыма, ён якраз і разлічваў на дапамогу вяскоўцаў. Тым больш, што ў Пінску ўжо распавядалі як пра факты «стыхійных» забойстваў і расправаў з землеўласнікамі (зямянамі), так і пра эпізоды, калі жыхары палескіх вёсак ратавалі іх ад рэпрэсій з боку новай улады. Праз даверанага чалавека (лакея Олеся) ён перадаў ліст Вацлаве Нээф. Яна жыла ў апусцелай плябаніі ў Парэччы і, дзякуючы мужу, які быў грамадзянінам Германіі, адчувала сябе больш-менш упэўнена. Савецкая ўлада нямецкіх саюзнікаў не крыўдзіла.

 

Категории: 

Благодарность за публикацию: 

Ваша оценка: Нет Average: 10 (1 vote)
Аватар пользователя esxatos