
Калісь нашая Бацькаўшчына, Беларусь, дзялілася на шмат асобных князьстваў. Потым усе беларускія князьствы злучыліся ў вадно Полацкае князьства. Увесь гэты час беларусы мелі вельмі шырокія зносіны з заходнімі эўропэйскімі народамі Балтыцкім морам па Дзьвіне праз Рыгу. Узьбярэжныя літоўскія й фінскія пляменьні ня мелі свае моцнай арганізацыі і не перашкаджалі беларусам мець доступ да Балтыцкага мора. Смаленск, Вітэбск і Полацак былі цэнтрамі гандлю па Балтыцкаму мору. Месты гэтыя шыбка разьвіваліся і багацелі. Як вялікім было тады іх багацьце, відаць хоць-бы з таго, што, напр., места Смаленск у XIII веку давала ў год падаткаў князю 600 тысяч рублёў і ня было жальбаў на велічыню падаткаў.
Ніхто ня будзе спрачацца, што аднэй з прычын разьвіцьця беларусаў у той час быў вольны доступ да Балтыцкага мора. Цягай да Балтыцкага мора тлумачыцца і паўстаньня вялізных беларускіх колоній Пскова і Вялікага Ноўгарада, здэнацыяналізаваных і разьвезеных потым маскоўцамі па Маскоўскаму князьству. Потым усе беларусы разам з ліцьвінамі злучыліся ў адным Літоўска-Веларускім князьстве і ўзноў мелі доступ да Балтыцкага мора. Гэткім парадкам беларусы, як дзеля свайго географічнага палажэньня, так і дзеля сваей цягі эканаміцкай і прамысловай належаць да балтыцкіх народаў. У цяперашні гістарычны час мы павінны асаблівую ўвагу зьвярнуць на наш прыродны кірунак да Балтыцкага мора, бо ад гэтага залежыць разьвіцьцё беларускага народу.
Цяпер паднята думка аб дзяржаўным саюзе Беларусі, Літвы і Балтыкі. Гэтым заняты ня толькі ў нашым краі, але і заграніцай. Цікавіцца гэтым асабліва Амэрыка. Як чуваць, аб гэтым была гутарка амэрыканскага прэзыдэнта Вільсона з дэлегацыяй амэрыканскіх ліцьвіноў, каторая праз Швайцарыю прыехалаў Вільню. Аб гэтым-жа гаварыў амэрыканскі пасол у Бэрліне з беларускай дэлегацыяй. Ёсьць праект утварыць адно фэдэратыўнае гасударства з трыма сэймамі і адным цэнтральным урадам. Кожная з часьцей у сваіх унутраных справах была-б зусім самадзельнай, але была-б зьвязана адным урадам й разам выступала-б у справах агульнагасударственых (вайна і мір, фінансы і г.п.).
Гэткі саюз карысны як для беларусаў і ліцьвіноў, так і для латышоў, бо ўтвораная гэткім спосабам дзяржава будзе вялікай і дужой, каторая будзе магчы разьвіць усе свае прыродныя сілы і патрапіць абараніцца ад сваіх непрыяцеляў. Гасударства-ж з адных ліцьвіноў будзе заўсёды слабым і з часам навет ад невялічкага напору з боку Расеі будзе парухана. Ня можа быць страху, каб адзін народ быў з часам пакрыўджаным другім. Гэтыя тры народы жылі здаўна разам, і ніколі адны адных ня ўціскалі. Апрача гэтага павінен быць зроблены саюз гэтых народаў на роўных асновах, з роўнай лічбай прадстаўнікоў у цэнтральным органе, нягледзячы на тое, што аднаго народу меней, а другога балей. Гэткі парытэтны (на роўных правох) саюз і павінен быць загварантаваны міжнародна.
Станкевіч, Ян - За родную мову й праўдзівы назоў: выбранае
Ян Станкевіч. — 2-е выд. — Смаленск: Інбелкульт, 2013. — 742 с.
ISBN 978-5-9904531-7-3
У гэтым выданьні зьмешчаныя выбраныя працы вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча Яна Станкевіча (1891—1976), якія ў 1910—1970-я гг. друкаваліся на старонках беларускага пэрыядычнага і непэрыядычнага друку як у Беларусі, так і за яе межамі. Друкаваныя працы надзвычай разнастайныя як паводле жанраў, так і паводле тэматыкі.
Категории:
Благодарю сайт за публикацию: